Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гарады закрываюць, каб людзі не маглі выехаць». Як прайшоў першы дзень так званых рэфэрэндумаў на акупаваных тэрыторыях Украіны


Вайсковец так званай «ЛНР» падчас псэўдарэфэрэндуму аб уваходжаньні акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны ў склад РФ
Вайсковец так званай «ЛНР» падчас псэўдарэфэрэндуму аб уваходжаньні акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны ў склад РФ

Так званыя рэфэрэндумы на акупаваных тэрыторыях Украіны не прызнае ня толькі Кіеў, але і міжнародная супольнасьць. Пра гэта заявілі прадстаўнікі дзясяткаў дзяржаў.

Дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк назваў так званыя рэфэрэндумы «прапагандысцкім шоў для z-мабілізацыі». Таксама ў Службе бясьпекі Ўкраіны заявілі, што вызначылі ўсіх, хто браў удзел у так званых рэфэрэндумах як з расейскага боку, так і калябарацыяністаў з украінскага. «Настоящее время» расказвае, як прайшоў першы дзень так званых рэфэрэндумаў на акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыях.

«Паважаныя людзі! Калі ласка! Выязны рэфэрэндум. Выходзьце галасаваць», — так у Данецку шукаюць ахвочых прагаласаваць за далучэньне да Расеі. У дварах стаяць расьцяжкі з надпісамі «Выбарчая камісія гатовая прыняць вашыя галасы проста каля вашага дома».

Акрамя пакватэрнага абходу працуюць і выбарчыя ўчасткі. Але, мяркуючы па гэтых кадрах, людзей там няшмат. У бюлетэні адно пытаньне: «Вы за ўваходжаньне вашага рэгіёну ў склад Расейскай Фэдэрацыі?»

Мінакі гавораць: «Вядома, так. Па-іншаму быць ня можа», «Хочам хутчэй вярнуцца дадому, каб нас забрала Расея пад сваё крыло», «Гэта супэр будзе. Гэта будзе ўжо абарона проста, каб уся Ўкраіна зайшла ў склад Расеі. Вы не ўяўляеце, гэта вялікая абарона будзе».

На фоне статуі Леніна галасаваць ідуць баевікі і ў суседняй акупаванай частцы Луганскай вобласьці. Кіраўнік падкантрольнай Кіеву Луганскай вайскова-цывільнай адміністрацыі Сяргей Гайдай кажа, што інфармацыі пра тое, як праходзіць так званы рэфэрэндум на акупаваных тэрыторыях рэгіёну вельмі мала.

«Інфармацыя даходзіць часткамі, гарады закрываюць, каб людзі не маглі выехаць. Гэта ўжо ў нас інфармацыя ёсьць з Луганшчыны. Людзі, якія прагаласавалі, але супраць далучэньня да Расеі, іх запісваюць у нейкі асобны нататнік», — сказаў Гайдай.

У акупаванай частцы Херсонскай вобласьці таксама працуюць так званыя выязныя камісіі. Але і там ахвочых прагаласаваць — адзінкі. У бюлетэнях адразу некалькі пытаньняў зьведзеныя ў адно: выхад са складу Ўкраіны, утварэньне самастойнай дзяржавы і ўваходжаньне яе на правах суб’екта ў склад Расеі. Пытаньне на дзьвюх мовах — украінскай і рускай. У самім Херсоне адчыніліся і так званыя выбарчыя ўчасткі. Сяргей Хлань — дарадца кіраўніка херсонскай вайскова-цывільнай адміністрацыі кажа, што людзей на такія ўчасткі звозілі:

«Яны на тых участках, дзе здымаюць вось гэтыя прапагандысцкія відэа, яны проста зьвезьлі людзей і зрабілі такое сабе шоў. Але гэта адзін-два ўчасткі. Астатнія стаяць пустыя. Усё, тое што адбываецца на вуліцах і на пакватэрных абходах, то цяпер ужо паведамляюць з усёй акупаванай тэрыторыі, акупаванай Херсоншчыны, што гэта адбываецца ў прысутнасьці вайскоўцаў Расейскай Фэдэрацыі цалкам узброеных».

Украінскі чыноўнік гаворыць: пасьля рэфэрэндуму чакае новай хвалі арыштаў цывільных. Тых, хто прагаласаваў супраць. Або проста — адмовіўся паставіць галачку насупраць слова «так».

У Запарожжа прыяжджаюць тыя, хто стаміўся баяцца і эвакуаваўся з Херсонскай вобласьці.

«Я супраць рэфэрэндуму. Паколькі я лічу, што маё маленькае мястэчка і ўся вобласьць належыць Украіне», — кажа суразмоўца «Настоящего времени».

«Я катэгарычна супраць. Я лічу, што Херсонская вобласьць — гэта тэрыторыя Украіны», — кажа іншы.

Жыхары акупаванай Снягураўкі, суседняй з Херсонскай, Нікалеўскай вобласьці сабраліся на пратэст, каб сказаць так званаму рэфэрэндуму «не»:

«Мы, жыхары Снягураўкі, сёньня сабраліся на акцыю пратэсту супраць правядзеньня рэфэрэндуму ў горадзе Снягураўка і ў сёлах вакол. Снягураўскі край заўсёды быў Украінай. Быў і будзе».

Так званы рэфэрэндум праходзіць у акупаванай частцы Запароскай вобласьці. Мэр Мелітопалю Іван Фёдараў зьвярнуўся да жыхароў гораду з просьбай ігнараваць псэўдарэфэрэндум.

«Удзел у гэтым фэйку — гэта найперш удзел у крывавым пляне ў вайне супраць чалавецтва. Гэта, вядома, і ўдзел у мабілізацыі нашых мужчын, жыхароў гораду Мелітопалю. Вядома, гэта ўзяць на сябе частку адказнасьці за тыя зьверствы, якія „рашысты“ зьдзяйсьняюць у Бучы, Барадзянцы, нядаўна ў Ізюме. І, вядома, самае галоўнае, гэта здрада нашай дзяржавы», — сказаў Фёдараў.

Ва ўсіх акупаваных рэгіёнах так званы рэфэрэндум будзе праходзіць некалькі дзён. Акупацыйныя ўлады гавораць, што вынікі падлічаць за 5 дзён пасьля завяршэньня апытаньня. Ва Ўкраіне ўпэўненыя: насамрэч лічыць ніхто нічога ня будзе. Пра гэта кажа і Тацьцяна Ігнатчанка, прэс-сакратар Данецкай вайскова-цывільнай адміністрацыі.

«Хачу падкрэсьліць: ад людзей на акупаваных тэрыторыях нічога не залежыць. Гэта трэба дакладна разумець нам, і трэба, каб гэта дакладна разумеў увесь сьвет. Усё ўжо напісана ў Крамлі. Мы разумеем, што акупанты створаць такую карцінку, якую пакажуць у сваёй зомбі-скрыні», — сказала яна.

У інтэрвію «Настоящего времени» кіраўнік Запароскай вайсковай адміністрацыі Аляксандар Старух сказаў, што «ў вобласьці няма ніякага рэфэрэндуму». Псэўдагаласаваньне, на яго думку, патрэбна Крамлю, каб правесьці мабілізацыю.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG