Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я нічэво есьці не вазьму». Частка 4 новай кнігі Зьмітра Бартосіка «Забіць упалмінзага»


Новы Двор, Пастаўскі раён

Перамогу ў вайне адзначылі незвычайна сьціпла. 9 траўня 1945 году „Сялянская газета“ надрукавала паведамленьне пра капітуляцыю Германіі, віншаваньне, партрэт Сталіна — і ўсё. У пераможным 1945-м і ў абласной, і ў раённых газэтах галоўная тэма — гэта ня фронт і не перамога. Гэта пастаўкі. Пастаўкі бульбы, збожжа, мяса, малака і ўсяго, што можа даць сельская гаспадарка. Вось што пісалі „Сялянская газета“ і пастаўская раёнка „Совецкі шлях“ за 1945 і 1946 гады.

„Тав. Міхалевіч не толькі датэрмінова і поўнасцю выканаў план хлебапаставак, але разлічыўся з дзяржавай па ўсіх астатніх, даведзеных яму планах. Так мясапастаўкі ён выканаў на 140 працэнтаў, сенапастаўкі на 150, малакапастаўкі на 105 і поўнасцю разлічыўся па фінансавых плацяжах. Як на франтах Айчыннай вайны, так і ў мірнай працы т. Міхалевіч паказвае сваю беззаветную адданасць Радзіме, прымаючы актыўны ўдзел у ажыццяўленні задач новага сталінскага пяцігадовага плана“.

„Здаючы апошнія кілограмы бульбы, Жук Антон сказаў, што ўлічваючы асаблівасці гэтага года і задачы сялянства ў справе датэрміновага выканання сельскагаспадарчых прадуктаў, сваім абавязкам перад Радзімай я паставіў у гэтым годзе ў самы кароткі тэрмін разлічыцца з дзяржавай па бульбапастаўках, першым у Пастаўскім раёне“.

„Выступаючыя на сходзе, гаварылі аб многім. Адны бралі абавязацельствы на датэрміновы разлік з дзяржавай па ўсіх відах сельгаспрадуктаў, другія ўносілі каштоўныя парады, як лепш іх ажыццявіць. І ўсе прыйшлі да аднаго вываду — хутчэй сушыць, малаціць і, не трацячы ні адной хвіліны, чырвонымі абозамі здаваць хлеб дзяржаве“.

Але траплялі ў поле зроку маладачанскіх журналістаў і нехарошыя людзі. Таварышы, якія не да канца зразумелі палітыку новай улады.

„За апошнія дні з Навасёлкаўскага сельсовета зусім спынілася паступленне хлеба на дзяржаўныя склады. Гэта выклікае вялікую трывогу ў раёне. Сакратар сельсовета т. Шаўцова нават не ведае, колькі сельсовету неабходна яшчэ здаць хлеба да поўнага выканання дзяржаўнага плана. Роўнадушша і спакой пануе ў навасёлкаўскіх кіраўнікоў“.

„Сур’ёзнай прычынай у марудным паступленні хлеба ў адстаючых сельсоветах, з’яўляецца і тое, што ў радзе вёсак работа сельскіх упаўнаважаных даручана неправераным людзям. Так, напрыклад, упаўнаважаным вёскі Душкава, Выганіцкага сельсовета працуе кулак Патаповіч. Ён сам не здае дзяржаве хлеб і ўзяў пад сваю ахову сабатажнікаў хлебапаставак Аляксандра Шыпун, Марыю Дзяруга, Эдвін Радзеўскага, Казіміра Мірановіча і Марціна Патаповіча“.

„Тав. Герасіменка, як кіраўнік сельсовета, як комуніст, не забяспечыў належнага кіраўніцтва хлебанарыхтоўкамі, не накіраваў актыў сельсовета на барацьбу за хутчэйшае іх выкананне, не прад’яўляе патрабавальнасці да кулацка-заможнай часткі сялян“.

Чытаецца такое сёньня „наадварот“, з хваляваньнем за людзей, якім хапала сумленьня не вытрасаць апошняга зь сялян. І чыё зьяўленьне на старонках газэты нічога добрага ім не абяцала. Усе, як могуць, прыстасоўваюцца да новага жыцьця. Адны выкручваюцца, падманваюць, прыхоўваюць, чакаюць, калі гэта ўсё скончыцца. Другія, пакуль яшчэ савецкая ўлада не замацавалася жалезабэтонна, спадзяюцца на людзей у лясах і „на Амэрыку“. Трэція, як той жа старшыня калгаса Вашкевіч, спрабуюць у вачах сваіх людзей не выглядаць акупантамі. А вось тое, што зусім не трапляла ў друк:

„2 сентября 1946 года.

Судебная коллегия по уголовным делам Молодеченского областного суда в составе председательствующего Федорова, народных заседателей Боровко и Ратниковой, при секретаре Малятиной, с участием сторон — прокурора Денискина и адвоката Михневич, рассмотрела уголовное дело по обвинению Скипор Бронислава Семёновича, 1881 года рождения, малограмотного, беспартийного, ранее не судимого, крестьянина-единоличника, имеющего 11 га земли, жилые и хозяйственные постройки, лошадь, две коровы и другой скот, семейного, один из сыновей в период немецкой оккупации служил в самоохове, второй сын служит в РККА, уроженец дер. Новый Двор Поставского района Молодеченской области, в совершении уголовного преступления, предусмотренного ст. ст. 72-а и 94. ч.2 УК БССР — коллегия установила:

Виновность Скипора доказана в том, что он отказался выполнять зернопоставки по доведенному обязательству в количестве 1188 кг, не выполнил сенопоставку в количестве 472 кг, мяса 24 кг. Наряду с этим 24 августа на собрании граждан и 25 августа 1946 года в присутствии Еремей, Клименок и Соколова высказывал всевозможные контрреволюционные измышления на проводимые мероприятия партией и Советским Правительством, т.е. в совершении преступления, предусмотренного ст. ст. 72-а и 94 ч.2 УК БССР“.

Ад 1946 году прамінула ўжо цэлае жыцьцё. Вёскі Новы Двор даўно няма на сьвеце. На яе месцы быў пабудаваны вайсковы аэрадром, ад якога ўжо таксама амаль не засталося сьлядоў. Таму, абзвоньваючы абанэнтаў Пастаўшчыны з прозьвішчам Скіпар, я мала на што спадзяваўся. Але на пятай спробе дазваніцца на тым канцы дроту адказаў слабы жаночы голас. Я растлумачыў, што шукаю сваякоў Браніслава Скіпара. „Гэта мой сьвёкар“, — пачуўся зьбянтэжаны адказ.

На наступны дзень я сядзеў у гасьцях у пастаўскай кватэры. Тарэса Скіпар, так завецца мая суразмоўца, кабета немаладая, мажная, зь невясёлым тварам (здаецца, яна ні разу падчас гутаркі так і не ўсьміхнулася), але з цудоўнай жывой моваю і гатоўнасьцю расказаць пра мінулае жыцьцё.

— Ці была тады ў мяне радасьць ад пабеды? Не. Я тады Польшчы жалела. Первы клас скончыла пры Польшчы! Тады жылося лепей, як цяпер. У пана заробіш, дык пан табе яшчэ гасьцінца дасьць. А цяпер трэба пану даць гасьцінца, каб ён табе работу даў. І тры гады былі немцы. Высялялі ж яны адтуль, з Расеі — Смаленск, Бранск — сюды людзей. Было іх многа. Там яны былі жабракі — ня дай Бог якія. Галодныя і халодныя.

Вось пра што я ня ведаў, дык гэта пра перасяленьне расейцаў падчас акупацыі. Няўжо прадстаўнікі арыйскай расы так заклапаціліся пра лёс недачалавекаў? Хутчэй за ўсё, смаляне пабеглі ў Беларусь па сваёй ініцыятыве. Далей ад фронту.

— Немцы ж былі пад Маскву загнаўшы рускіх. Таму тут і бежанцы ў нас. Расейскія былі бедныя, ня дай Бог. Усё там пакідалі, сюды пераехалі безь нічога. Былі такія, што і дзяцей былі аставіўшы там, у Расеі.

Тарэса Скіпар
Тарэса Скіпар

На мяне паліўся паток беларускага бытавога нацыяналізму. Не скажу, каб мне, расейцу, было прыемна слухаць словы старой беларускі ў адрас „брацкага“ народу. Але ж спрачацца не выпадала.

— Яны гультаі. Я помню гэтых бежанцаў. Лодары. У нас цьвяты ў агародах растуць. Сірэнь! А ў іх — крапіва пасохшы, авечкі ходзяць, хата — вокны аж да зямлі стаяць. Водку толькі піць і не работаць. Гультаі вялікія. Расказвалі, як яны там жылі: „Заколем на тры пуды кабанчыка, а патом паўдзярэўні пляшэм, паём! Самагоначкі выганім і пляшэм!“ А беларусы — рабочыя людзі. У нас і капусты, і агурчыкаў, бочкі насальвалі ўсяго. А яны ўсё гэтак пляшуць. А тады жраць нечага. Гультаі яны!

Калі я слухаў Тарэсу, ня мог стрымаць сьмеху, настолькі артыстычна яна перадавала гэтае расейскае „пляшем“. Высокім голасам, з інтанацыйным „падвыпадвертам“. „Плясать“ — гэта ня тое самае, што танчыць. Дзіўна, але гэты вясёлы дзеяслоў часта ўжываецца ў прымаўках з самым змрочным сэнсам. Вядомы выраз — „плясать под чужую дудку“. Але ж яшчэ ёсьць і „пляски на костях“, і „пляски смерти“. На захад Беларусі ўцякалі людзі, якія выжывалі пасьля калектывізацыі. Таму й кабана білі трохпудовага, пакуль яго не забралі. Таму, відаць, і „плясалі“, як апошні раз. А можа, гэта мэнтальнае? Выяўленае ў прымаўцы „Раз пошла такая пьянка, режь последний огурец“? І абвостранае самой магчымасьцю апошняй п’янкі. Для вясковай беларускай дзяўчыны гэты „глоток напоследок“ застаўся незразумелым. Зрэшты, пані Тарэса не зусім вяскоўка. Дзяцінства і юнацтва яна правяла „за польскім часам“ у мястэчку. Сама магла стаць нябеднай гаспадыняй. Вось і сумуе па Польшчы.

— Дунілавічы было мястэчка. І я там жыла да 16 гадоў. А ў шаснаццаць мяне цётка багатая забрала ў Вярэнькі да сябе. У яе нікога не было. І адпісала ўсё мне. Там было і двое коней, і карова, і малатараня, і ўсё! Яны багатыя былі. А калхоз усё забраў. Засталася я бедная. Ды гэта ня толькі ў мяне. Ва ўсіх. Мала я пабыла едзіналічніцай. Якія тры гады. І калхоз начаўся.

Свайго сьвёкра Тарэса ня памятае. Бо, калі выйшла замуж за Станіслава Скіпара, Браніслаў Скіпар ужо быў у турме.

— У іх было 12 гектараў зямлі. Пашчыталі, кулакі. Тры каровы, і цялят, і сьвіней пабралі. Але ж тады іх усіх у турму, кулакоў, забіралі.

Браніслава Скіпара, 65-гадовага селяніна, галаву сям’і, бацьку пяцярых дзяцей, абвінавацілі ў канкрэтных лічбах недапаставак.

Для неабазнанага чалавека ўсе гэтыя цэнтнэры з гектара, пра якія фонам чуў з навінаў радыё, заўсёды ўспрымаліся як абстракцыя. Бо не свае. Насамрэч кожны пункт паасобку з гэтага пратаколу можа заваліць усю гаспадарку, ня кажучы ўжо пра ўсе разам. Мне гэта даходліва растлумачыў Міхал Залескі — эканаміст, колішні выкладчык БДУ, аглядальнік „Белсату“, ураджэнец Бяльмонтаў, што на Браслаўшчыне. Міхал — найлепшы тлумачальнік складаных эканамічных законаў для тых, хто эканоміку ведае толькі з цэньнікаў у крамах.

— У нас было 20 цэнтнэраў з гектара. Жыта, ячмень. Калі чалавек быў бедны, у яго магло быць 12 цэнтнэраў. Калі ён угнаеньняў ня ўносіў. Такім чынам, ад 12 да 20. Бярэм 12. Два пакідаем на пасеў. А з астатніх дзесяці цэнтнэраў адзін забраць на падаткі. Бальшавікі пры гэтым ня ўлічвалі, што ў чалавека ёсьць дзеці, сьвіньні, каровы. Сяляне — гэта людзі, якія балянсавалі ўвесь час на мяжы. І калі гэты балянс існаваньня парушаецца, магчымы абвал. Як сьпявалі? „Жавароначкі, прыляціце. Вясну красную прынясіце. Бо зімушка надаела, усе хлебушкі пераела“. Табе хлеба павінна хапіць не на заўтра, а да новага ўраджаю. Ты павінен да жніўня дажыць, а не да заўтра. Бальшавікі гэтага ня ўлічвалі. Чалавек стаіць на зэдліку зь пятлёй на шыі, а ў яго гэты зэдлік забіраюць. „Ты так пакуль павісі. А мы табе потым новы падставім“. Гэта нікому, вядома, не падабалася. І людзі больш рашучыя супраціўляліся гэтаму, як маглі. Яны хавалі збожжа. Яны ўцякалі зь вёскі.

А цяпер забіраем паўтоны сена для каровы.

— Яны забіраюць частку сена ад каровы. Карова — яна што, трактар? Паставіш — і яна будзе стаяць? А ў яго ж не адна карова была. Калі ў чалавека забіраюць сена, значыць, адной зь ягоных кароў сена ня хопіць. А яна цяліцца павінна. А селяніну парушаюць, сучаснай мовай кажучы, кругаабарот статку. Калі ня будзе гэнай каровы — ня будзе цяляці. І гэтак далей. Усё мусіць ісьці сваёй чаргой. А ён не плянаваў гэтага. У яго няма магчымасьці купіць гэтае сена, якое ён аддасьць. Сялянская гаспадарка — гэта ўстойлівасьць на мяжы.

Ну і, нарэшце, самы „лёгкі“ пункт. Дваццаць чатыры кіляграмы мяса.

— Мяса 24 кіляграмы. Што гэта за жывёліна такая? Няма такой жывёлы. Значыцца, яму трэба нешта зарэзаць. Ну зарэжа ён сьвіньню. А ён жа ў пару павінен яе рэзаць. І ён ужо ведае, што з той сьвіньні будзе. Будзе шынка, будуць каўбасы, будзе тое-сёе. А зараз? Людзі ж не ва ўсякі дзень сьвіней рэзалі. Значыць, і тут ён павінен выкручвацца. Пасьля такога кіраваньня чалавек думаў: чым мяне будуць даводзіць да інфаркту, лепей гары яно ўсё гарам. Забірайце вы ўсё. Ідзіце к чорту. А я дзяцей выпраўлю ў Вільню ці ў Рыгу. Тады з Маладачанскай вобласьці ехалі на поўнач. На Клайпеду, на Калінінград, на Даўгаўпілс.

Пасьля ўсяго пачутага пастаўце сябе на месца гэтага селяніна. І паспрабуйце ня стрымліваць сябе ў выразах у адрас народнай улады, савецкага ўраду і асабіста таварыша Сталіна.

Для Браніслава Скіпара судзьдзя Фёдараў з народнымі засядацелямі Бароўкам і Ратнікавай лягерных гадоў не пашкадавалі. А маглі ж даць, згодна з артыкулам, паўгода.

„Скипор Бронислава Семёновича подвергнуть лишению свободы на 6 /шесть/ лет с отбытием в исправительно-трудовом лагере с поражением в избирательных правах на срок три года без конфискации имущества.

Меру пресечения содержание под стражей оставить без изменения с зачётом предварительного заключения, отбытого с 29 августа 1946 года.

С имущества осуждённого в пользу коллегии адвокатов за защиту по назначению адвокатом Михневич взыскать 200 рублей“.

Больш Браніслава радня ўжо ня ўбачыла.

Я гляджу на фотапартрэт ладнага падхорцістага прыгажуна ў белай кашулі і чорным пінжаку. Акуратна падстрыжаныя вусы, высакародная хударлявасьць, у прыгожых вачах лёгкая трывога. Ну проста гусарскі палкоўнік, пераапрануты ў цывільнае. Прыгажуну на выгляд гадоў сорак, ня болей. Значыцца, здымак зроблены ў мірных дваццатых гадах. Гэта Браніслаў Скіпар.

Браніслаў Скіпар
Браніслаў Скіпар

У Браніслава было шасьцёра дзяцей. Пяць сыноў, малодшы зь якіх загінуў у 1945-м, бавячыся зь нямецкай мінай, і адна дачка, Яніна. Я сяджу ў старой Яніны Шынкевіч, у ейнай сьціпла абстаўленай кватэрцы на ўскраіне Воршы, і дзякую лёсу, што знайшоў жанчыну ў добрым здароўі і пры памяці. Яна адзіная з Браніслававых дзяцей, хто дажыў да нашых дзён.

Яніна Шынкевіч
Яніна Шынкевіч

— Кагда я радзілася, мама, наверна, пракляла мяне. Яна ўсё любіла мальчыкаў, а тут дзевачка. І бабка, каторая бабіла (раньша акушэрак не была): „Ой, — гаворыць, — роды началіся. Олечка, дачушка!“ А мама ляжыць, раджаець і гаворыць: „Пускай бы лучшэ мальчык. Шчасьлівейшы. А дзевачкі — вечныя мучаніцы“. Во. Як прыгаварыла. Усю жызь такая невязуха. Во сыночка аднога схараніла. Во, у ваеннай форме. У пяцьдзясят два гады. Утарой радам. У пяцьдзясят тры. Астаўся трэці сын. Адным словам, цяжолую жызь пражыла. Без атца асталась. Судзілі за непасільны налог. Жылі едзіналічна, зямлі было дванаццаць гектар.

Паступова, нібы выява на фотапаперы ў сьвятле чырвонага ліхтара, з казённых радкоў прысуду праяўляецца жывы чалавек. Праяўляюцца ягоны характар, ягоныя словы. Праяўляецца таксама і тая атмасфэра, у якой адбываўся арышт і суд.

— Ані яго, значыць, какой-та нагайкай па хрыбту. На вуліцу выгналі. Я гляджу — ацец паваліўся. Я плачу, упала. Упаўнамочаны прыходзіць — нагой меня ў бок. „Рэвёш, карова? Нада была ацца застаўляць налог плаціць“. Талкануў мяне, і ўсё. „Чорны воран“ падашоў, бацьку пасадзілі і папёрлі. Я плакала. Мама казала: „Дачушка, ня плач. Не прападзеш. Я вас вырашчу“... Хадзілі, людзям памагалі. Жыта жалі сярпом. Во ладошку выразала, сноп дажынала. Мама: „А Божа мой, а зачэм я цябе брала!“ Кроўю сьцякаю, выразала ладошку.

Я толькі зараз заўважыў скалечаную кісьць Яніны.

— Сельскі савет, Новы Двор, паказацельны суд. На ўсю дзярэўню прэступніка прывялі. Судзьдзі з Пастаў прыехалі. Але ж месныя, беларусы. Глаўна — вывесілі аб’яўленьне: „Просім усіх явіцца на паказацельны суд Скіпара Браніслава Сямёнавіча“. На судзе людзі плакалі ўсе. Адна баба прыгаварывала, я помню: „А Божачка, а што вы дзелаеце? Зачэм жа вы гэтага чалавека чэснага, трудзягу, рубашкі ад поту развальваліся, а вы яго берацё! А дзетак сіраціць!“ Ніхто слушаць не хацеў. Ацец, кагда судзілі, гаварыў: „Есьлі я ўплачу налог, страдаць будзе ўся сям’я. Жана і дзеці будуць галадаць. Я не магу яго ўплаціць“. А яму: „Кулацкая морда!“.

Яніна 1930 году нараджэньня. Гэта значыць, у 1946-м яна ўжо была амаль дарослай дзяўчынай. Яна, невысокая, худзенькая, зь мілавідным тварыкам, такой, па сутнасьці, і засталася. Толькі жыцьцё ў Воршы моцна зьмяніла яе прыродную мову.

— Пасылкі слалі. Картошку сушоную. Помню, мама налупіць картошкі. Я — нож у рукі, ачышчу картошку, памыю, а тады тоненькымі-тоненькымі лісьцікамі нарэжу. У друшляк. Вада сьцячэць. І тада фасоль варым. Насушым поўны яшчык пасылачны. А сядзеў ён у Воршы. Дык мама ж мая, кагда я зумаж выходзіла, плакала: „Дачушка, зачэм ты туды выходзіш? Там твой бацька, у гэтай Воршы, пагіб. Не выхадзі замуж“. Але ж панравіўся. А бацька пісаў у пісьмах: „Ольга, я цібя прашу. Нікакіх пасылак. Нічэво. Я нічэво есьці не вазьму. Памру галоднай сьмерцю. Кармі дзяцей, каб дзеці сыты былі“. Так і палучылась. Я тыя пісьмы пісала. Мама ж няграматная была. Мы пісьмы пішам, а яны варочаюцца. „Адрасат выбыў“. Он, наверна, ня ўзяў есьці і памёр з голаду. Помніла, калі памёр. І бумага была аб рэабілітацыі. І ўчара іскала, не нашла. Наверна, сын выкінуў. Дзе якая бумажка — не паглядзіць, выкінець.

Толькі зараз я прыгадаў, што мне казала Тарэса Скіпар пра сваю швагерку. „Адзін сын памёр, а другі з турмы не вылазіць“. І толькі цяпер я ўважліва агледзеўся вакол сябе. Абстаноўка ў кватэры была ня сьціплая. І нават ня бедная. А пустая! Там, у сэрванце, дзе ў савецкіх традыцыях мусіў стаяць калі не крышталь, дык фарфоравы сэрвіз, была пустата. Такія ж пусткі былі на пыльных, абшарпаных кніжных паліцах. У гэты час пачуўся скрыгат дзьвярэй і ў пакой увайшоў невысокі худы бледны чалавек з выцьвілым позіркам, няпэўнага веку. Павіталіся. Мы зь Янінай працягнулі размову. Але чалавек перарваў. „Мужчына, а вы па какому вапросу?“ Я растлумачыў, што я гісторык, займаюся старымі „ўгалоўнымі дзяламі”, цікаўлюся лёсам ягонага дзеда. Ад словаў „угалоўныя дзяла“ ягоныя мёртвыя вочы ажывіліся. „Тагда вам к маме“.

Якая сумная карціна выраджэньня. Каб роду завянуць і змарнець, яму не абавязкова быць графскім. Ранейшай адкрытай размовы ў прысутнасьці ўнука ўжо не атрымалася. Але сёе-тое Яніна яшчэ пасьпела паведаміць. Памёр Браніслаў недзе праз паўгода ў аршанскай турме. Давёў сябе голадам.

Ужо другі чалавек на маім чарняўскім шляху даводзіць сябе да сьмерці адмовай есьці. Маўклівы, пакутны хрысьціянскі чын. З надзеяй на цуд, які адбудзецца ўжо ня ў гэтым жыцьці.

Родныя пра ягоную сьмерць даведаліся толькі праз тры гады. Рэабілітавалі яго ўжо пры Хрушчову. Мы ведаем, у чым заключалася ягонае злачынства паводле 94-га артыкулу. А вось як выглядалі „контрреволюционные измышления“ паводле артыкулу 72.

— Ён сказаў: „Немец враг быў — і то хлеба даваў. А вы — дзеці з голаду падохнуць, а вы не дадзіце!“ — „Ах ты контррэвалюцыянер!“ Адным словам, нешчасьлівая сям’я. І браты ўсе... Толькі што во Бог даў век. Маме было восемдзесят сем, а мне ўжо восемдзесят восем. Ужо маміну точку дажыла.

Вязьняў аршанскай турмы хавалі на адным з участкаў гарадзкіх могілак. Магілы бацькі Яніна не адшукала.

— Хадзілі мы з падругай. Умесьце работалі. Па ўсех красты стаяць, фамілія, імя. А хто зь цюрэмшчыкаў — радам жа, напроці кладбішча... Хадзілі. Кажу, можа я папу свайго найду. Хадзіла-хадзіла... А там толькі цыфры стаяць. А што гэта абазначае? Можа, у каком гаду? Пахадзіла-пахадзіла і нічыво не нашла. Усё мама на мяне: „Ня йдзі ты замуж у гэту Оршу! Зачэм ты ў Оршу пойдзеш замуж? Бацька там твой пагіб“. Жызь пражыць — ня мех пашыць.

Яніна часта ўспамінае тату — таго, які на партрэце. Жыцьцярадаснага чалавека, адзіны клопат якога — дзеці.

— Польскія паны едуць. А бацька глядзіць — упаў нейкі сьвёртак. А пан і пані едуць на брычке. Упала што-та. Бацька паднімаець і дагнаў іх. І гаворыць: „Пані, во вы паціралі“. А яна дастаець папяросы. „Прошэ, пан, запаліць“. „Во, — кажэць, — хоць бы сказала: «На дзецям на канфеты». Хоць бы злоты дала! «Прошэ запаліць цыгарэта!»“ А бацька ж ня курыць... Очань любіў пець. О ўжо была! На свадзьбу як прыгласяць, і мяне ж прывучыў. Просяць усе, у ладошкі хлопаюць, каб папелі бацька з дочкай. Ён пяе, і я зь ім умесьце пела. Ён у цюрме умер. Людзі гаварылі: „Каб зналі, кагда умер, мы б за яго душу пелі б ўсю ноч, не аддыхаўшы“. Каб душа ў рай папала... Гора за горам, гора за горам...

А ці мог у гэтай гісторыі быць шчасьлівы канец? Заплаці Браніслаў той аброк, прамаўчы лішні раз на судзе. Схавайся ў бульбу. Будзь, як усе, ня лезь на ражон. Не, ніякіх варыянтаў тут быць не магло. Бо Браніслаў Скіпар быў сапраўдным ворагам для савецкай улады. Ворагам эканамічным, ворагам ідэалягічным. І, галоўнае, ворагам псыхалягічным. Прыродным, прыроджаным ворагам. Ягоную адчайную волю добра відаць на партрэце. У чым савецкая ўлада была сапраўды таленавітая, дык гэта ў здольнасьці распазнаваць сабе ворагаў. І тут яна не памылілася.

Забіць упалмінзага. Новая кніга Зьмітра Бартосіка

У гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя найбольш замоўчанымі і засакрэчанымі застаюцца старонкі супраціву беларусаў савецкай акупацыі, русіфікацыі і калгасам. Праўда пра гэты супраціў зьнішчаная або схаваная ў архівах КГБ, а жывыя сьведкі падзеяў памерлі. Вырваныя з гістарычнай памяці нацыі веды пра саму сябе, пра сваю нязгоду і герояў змаганьня супраць чужынскіх парадкаў — ці не галоўная прычына таго, што гэтыя парадкі ўсё яшчэ пануюць у рэальнасьці, несучы беларусам выраджэньне, няволю і вымушаную эміграцыю.

На працягу дваццаці гадоў Зьміцер Бартосік езьдзіць па Беларусі ў пошуку праўдзівых сюжэтаў мінулага. Гэтым разам у рукі аўтару трапляюць дакумэнты Маладачанскага абласнога суду (быў такі пасьля вайны), якія выпадковым чынам апынуліся ў адкрытым доступе. У свой час гэтыя дакумэнты скапіяваў гісторык Міхась Чарняўскі. Асноўныя артыкулы крымінальных справаў — антысавецкі „бандытызм“, антысавецкія паўстаньні, падпольле, агітацыя, погляды і настроі. Дзясяткі справаў — толькі малы фрагмэнт таго валу судовых працэсаў, што адбываліся ў былой Заходняй Беларусі.

Зьміцер Бартосік з дакумэнтамі ў руках выпраўляецца па адрасах колішніх падзеяў і часьцяком знаходзіць старажылаў, якія распавядаюць пра фігурантаў тых крыміналаў. „Не хацелі ўступаць у гасударства гэта“ — такі лейтматыў успамінаў і тлумачэньне ўчынкаў, за якія ўдзельнікі атрымлівалі па 25 гадоў турмы.

Людзі адстойвалі сваю маёмасьць, сваю мову і сваю свабоду са зброяй у руках, утвараючы партызанскія атрады „лясных братоў“, змагаючыся з прышлай чужой уладай. Чакалі, што Захад, паставіўшы кропку на Гітлеры, паставіць яе і на Сталіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG