Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маня, колькі ты мяне будзеш ждаць?» Частка 12 новай кнігі Зьмітра Бартосіка «Забіць упалмінзага»


Папкі, Валожынскі раён

Працуючы над тэчкамі Міхася Чарняўскага, я пераслухаў больш за сотню фанаграм у фонавым аддзеле Нацыянальнай бібліятэкі. Ідэя была ў тым, каб у кожнай перадачы на радыё гучала новая песьня. Нішто так не акунае ў эпоху, як песьні. Што праўда, беларускіх песень пра бацьку Сталіна знайсьці не атрымалася. У хрушчоўскія часы змаганьня з культам асобы гэтыя шэдэўры былі схаваныя ад слухачоў у спэцыяльныя фонды.

Было шмат песень пра шчасьлівае калгаснае жыцьцё. Сярод іх нават трапляліся сапраўдныя шэдэўры. Як, напрыклад, „Любы зоры залацістыя“. Аўтарства загадкавага Г. Галавасьцікава. Дзіўна, што больш пра гэтага творцу я нідзе нічога не знайшоў. Няўжо самадзейны аўтар? А яшчэ мяне чакала прыемнае адкрыцьцё ў выглядзе лірычных песень, што пісаліся ў 1950-я і 1960-я гады. Міжволі ўспомніў словы паэта Валянціна Тараса ў адрас паэта Петруся Броўкі, якога да гэтае пары ўспрымаюць як паэтычна-партыйнага трыбуна, глыбока афіцыёзнага вершатворцу. Ён, са словаў Тараса, вымушаны быў сам наступаць сабе на горла. Урэшце, нават партыйны Броўка застанецца жыць, пакуль будуць сьпявацца „Александрына“ і „Пахне чабор“. А тады, у 1950-я, самым сьпяваным паэтам быў Адам Русак. Кампазытар Ісак Любан ствараў геніяльныя шлягеры. Усе ведаюць песьню „Бывайце здаровы“. Дзякуючы сьпеваку Данчыку ў 1990-х гадах атрымала другое дыханьне „Не шукай“. Але была незаслужана забытая „Толькі з табою“. Кампазытар Юры Семяняка склаў „Не за вочы чорныя“, якую можна сьпяваць хоць пад баян, хоць пад сымфанічны аркестар. А на пачатку 1960-х малады, яшчэ нікому не вядомы студэнт Беларускай кансэрваторыі Ігар Лучанок піша выдатны раманс „Дзе ты, зорка мая“. Але калі ўключыць гэтыя песьні і пачаць чытаць крымінальныя справы, дзе галоўнай рухальнай сілай было каханьне і рэўнасьць, узьнікае вельмі дзіўны стэрэаэфэкт. Героі гэтых рамансаў набываюць абліччы, а ў старых песьнях гучаць новыя матывы.

Не шукай ты мяне
Каля жытніх палёў,
Не шукай,
Калі к сэрцу майму
Ты дарог не знайшоў,
Не шукай…

Ёсьць такі распаўсюджаны выраз „шэксьпіраўскія жарсьці“. Маўляў, у п’есах вялікага ангельца пачуцьці амаль нерэальныя сваім напалам. Калі каханьне, дык мацнейшае за страх сьмерці. Калі ўжо подласьць, дык ніжэйшая за пекла. Калі ўжо вернасьць, дык да труны. Калі ўжо падступства, дык такое хітра-вытанчанае, што сам Люцыпар пазайздросьціць. Гэты выраз быццам гаворыць, што такія страсьці-жарсьці засталіся толькі ў Шэксьпіравых п’есах. У нашых прэсных часах і каханьне не такое гарачае, і гераізм не такі бясстрашны, і сьмерць не такая „красная“. Ня кажучы ўжо пра дэкарацыі.

Але варта прачытаць судовую справу Эдмунда Канановіча, 1927 году нараджэньня, жыхара вёскі Папкі, каб адчуць непраўдзівасьць гэтага выразу. Для сапраўднай драмы дэкарацыі ня важныя. Муры Эльсынора толькі фон, як і муры калгаснага кароўніка.

„Кананович Эдмунд признан виновным в том, что он, проживая в деревне Попки, Воложинского района, летом 1948 года имел встречи с участниками вооружённой террористической бандитской группы Чернович и Шидловским. С июля 1949 года, проживая на нелегальном положении, три раза встречался с Чернович, Гедрович и другими у себя дома и, зная о преступных действиях бандитов, их намерениях и местонахождении, не заявил об этом в ограны Советской власти.

Доводы осуждённого Кананович о том, что с бандитами не встречался, являются неосновательными, так как его виновность в этом подтверждается показаниями Почиковского А.К., Почиковской А.К. и показаниями самого осуждённого на предварительном следствии“.

Не кажы ты мне слоў,
Што ня грэюць цяплом,
Не кажы...
Калі сэрца тваё
Не палае агнём,
Не кажы…

Папкі — гэта вёска, што залегла ў нізіне, за невялікім лесам, каля мястэчка Пяршаі. З-за лесу сюды зусім не далятаюць гукі недалёкай горадзенскай аўтамагістралі. Вёска маленькая. Яе адзіная вузенькая вуліца цягнецца ўсяго мэтраў на 400. У адным з дамоў у адчыненым акне я заўважыў паважнага веку гаспадыню. Сівая мажная жанчына аказалася старажылкай вёскі Зьдзіславай Таўгень, у дзявоцтве Більман.

Зьдзіслава Таўгень
Зьдзіслава Таўгень

Я толькі назваў імя Эдмунда Канановіча, як з вакна на мяне паліліся ўспаміны. Я толькі маліўся, каб не сапсаваўся дыктафон і каб гук уключанага тэлевізара ня надта шкодзіў запісу.

— Я пра яго ўсё знаю. Я вам раскажу. Гэта ўсё няпраўда. Ён ня быў бандытам. Ён меў дзевушку. І другі быў... Анатоль Пачыкоўскі, супернік. Ну і Эдмусь па п’янцы нешта, відаць, гаварыў. Што ўсіх камуністаў перавешаю. Але сьвідзецеляў не было, што ён так гаварыў. А той другі камуніст быў. А пачыналася ўсё так. Эдмунд падрабіў дакумэнты. Нас жа абкладалі налогамі. Нада было зярна многа здаваць. І вось ён здаў зярно. І ягоны друг, Шавал з Запрудзьдзя, гаворыць: а давай мы паддзелаем дакумэнты. Недзе там ноль падставілі. Што ён быццам многа здаў. А патом гэта раскрылася. І яго б арыштавалі. Дык ён стаў хавацца. Усё ж хадзілі чуткі — Амэрыка прыйдзе! Такія легенды пасьля вайны. Ну колькі ж можна хавацца. Злавілі. Але ён ня быў у бандытах. Сахрані Бог! Гэта я знаю ад сваёй душы і свайго сэрца. Бо мая сястра за ягоным братам замужам была.

Вось табе і Шэксьпір. Любоўны трыкутнік, у якім падступны камсамолец піша данос на свайго аднавяскоўца, абвінавачваючы суперніка ў сувязях з бандытамі. Гэта значыць, гарантавана выпраўляючы ў ГУЛАГ. А ці былі бандыты?

— Пачыкоўскія Анатоль і Алімпія. Гэта ўсё яны на яго напісалі. Гэта цётка з пляменьнікам. Былі тут бандыты і прыходзілі. Потым яны пагіблі. У Яшкавічах іх разаблачылі. Аснаваў іх нейкі Радзюк зь Сярэдняга сяла. Аснаваў гэту банду. Толькі тады прынімалі, калі заб’е камуніста. А так не прымалі. Камуністаў любілі тут не вясьма. А бандыты тыя і да нас прыходзілі. Мы самі былі галодныя, а яшчэ і ім аддаваць што-небудзь. І сала дай, і хлеба дай. І вось прыйшлі яны да Канановічаў. І выйшлі на двор. І ішоў Алімпіі сын. Мой аднаклясьнік. Убачыў гэтых бандытаў. І тыя хацелі яго забіць. За тое, што ўбачыў. А Эдмунд паручыўся за яго: „Гэта добры хлапец. Ня трэба забіваць“. Страчацца ён зь імі страчаўся, але бандытам сам ня быў. Яго ўгаварвалі, каб забіў камуніста і ішоў да іх.

А вось і шэксьпіраўскае падступства. Лясныя разбойнікі хацелі забіць сына высакароднай Алімпіі як небясьпечнага сьведку. А ад лютай сьмерці таго выратаваў высакародны Эдмунд. Няўдзячная Алімпія адплаціла даносам.

— Як адыходзіў Эдмунд у турму, дык спытаў у сваёй каханай: колькі будзеш чакаць? Яна кажа — пяць гадоў. І не дачакалася. А яго адпусьцілі раней. Бо Сталін жа памёр быў.

Я чуў пра абрабаваныя крамы, пра забітых старшынь сельсаветаў. Але пра галаву камуніста ў якасьці ініцыяцыі чую ўпершыню. Які, к чорту, Шэксьпір? Гэта ўжо нейкі Гамэр!

— Помню, у бацькі, я яшчэ падлёткам была, яны неяк прыйшлі, у кухні акно завесілі. І выпіць ім давалі, і паесьці давалі, і з сабой надаюць. І мама мая была бажэственная! Гаварыла: гэта ж грэх — забіваць чалавека! Дык адзін быў нейкі з-пад Валожына, казаў, што „Знаеце што? Дажэ папа гаварыў, што камуністаў трэба забіваць“. Помню, як гэтыя словы чула ад яго. Але ж потым яны ў Яшкавічах абабралі магазін. І нехта ж нашоўся, даклаў. Прыехала ўся міліцыя з Валожына. Акружылі гэтае гумно, дзе яны спалі. Крычалі ім, каб здаваліся. А потым падпалілі гумно, і яны ўцякалі. Той Гедровіць, які гаварыў, што камуністаў трэба забіваць, адляцеўся. Яму па нагах далі. Яго хацелі жыўём узяць, а ён выняў рэвальвэр і сам сябе забіў. Трох іх там пагібла. І двух былі засталіся яшчэ. Голуб зь Янушкавіч і яшчэ Чараповіч нейкі быў, зь Пяршай. Дзе яны дзеліся? Ня знаю. Недзе іх, відаць, прыстрэлілі.

Гедровіць. А ў справе яго запісалі як Гедровіча. Ліхі быў атаман!

— Гедровіць... Красівы такі быў! У шчылінку паглядзела. Ён быў самы заправіла. Ён быў сільна вумны. Усюды езьдзіў. Па гарадох, усюды. Па-дурацкі пагіблі ўсе. Пяць чалавек іх было. Мелі зямлянку ў лесе. Ці многа забілі? Ня знаю. У Янушкавічах Мінька забілі. Прадсядацелем калхоза стаў. Яны тады да Голуба прыходзілі, да радні. А той прадсядацель даклаў куды нада. І тых людзей пасудзілі. Вось яны яго, таго Мінька, за гэта і забілі. А так ня білі. За што яны будуць біць людзей сваіх? Камуністаў, можа, дзе і білі. Чорт іх знае...

А вось і самае нечаканае.

— Пачыкоўскія паўміралі. І Алімпія памерла даўно. І гэты Анатоль памёр. А дзяўчына іхная яшчэ жывая. Тут, у Папках жыве. Марыя Захаркевіч. Яна пайшла за Захаркевіча замуж.

Аказваецца, тая папкоўская Джульета жывая! Праўда, „дзяўчыне“ ўжо роўна 90 гадоў. „Ці захоча яна гаварыць пра тую драму і сваю ролю ў ёй?“ — думаў я, ідучы да дома Марыі Захаркевіч.

Не сьпявай пад акном
Ты мне песьні сваёй,
Не сьпявай...
Калі ў сэрцы ня я
Буду песьняй тваёй,
Не сьпявай…

Марыя, да якой заляцаўся камсамолец Анатоль Пачыкоўскі, што напісаў данос на Эдмунда Канановіча, прыбраўшы такім подлым чынам суперніка, дык вось тая Марыя так і засталася той самай дзяўчынкай. Гады пашкадавалі яе. Узрост пакінуў на яе твары толькі зморшчынкі. Хударлявая, энэргічная, з надзвычай вясёлымі, жывымі вачыма і юначай мімікай. Я, пакуль гутарыў зь ёй, зрабіў дзясяткі здымкаў, але ніводзін не перадае абаяльнасьці гэтай папкоўскай каралевы.

Марыя Захаркевіч
Марыя Захаркевіч

Марыя прыняла мяне з заўсёднай беларускай гасьціннасьцю. Гэта значыць, нечаканы госьць запрошаны ў залю, нечаканаму госьцю прапанавалі чай з прысмакамі, да нечаканага госьця ўвага, як да дарагога зяця. Але, калі я назваў імя чалавека, пра якога хацеў пагаварыць, вясёлы твар Марыі крыху пасуравеў. Усьмешка зьмянілася задуменнасьцю.

Яна пацьвердзіла, што Эдмунд, быўшы чалавекам пісьменным, уладкаваўшыся ў падатковую савецкую службу, дапамагаў сялянам, якія не пайшлі ў калгас, абысьці непамерныя паборы.

— Яны з другам падрабілі дакумэнты, а потым гэта разаблачылі. Яго хацелі арыштаваць. Ён з Маладэчна ўцёк і пачаў хавацца. Але ні ў якія партызаны ён не хадзіў. Проста хаваўся, каб яго не злавілі. А тут... як са мной... Дружылі мы... Сьледавацель Бажко быў у Валожыне. Ён усё да нас прыходзіў. У мяне яшчэ сястра была. Прыйдзе і сядзіць. „Ой, дзяўчаты!“ Усё прыходзіў і прыходзіў. Усё ў нас нешта нюхаў, нюхаў, нюхаў. Але, дзякуй Богу, у нас яго не злавіў. А злавіў там, на хутары. Гэта Пачыкоўскі падказаў, Толя. Мы разам гулялі. Той тожа хацеў са мной дружыць. А я такая была... Мне васямнаццаць было, такое яшчэ было... Абы-што. І вось я з гэтым, з Эдмусем, дружыла... А той раўнаваў. І праз гэта пайшла задзірка. Ну і прыдумалі, што Эдмусь дружыць з такімі хлопцамі... Што проціў Расіі... Партызаны... Анатоль замеціў, што Эдмусь недзе ішоў з гэтымі хлопцамі. Ну і пайшло. Сталі лавіць. Што зьвязаўся з гэтымі партызанамі. У Янушкавічах, у Бурбаўшчыне жанчыны ім шылі, хлеб пяклі. І яго-такі злавіў гэты Бажко. І пасадзілі яго. І мяне дапрашвалі. У Валожыне. Цэлую ноч дапрашвалі. „Як гэта было? Што гэта было?“ Каб паболей урэдна зрабіць яму. Каб паболей даць гадоў. Вось так Пачыкоўскі яго прадаў. Як Эдмуся пасадзілі, думаў, што я ўжо свабодная. Не! Я не хацела зь ім. Мы не ругаліся, але дружбы ў нас не было. Ён быў камсамолец нейкі. Паказаў, што чуў, як Эдмусь гаварыў, што „камуністаў гэтых павывешваць трэба!“ І паказаў, што гэта было ў нашым двары. „У дзевушкі, з каторай Эдмунд дружыў“.

Праз гэтую дэталь у даносе, што Эдмунд быццам прамаўляў пра павешаных камуністаў на двары Марыі, і сама Марыя, і яе маці пабывалі на допытах у МГБ.

— Я ні ў чым не сазналася. Ды і ня чула гэтага! А маці... Ня ведаю. Яна потым на суд езьдзіла ў Маладэчна. На судзе гэта ўсё зачытвалі. Што я гаварыла, што нічога гэтага не было. Эдмусь потым благадарыў чэраз пісьмо, што я очань харашо, як дапрашвалі мяне, гаварыла. Перапісваліся пасьля... Але дружба кончылася. І ўсё. Такая была любоў маладая. Хаваўся, але папаўся.

Пакуль Эдмунд валіў лес у ГУЛАГу, Марыя выйшла замуж за Адольфа. Музыку, гаваруна і веселуна. Нарадзілася двое дзяцей. Сын і дачка. Сын служыў ваенкамам на Паўночным Каўказе, памёр у 43 гады. Унук Марыі служыць у расейскай арміі. Там жа, на Каўказе. Дачка Марыі з унукамі жыве ў Валожыне. А ейны вясёлы Адольф праз пэўны час пачаў піць. Пакуль аднойчы, у пяцьдзясят тры гады, не засіліўся ў катуху, дзе сушацца каўбасы.

Не шукай ты мяне
У цішы вечароў,
Не шукай...
Калі к сэрцу майму
Ты дарог не знайшоў
Не шукай…

Ужо разьвітаўшыся з Марыяй, я вярнуўся праз хвіліну назад. З адным пытаньнем. Чаму ж яна не дачакалася Эдмуся?

— Ну чаго не дачакалася? Таму што гады сталі... Мне ж ужо дваццаць тры гады было. Пяць год ён праседзеў, вярнуўся тады. А мы зь ім, калі бяседавалі... „Маня, колькі ты мяне будзеш ждаць?“ А я так сяджу, помню, пад акном. Луна сьвеціць. „Пяць год“. І точна! Вы падумайце! Пяць год ён адседзеў і вярнуўся. А я замуж выйшла... А чаму выйшла? Думала — што ж я яго буду чакаць? Каб былі жанатыя... Дружылі хлопцы са мной, любілі мяне. Але каб я крэпка любіла яго — не... Яго дабрадушша... Ён добры быў хлопец. Не такі, што хацеў, каб я яму „дала“, як кажуць, ці што. Ён нікагда мне не напомніў пра гэта дзела. Я яго ўважала. А любві крэпкай... Не. Былі крапчэйшыя... Але тыя ня бралі мяне.

Дзе ты, зорка мая прамяністая,
За якія ты хмары скацілася?
Дзе ты, радасьць мая залацістая,
На якой ты сьцяжынцы згубілася?

Забіць упалмінзага. Новая кніга Зьмітра Бартосіка

У гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя найбольш замоўчанымі і засакрэчанымі застаюцца старонкі супраціву беларусаў савецкай акупацыі, русіфікацыі і калгасам. Праўда пра гэты супраціў зьнішчаная або схаваная ў архівах КГБ, а жывыя сьведкі падзеяў памерлі. Вырваныя з гістарычнай памяці нацыі веды пра саму сябе, пра сваю нязгоду і герояў змаганьня супраць чужынскіх парадкаў — ці не галоўная прычына таго, што гэтыя парадкі ўсё яшчэ пануюць у рэальнасьці, несучы беларусам выраджэньне, няволю і вымушаную эміграцыю.

На працягу дваццаці гадоў Зьміцер Бартосік езьдзіць па Беларусі ў пошуку праўдзівых сюжэтаў мінулага. Гэтым разам у рукі аўтару трапляюць дакумэнты Маладачанскага абласнога суду (быў такі пасьля вайны), якія выпадковым чынам апынуліся ў адкрытым доступе. У свой час гэтыя дакумэнты скапіяваў гісторык Міхась Чарняўскі. Асноўныя артыкулы крымінальных справаў — антысавецкі „бандытызм“, антысавецкія паўстаньні, падпольле, агітацыя, погляды і настроі. Дзясяткі справаў — толькі малы фрагмэнт таго валу судовых працэсаў, што адбываліся ў былой Заходняй Беларусі.

Зьміцер Бартосік з дакумэнтамі ў руках выпраўляецца па адрасах колішніх падзеяў і часьцяком знаходзіць старажылаў, якія распавядаюць пра фігурантаў тых крыміналаў. „Не хацелі ўступаць у гасударства гэта“ — такі лейтматыў успамінаў і тлумачэньне ўчынкаў, за якія ўдзельнікі атрымлівалі па 25 гадоў турмы.

Людзі адстойвалі сваю маёмасьць, сваю мову і сваю свабоду са зброяй у руках, утвараючы партызанскія атрады „лясных братоў“, змагаючыся з прышлай чужой уладай. Чакалі, што Захад, паставіўшы кропку на Гітлеры, паставіць яе і на Сталіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG