Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вашых дзяцей нават не хаваюць». Зяленскі зьвярнуўся да грамадзян Расеі наконт мабілізацыі


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Мабілізацыя ў Расеі — гэта прызнаньне таго, што яе кадравая армія «ня вытрымала і рассыпалася», — такую думку выказаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім звароце ўвечары 22 верасьня.

«А цяпер, у сувязі з мабілізацыяй, вайна Расеі супраць Украіны для большасьці грамадзян Расеі — гэта ня тое, што па тэлевізары, і не ў інтэрнэце, а тое, што ўвайшло ў кожны расейскі дом», — пракамэнтаваў ён.

Зяленскі таксама адзначыў, што намеры Расеі правесьці так званыя рэфэрэндумы на акупаваных тэрыторыях зьяўляюцца фактычнай адмовай ад перамоваў. Пра гэта ён заявіў са спасылкай на пазыцыю Ўкраіны аб тым, што пасьля псэўдарэфэрэндумаў дыпляматычны працэс будзе немагчымы.

Прэзыдэнт Украіны таксама пракамэнтаваў пратэсты супраць мабілізацыі ў Расеі, адзначыўшы, што яны «не масавыя, але ёсьць».

«Мы бачым, што людзі ў Дагестане, у Бураціі, у іншых нацыянальных рэспубліках і рэгіёнах Расеі разумеюць, што іх проста кінулі. Кінулі на сьмерць. Чаму, напрыклад, дагестанцы ці хто-небудзь яшчэ павінны гінуць у Харкаўскай вобласьці ці пад Данецкам? Таму, што адзін чалавек у Расеі так вырашыў», — сказаў Зяленскі, перайшоўшы на расейскую мову.

Зяленскі назваў расейскіх грамадзян «ужо саўдзельнікамі» ваенных злачынстваў расейскай арміі, але дадаў, што для іх «час зрабіць выбар». Са спасылкай на зьвесткі выведкі ён заявіў, што расейскія ўлады рыхтуюцца набраць у войска да мільёна чалавек.

Прэзыдэнт нагадаў, што, паводле зьвестак украінскага камандаваньня, за час агрэсіі супраць Украіны загінулі каля 55 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Каб пазьбегнуць такой жа долі, ён раіў расейцам пратэставаць, уцякаць або здавацца ва ўкраінскі палон.

«Расейскія маці! Не сумнявайцеся, што дзеці „вярхоў“ вашай дзяржавы не апынуцца на вайне супраць Украіны. Тыя, хто прымае рашэньні ў вашай краіне, абараняюць сваіх дзяцей. А вашых дзяцей нават не хаваюць», — сказаў Зяленскі.

Раніцай 21 верасьня Ўладзімір Пуцін абвясьціў у Расеі мабілізацыю. Пазьней расейскі міністар абароны Сяргей Шайгу паведаміў, што плянуецца прызваць 300 тысяч рэзэрвістаў. У той жа час расейскія СМІ паведамляюць, што ў войска могуць прызваць да мільёна чалавек.

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны заявіў, што такое рашэньне не паўплывае на баявую гатоўнасьць Украіны. «Мы зьнішчым усіх, хто прыйдзе на нашу зямлю са зброяй — добраахвотна або па мабілізацыі», — сказаў Залужны.

Акцыі і пікеты супраць мабілізацыі прайшлі ў дзясятках расейскіх гарадоў, паліцыя затрымала больш за 1300 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG