Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выведка Вялікай Брытаніі: пад Бахмутам загінула вялікая колькасьць мабілізаваных расейцаў


Украінскія байцы абараняюць Бахмут, лістапад 2022
Украінскія байцы абараняюць Бахмут, лістапад 2022

Гэта стварыла новыя выклікі для ўлады Расеі ў яе вайне супраць Украіны.

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі заявілі, што пад Бахмутам Данецкай вобласьці загінула вялікая колькасьць мабілізаваных расейцаў у выніку лабавых штурмаў добра ўладкаваных украінскіх абарончых пазыцый.

«Пэўна, Крэмль будзе занепакоены тым, што ўсё большая колькасьць сем'яў рэзэрвістаў гатовыя рызыкаваць арыштам, пратэстуючы супраць умоваў службы іх сваякоў», — мяркуюць у брытанскай выведцы.

Апроч таго, у выведцы паведамілі аб вялікіх стратах непадрыхтаваных мабілізаваных расейцаў у той час, калі ім даручылі капаць траншэі, знаходзячыся пад артылерыйскім абстрэлам пад горадам Сватава ў Луганскай вобласьці.

Расейцы праважаюць сваіх родных на вайну супраць Украіны. Горад Волжскі Валгаградзкай вобласьці, 28 верасьня 2022
Расейцы праважаюць сваіх родных на вайну супраць Украіны. Горад Волжскі Валгаградзкай вобласьці, 28 верасьня 2022

Паводле вайсковай выведкі Вялікай Брытаніі, разгортваньне мабілізаваных суправаджаецца блытанінай, недастатковымі падрыхтоўкай і забесьпячэньнем. Пры гэтым іх абавязваюць выконваць зьнясільваючыя баявыя задачы.

Мабілізацыя ў Расеі пачалася 21 верасьня паводле ўказу прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. 4 лістапада ён заявіў, што на вайну з Украінай мабілізаваны 318 тысяч чалавек.

Фармальна мабілізацыя можа быць завершаная пасьля выхаду спэцыяльнага ўказу прэзыдэнта Расеі. 31 кастрычніка Уладзімір Пуцін заявіў, што яшчэ не падпісваў адпаведнага ўказу і што ня ведае, ці патрэбен ён наагул. Пасьля было заяўлена, што не патрэбен.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG