Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў аб разгортваньні супольнай з Расеяй групоўкі войскаў. У Беларусь прыбудуць тысячы расейскіх салдатаў

абноўлена

Пуцін і Лукашэнка на сустрэчы ў Сочы ў верасьні 2022
Пуцін і Лукашэнка на сустрэчы ў Сочы ў верасьні 2022

Лукашэнка выступіў на нарадзе ў пытаньнях бясьпекі раніцай 10 кастрычніка.

Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што ў Санкт-Пецярбургу пасьля нефармальнага саміту СНД у яго адбылася сустрэча сам-насам з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, піша БелТА.

«У сувязі з абвастрэньнем на заходніх межах саюзнай дзяржавы мы дамовіліся аб разгортваньні рэгіянальнай групоўкі Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Гэта ўсё па нашых дакумэнтах. Калі ўзровень пагрозы дасягае цяперашняга ўзроўню, як зараз, мы пачынаем задзейнічаць групоўку саюзнай дзяржавы.

Аснова этай групоўкі — армія, Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь. Павінен вас інфармаваць, што фармаваньне гэтай групоўкі пачалося. Яно ідзе ўжо, па-мойму, на працягу двух дзён. Аддадзена было маё распараджэньне, каб мы прыступілі да фармаваньня гэтай групоўкі».

Аляксандар Лукашэнка таксама адзначыў, што Расеі зараз не да гэтага канфлікту.

«Яшчэ не хапала другога канфлікту. Вы ведаеце, што ў іх хапае праблем. Таму вы не разьлічвайце на вялікую колькасьць Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі. Але гэта будзе не адна тысяча чалавек. І будзьце гатовыя бліжэйшым часам прыняць гэтых людзей і разьмясьціць там, дзе трэба, па нашым плане. Безь перабору, без нагнятаньня сытуацыі і абстаноўкі», — даручыў Лукашэнка міністру абароны.

Лукашэнка зноў пачаў гаварыць аб імаверным нападзе Ўкраіны.

«Нам трэба вызначыць, што яшчэ трэба зрабіць для ўмацаваньня бясьпекі нашай дзяржавы. З улікам становішча, якое хутка зьмяняецца. Учора ўжо па неафіцыйных каналах нас папярэдзілі аб нанясеньні ўдару па Беларусі з тэрыторыі Ўкраіны».

Раней Лукашэнка ўжо заяўляў пра «чатыры пазыцыі», зь якіх Украіна нібыта рыхтавалася ажыцьцявіць напад на тэрыторыю Беларусі. Гэтым Лукашэнка апраўдваў палёты расейскіх ракет зь беларускай тэрыторыі на пачатку паўнамаштабнай вайны.

«„Мы зробім так, што гэта будзе Крымскі мост – 2“. Мой адказ быў просты: давядзіце прэзыдэнту Ўкраіны і іншым вар’ятам, што Крымскі мост ім здасца кветачкамі, калі яны дакрануцца сваімі бруднымі рукамі хоць да аднаго мэтра нашай тэрыторыі», — цытуе Лукашэнку тэлеграм-канал ягонай прэс-службы «Пул первого».

Увечары 8 кастрычніка амбасадара Ўкраіны ў Менску Ігара Кізіма запрасілі ў МЗС Беларусі, каб уручыць яму дыпляматычную ноту. У ноце беларускі бок сьцьвярджае, што Ўкраіна плянуе напад на тэрыторыю Беларусі.

Украінскае МЗС адрэагавала на такія заявы. Там падкрэсьлілі, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці і назвалі дзеяньні Менску «чарговымі інсінуацыямі рэжыму».

«Мы не выключаем, што ўручэньне дыпляматычнай ноты можа быць часткай пляну РФ па правакацыі і далейшым абвінавачаньні Ўкраіны.

Мы заклікаем беларускі народ не паддавацца на правакацыі. Украіна ніколі не замахвалася на чужыя тэрыторыі. Мы строга прытрымліваемся фундамэнтальных нормаў і прынцыпаў міжнароднага права і Статуту ААН».

Таксама ў Кіеве заклікаюць рэжым Лукашэнкі «перастаць выконваць капрызы Крамля і неадкладна спыніць падтрымку Расеі ў яе агрэсіі супраць Украіны».

Згодна з першай главой Вайсковай дактрыны Саюзнай дзяржавы (прынятай 4 лістапада 2021 году), «рэгіянальная групоўка войскаў (сіл) Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі (далей — РГВ.) — разьмешчаныя ў мірны час або разгорнутыя ў пэрыяд нарастаньня ваеннай пагрозы (пэрыяд непасрэднай пагрозы агрэсіі) у рэгіёне для адбіцьця магчымай агрэсіі органы кіравання і войскі (сілы) Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Ўзброеных Сіл Расейскай Фэдэрацыі, а таксама іншыя вайсковыя фармаваньні бакоў, прымяненьне якіх заплянавана па адзінай задуме і пляне».

РГВ — пэўная аб’яднаная частка войскаў Расеі і Беларусі, што дзейнічае па сумесным пляне, калі небясьпека пагражае абедзьвюм краінам. Яе існаваньне магчымае і ў мірны час. Фармулёўка задзейнічаньня групоўкі гучыць так:

«Адбіцьцё нападу, нанясеньне паразы агрэсару і стварэньне перадумоў для спыненьня ваенных дзеяньняў на ўмовах, якія адпавядаюць інтарэсам дзяржаў-удзельніц».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG