Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Савеце бясьпекі расказалі, як Беларусь удзельнічае ў вайне супраць Ўкраіны, «выконваючы некаторыя функцыі»


Пратэставы плякат. Ілюстрацыйнае фота
Пратэставы плякат. Ілюстрацыйнае фота

Беларусь бярэ ўдзел у «спэцыяльнай апэрацыі» ва Ўкраіне, выконваючы некалькі функцый. Пра гэта на канале «Беларусь-1» заявіў першы намесьнік дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Рэспублікі Беларусь Павал Муравейка.

«Па-першае, мы не дапускаем удару ў сьпіну нашым расейскім братам. Па-другое, мы забясьпечваем стабільнасьць на заходніх межах. Наша групоўка супрацьпаветранай абароны гарантуе бясьпеку паветраных рубяжоў. У нас адкрыты межы для ўцекачоў, для наданьня гэтым людзям прытулку, магчымасьці працаваць, жыць і ўступіць у грамадзянства паводле спрошчанай формы. Гарантаваньне бясьпекі дзяцей, жанчын, аказаньне мэдыцынскай і іншай дапамогі. Усё гэта наш уклад у гэтую спэцапэрацыю для кожнага з бакоў, які ў ёй удзельнічае», — заявіў ён Першаму каналу БТ.

«Мы саюзьнік Расейскай Фэдэрацыі. Мы нароўні з нашымі расейскімі братамі стаім плячо ў плячо і не дапусьцім удараў ім у сьпіну, не дапусьцім нападу на іх. На тэрыторыі Беларусі заўсёды павінен быць мір і парадак, што забясьпечыць у тым ліку спакой у заходніх абласьцях РФ», — падсумаваў Муравейка.

Раней пра тое, што Беларусь бярэ ўдзел у вайне ва Ўкраіне, але «нікога не забівае», заявіў Аляксандар Лукашэнка.

«Што тычыцца нашага ўдзелу ў спэцыяльнай ваеннай апэрацыі ва Ўкраіне, мы ўдзельнічаем там. Мы гэтага не хаваем. Але мы нікога не забіваем. Мы нікуды не пасылаем сваіх вайскоўцаў. Мы не парушаем свае абавязаньні. Наш удзел у тым, каб не дапусьціць пашырэньня гэтага канфлікту на тэрыторыю Беларусі, па-першае. Па-другое, не дапусьціць нанясеньня ўдару па Беларусі пад прыкрыцьцём спэцыяльнай ваеннай апэрацыі з боку Польшчы, Літвы і Латвіі. Як я казаў, у сьпіну расейцам страляць ніхто ня будзе з тэрыторыі Беларусі. Вось наш удзел», — растлумачыў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, удзел заключаецца ў лячэньні і забесьпячэньні харчаваньнем людзей, «і не толькі расейцаў».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG