Пуцін прызначыў камандуючага расейскімі войскамі, якія ваююць ва Ўкраіне. Ён мае ўзнагароду і ад Лукашэнкі

Сяргей Суравікін, 2017 год
Сяргей Суравікін, 2017 год

Генерал Сяргей Суравікін прызначаны камандуючым аб'яднанай групоўкай «у зоне правядзеньня спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», паведаміла Мінабароны РФ 8 кастрычніка.

55-гадовы генэрал Сяргей Суравікін з 2017 году займае пасаду галоўнакамандуючага паветрана-касьмічных сіл РФ. Ён браў удзел ва ўзброеным канфлікце ў Таджыкістане, Другой чачэнскай вайне і ваеннай апэрацыі ў Сырыі.

Па вяртаньні з Сырыі Суравікін атрымаў «Залатую Зорку» Героя Расеі. Уручэньне прайшло ў Крамлі, прычым ён атрымаў узнагароду з рук Уладзіміра Пуціна першым.

Ёсьць у Суравікіна і беларуская ўзнагарода — у сакавіку 2010 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб уручэньні яму ордэна Дружбы народаў — «за значны асабісты ўнёсак ва ўмацаваньне міру, дружалюбных адносінаў і супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Фэдэрацыяй».

З чэрвеня Суравікін камандаваў Паўднёвай групоўкай расейскіх войскаў падчас уварваньня ва Ўкраіну.

Яшчэ на пачатку вайны ён стаў адным з фігурантаў крымінальных спраў, заведзеных Украінай. Паводле генпракурора Ўкраіны Ірыны Венедыктавай, яго абвінавачваюць у «нанясеньні ракетна-бомбавых удараў, у тым ліку па цывільных аб'ектах».

Раней, паводле зьвестак СМІ, групоўкай расейскіх войскаў, як мяркуецца, кіраваў генэрал Аляксандар Дворнікаў.

​
XS
SM
MD
LG