Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністры замежных справаў G7 асудзілі правядзеньне рэфэрэндумаў на акупаваных тэрыторыях Украіны


Кіраўніца МЗС Нямеччыны Аналена Бэрбак.
Кіраўніца МЗС Нямеччыны Аналена Бэрбак.

У сумеснай заяве кіраўнікоў МЗС G7 зьмяшчаецца заклік да ўсіх дзяржаў сьвету не прызнаваць вынікі фіктыўных рэфэрэндумаў ва Ўкраіне, нават калі Расея зможа дабіцца іх правядзеньня.

Пра гэта інфармуе Голас Амэрыкі.

Міністры замежных справаў краін «Вялікай сямёркі» (G7) рэзка асуджаюць намер уладаў Расеі правесьці фіктыўныя «рэфэрэндумы» на сувэрэнных ўкраінскіх тэрыторыях, якія часова трапілі пад кантроль Расейскай Фэдэрацыі з прычыны ўварваньня войскаў РФ ва Ўкраіну. Пра гэта гаворыцца ў сумесным камюніке дзяржаў G7, апублікаваным пасьля сустрэчы іх міністраў у чацьвер у Нью-Ёрку на палях Генэральнай асамблеі ААН.

У камюніке, апублікаваным ад імя Аналены Бэрбак, кіраўніцы МЗС Нямеччыны, якая часова старшынюе цяпер у «Вялікай сямёрцы», сказана, што прадстаўнікі ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Італіі і Японіі, а таксама Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу, які ўдзельнічаў у сустрэчы, падкрэсьлілі, што «ўсе краіны-члены ААН абавязаны ўстрымлівацца ад пагроз або прымяненьня сілы ў адносінах да сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці любой дзяржавы».

Вось чаму, адзначаецца ў сумесным камюніке, «любы рэфэрэндум, праведзены ва ўмовах расейскай вайсковай прысутнасьці, запалохваньня і гвалтоўных дэпартацый, ня можа быць вольным ці справядлівым. Любая анэксія ўкраінскай тэрыторыі будзе зьяўляцца грубым парушэньнем сувэрэнітэту Ўкраіны і Статуту ААН».

У дакумэнце зьмяшчаецца заклік да краін усяго сьвету не прызнаваць вынікі дадзеных «рэфэрэндумаў», калі яны ўсё ж такі будуць праведзены.

«G-7 будзе таксама няўхільна імкнуцца да ажыцьцяўленьня адрасных санкцый і аказаньня паступальнага эканамічнага і палітычнага ціску на Расею... Расея абавязана неадкладна спыніць сваю агрэсію, вывесьці свае войскі і вайсковую тэхніку з Украіны і датрымліваць украінскі сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць у яе міжнародна прызнаных межах. G7 таксама заклікае Расею неадкладна спыніць яе апэрацыі па фільтрацыі цывільных асоб Украіны і іх гвалтоўнай дэпартацыі ў Расею», — гаворыцца ў заяве.

У камюніке таксама гаворыцца аб тым, што краіны «Вялікай сямёркі» вельмі заклапочаныя і маюць намер прыкладаць усе намаганьні да зьніжэньня нэгатыўных наступстваў вайны РФ супраць Украіны для ўсяго астатняга сьвету, у першую чаргу для найбольш безабаронных краін. Сярод гэтых наступстваў названыя харчовая і энэргетычная бясьпека, а таксама інфляцыя і рост дзяржаўнага доўгу многіх краін сьвету.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG