Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не хацелі ўступаць у гасударства гэта». Частка 3 новай кнігі Зьмітра Бартосіка «Забіць упалмінзага»


Крыжоўка, Астравецкі раён

Словы Міхася Чарняўскага пра бомбу, якую ён не пасьпеў ірвануць, гучалі ў маёй галаве, калі я праглядаў самую „тоўстую“ справу — пра паўстаньне ў Крыжоўцы. Ключавое слова тут — „паўстаньне“. Уся гісторыя Беларусі пад расейскай акупацыяй — чарада паўстаньняў супраць гэтай акупацыі. Але як Чарняўскі зьбіраўся сваю бомбу рвануць? Выдаць яшчэ адну брашуру? Яўна тут мелася на ўвазе штосьці іншае.

Я паспрабаваў зірнуць на рэчы вачыма свайго героя і раптам адчуў сябе наведнікам начнога музэя. Карціны і вобразы, якія паўстаюць з крамзоляў сьледчых і няроўных літараў друкарскіх машынак, сплятаюцца ў адзін драматычны сюжэт — батальнае палатно. Але ў маіх руках толькі ліхтарык, промнем якога я магу выхапіць адно кавалак карціны. Каб убачыць увесь сюжэт і маштаб палатна, майго ліхтарыка замала.

Вось на полі пара коней: цягнуць за сабой жняярку, гэткі падобны да самалёта-этажэркі камбайн. Адзін конь уздыблены. У ягоную збрую ўчапілася маладая жанчына. Другі конь ірвецца ўбок. Ягоны хвост гарыць! „Этажэрку“ асядлаў мужчына, апрануты ў пінжак, галіфэ і ялавыя боты. Адной рукой ён ухапіўся за дзяржальна жняяркі, другой размахвае ў бок кабеты. Твар ягоны скрыўлены злоснай грымасай. Калі перавесьці ліхтарык убок, становяцца зразумелымі паводзіны коней. Там група дзяцей і падлеткаў кідае ў іх камяні і запаленыя палкі. Твары ўзбуджаныя, вочы гараць агністым бляскам. Гэта цэнтар палатна. Крыху вышэй, на ўскрайку поля, відаць гурт людзей, дзясяткі асобаў. Над натоўпам гараць паходні. Узначальвае шэсьце паважная сівая кабета. У руках у яе драўлянае расьпяцьце.

„В Прокуратуру Островецкого района поступили материалы о произошедших массовых безпорядках в колхозе «Заветы Ильича», Воронского сельсовета Островецкого района.

Произведенным предварительным расследованием этого дела установлено следующее: В нарушение постановления общего собрания колхозников колхоза «Заветы Ильича» об уборке озимых посевов коллективно /л.д. 32/, 22 июля 1950 года собрались колхозницы на поле возле дома Рынкевич Аполонии, где договорились не допускать к работе по уборке урожая ржи жнеяркой. В 12 часов дня при появлении жнеярки с уполномоченным райисполкома Бобрик, секретарем сельсовета Сидоренко и председателем колхоза Дакутовичем их встретила толпа колхозниц, возглавляемая Рынкевич Апполонией, Рынкевич Еленой и Змитрович Саломеей и вооружённых палками, камнями. Указанные женщины начали избивать лошадей палками, камнями и глыбами земли, бросая всё на жнеярку и увлекая за собой остальных колхозниц и подростков. Лошади, испугавшись, бросились на кусты, что могло вызвать поломку машины-жнеярки. При новой попытке начать работу они были также встречены этой толпой. Таким образом в этот день была оборвана работа по уборке урожая ржи колхоза «Заветы Ильича» жнеяркой“.

Што можна зразумець з гэтага дакумэнта? Што сялянкі сабраліся на полі з адной мэтай — каб не дазволіць сабраць ураджай. Перашкодзіць працы жняяркі любымі сродкамі. Прычым прысутнасьць раённага начальства зусім не астудзіла рашучасьці жанчын, наадварот, толькі справакавала іх на больш рашучыя „масавыя беспарадкі“. Але што ж такое здарылася з калгасьніцамі „Запаветаў Ільіча“? У той час, як усе савецкія людзі... Каб адчуць кантэкст падзеі, разгорнем абласную „Сялянскую газету“ за ліпень 1950 году.

„Члены сельскагаспадарчых арцелей «Сталінскі шлях» і імя Варашылава Мядзельскага раёна прагледзелі нядаўна першую серыю кінафільма «Сталінградская бітва». Карціна выклікала ўсхваляваныя водгукі аб гераізме совецкіх воінаў, якія мужна абаранялі горад Сталінград“.

„Новая школа будуецца ў калгасе імя Сталіна Мядзельскага раёна. Будаўніцтва ў поўным разгары. Будаўнікі Шаранговіч, Навіцкі і другія, якія імкнуцца да тэрміну здаць памяшканне ў эксплуатацыю, працуюць па-стаханаўску“.

„У калгасе імя Сталіна Астравецкага раёна адбылася чытацельская канферэнцыя па раману С.Бабаеўскага «Кавалер залатой звязды». На канферэнцыі прысутнічала звыш 20 калгаснікаў. Выступаючыя высока ацанілі гэты твор, які вучыць любіць наша калгаснае жыццё“.

Пакуль шчасьлівыя калгасьнікі захоплена абмяркоўваюць навінкі савецкага кіно і дыскутуюць на літаратурных канфэрэнцыях, у вёсцы Крыжоўцы ўжо трэці дзень адбываюцца „масавыя беспарадкі“.

„25 июля сего года группа колхозниц и подростков с целью воспрепятствования коллективной уборке озимых посевов жнеяркой на полях колхоза «Заветы Ильича» напали на жнеярку, избивали лошадей и гр. гр. Чернецова и Сидоренко, которые управляли машиной, а колхозницы Рынкевич Апполония, Рынкевич Елена, Змитрович Саломея бросали зажжённые факела из колосьев ржи и соломы на жнеярку и машину, от чего могло сгореть колхозное добро — рожь. Помимо этого они совместно с колхозниками Рынке- вич Владиславом и Змитрович Иваном нанесли побои камнями и палками Чернецову и Сидоренко, предварительно засыпав глаза песком последним. Не взирая на присутствие представителя власти, депутата Верховного Совета БССР, тов. Подалиса, который призвал их к порядку, они продолжали свое, чем была вторично сорвана работа жнеярки по уборке колхозной ржи. Таким образом вышеуказанные лица являлись инициаторами и активными участниками произошедших массовых беспорядков в колхозе «Заветы Ильича» 22-25 июля 1950 года“.

Што насамрэч адбылося ў Крыжоўцы ў тыя ліпеньскія дні 1950-га? Што стала з гэтымі людзьмі? Ці засталіся ў Крыжоўцы тыя, хто памятае тое паўстаньне? І ці існуе яшчэ сама Крыжоўка? З гэтымі думкамі я ехаў у той край без асаблівай надзеі каго ці што-небудзь знайсьці.

За шыльдаю з надпісам „Крыжоўка“ няма аніякай вёскі. Былая вясковая вуліца ператварылася ў зарослую дарогу, каля якой туліцца ўсяго пара хатаў. У адной зь іх я разгаварыўся са старажылкай Крыжоўкі Ганнай, народжанай у 1941 годзе. Гэта значыць, у 1950-м ёй было 9 гадоў. Але сьмяшлівая старая зусім ня памятае ні таго паўстаньня, ні чутак пра яго. Ці па-майстэрску робіць выгляд, што ня памятае. Я зачытваў ёй матэрыялы справы, называў імёны фігурантаў. Некаторых яна ўзгадвала. Таго ж „прадсядацеля Сідарэнку“. Зь яе слоў вынікала, што радня Рынкевічаў, як толькі пачалася калектывізацыя, зьехала ў Літву. А тыя, што засталіся тут, як Уладзіслаў Рынкевіч, памерлі.

— Помню матку Ўладзіслава Рынкевіча. Помню сястру. Валодзька. Той, што ў магазыне рабіў. Жулік такі, каб вы зналі. Як ён выкручваўся... Ужо няма ў жывых ні яго, ні сёстраў. Помню, калі калхозы рабілі, як мой бацька ўцякаў, як па кустох хаваўся. Прыходзілі толькі паесьці і зноў праталіся. Але нічога не памагло. Потым паздавалі коней і пайшлі ўсе ў калхоз. Помню, як праталіся па лесе. Дуракі былі...

Вам гэта нічога не нагадвае? Хаваньне ў лесе. Вяртаньне ў сваю хату толькі па начах, каб сабраць які харч. Так паводзяць сябе пад акупацыяй.

Крыху расчараваны, я паехаў у недалёкую вёску Слабодку да памятнага крыжа, пастаўленага ў гонар інсургентаў Кастуся Каліноўскага на 150-я ўгодкі ягонага паўстаньня. Паблукаўшы каля помніка, заўважыў на суседнім гародзе старую кабету. Ядвізе 90 гадоў. І тыя падзеі яна памятае.

— Не хацелі ўступаць у гасударства гэта.

Дакладней, бадай, і ня скажаш.

— Землі забралі, коні забралі, усё забралі. Мы не паддаваліся, як маглі. Даўней — о! Як курсавалі! Зямля — гэта ж зямля! Мой бацька меў валоку зямлі. Багатыр які быў! Зямля... Таму і не паддаваліся.

Адна дэталь у яе ўспамінах не супадала. Пра Ўладзімера Сідарэнку. Начальніка, які кіраваў той жняяркай, што хацелі пашкодзіць бунтаўнікі.

— Сідарэнка быў прадсядацель калхоза. Над намі быў старшы. Рукавадзіцель!

Ядзьвіга назвала яго старшынём калгасу. Але ў справе ён фігуруе як сакратар сельсавету. Можа, старшынём ён стаў пасьля?

Старая падказала мне, дзе жыве Збыслаў, унук былога старшыні, таго, што быў перад Сідарэнкам.

Збыслаў аказаўся чалавекам разумным, начытаным, з выдатнай пісьменнай мовай. Я даўно заўважыў, чым больш пісьменная і багатая ў беларускага чалавека беларуская мова, тым меней у ім савецкай насьцярожанасьці. Збыслаў, народжаны пасьля 1950 году, пра крыжоўскую справу ня чуў. Але ад дзеда ведае, што канфлікты былі ледзь ня ў кожнай вёсцы.

— Людзі ж стараліся. Апошнія грошы ўкладалі ў зямлю, у кароў. Таму і канфлікты здараліся. Мой дзед ня быў камуністам. Ён быў з народам. Хацеў людзям за тое, што яны зарабілі, тыя працадні, раздаць зернем. Тады ж грошы не плацілі за працадні. А ўраджай быў добры. Дык ён хацеў заплаціць людзям збожжам. Але паставілі новага прадсядацеля. І ўсё аднялі, што дзед намеціўшы быў. І пасьля гэтага ён захварэў на галаву. Ляжаў у хаце, ні з кім не гаварыў. Усё разумеў, але ніякага ўдзелу ў жыцьці не прымаў. Замкнуўся.

Збыслаў прынёс пасьведчаньне аб дзедавай сьмерці. У дакумэнце, запоўненым непісьменна па-расейску, паведамлялася, што „Вашкевич Егорь Викентович“ памёр 24 „сеньтября“. Прычына сьмерці „от невроза“. Гэта быў ня той чалавек, які сеў кіраваць жняяркай. Сідарэнка стаў старшынём пасьля таго, як Вашкевіча зьнялі з пасады. Але я зусім не пашкадаваў, што завітаў у гэты дом. Ежы Вашкевіч, якога новыя ўлады назвалі „Егорем“, хацеў застацца прыстойным чалавекам — на пасадзе, якая не прадугледжвала прыстойнасьці. Заплаціць ня палачкамі працадзён, а жытам. І, ня здолеўшы гэтага зрабіць, звар’яцеў.

Ежы Вашкевіч (у першым шэрагу справа)
Ежы Вашкевіч (у першым шэрагу справа)

У тагачаснай раёнцы „Сталінская праўда“ ёсьць вясёлая карцінка пра тыя працадні. Грузчыкі зацягваюць у хату піяніна. Побач стаіць задаволеная гаспадыня. Пад малюнкам подпіс: „Ох, і цяжкія твае працадні, гаспадыня!“

Цікава, зь якім пачуцьцём гэта чыталася? Тымі, хто хаваўся ад калгасаў па лясах.

Калі ў 1940-я абласная „Сялянская газета“, як магла, усхваляла новы сталінскі парадак, што абрынуўся на Заходнюю Беларусь, дык улетку 1950-га ў кожным нумары ішла прапаганда калектывізацыі. Газэта арганізавала тое, што праз гады назавуць „прэс-турамі“. Шчасьлівым калгасным раем прадставілі Случчыну, якую акалхозілі яшчэ ў 1930-я. А ролю агітатараў выконвалі жыхары заходнебеларускіх вёсак, якім дазволілі зірнуць на той калгасны рай і якія дзяліліся на старонках газэты сваімі ўражаньнямі.

„Вярнуўшыся дамоў, я раскажу сваім калгасьнікам тое, што бачыў і прыкладу ўсё сваё старанне, каб мы маглі хутчэй пабудаваць такое забяспечанае жыццё. У тым, што мы хутка будзем жыць так, як жывуць калгаснікі „Чырвонага маяка“, я ніколькі не сумняваюся. Зараз мы ўсю сваю ўвагу ўдзелім далейшаму арганізацыйна-гаспадарчаму ўмацаванню калгаса“. А.Мелях, брыгадзір паляводчай брыгады №1 калгаса імя Сталіна Іўеўскага раёна.

„Калі я збіралася ў дарогу паглядзець, як жывуць калгаснікі на Случчыне, да мяне прыйшлі аднавяскоўцы і сказалі: «Паязджай, Еўдакія. І добра паглядзі жыццё слуцкіх калгаснікаў. А калі вернешся, падрабязна раскажаш, што бачыла». Дамоў я ўжо вярнулася. І, вядома, ёсць, што расказаць. Я бачыла многа добрага і павучальнага. Калгаснікі жывуць у многа разоў лепш нас, аднаасобнікаў“. Е.Рынкевіч, сялянка вёскі Дубіна Вярэніцкая Валожынскага раёна.

„Што мне яшчэ спадабалася, дык гэта машыны. Убачыў я самаходны камбайн! І пераканаўся, наколькі тэхніка аблягчае працу чалавека, працу хлебароба. Камбайн абслугоўвае толькі адзін чалавек, але замяняе гэта машына многа рабочых рук. Можна гаварыць многа аб тым, што совецкія людзі акружаны сапраўднымі клопатамі. На гэтыя клопаты яны адказваюць гераічнай працай на карысць Радзімы. Іх поспехі выдатныя. Зробленыя нашымі адзінакроўнымі братамі выклікаюць сапраўднае захапленне. Экскурсія пераканала мяне ў тым, што нам нельга адставаць ад жыхароў усходніх абласцей. Аб’яднаўшыся ў калгасы, мы зможам зажыць таксама радасна і шчасліва, такім жыццём, якое я бачыў уласнымі вачыма“. Л. Анісенка, аднаасобнік вёскі Грыцкі Пастаўскага раёна.

Рэдакцыя газэты падводзіць рысу:

„У заключэнні свайго пісьма сяляне нашай вобласці, якія пабывалі ў гасцях у слуцкіх калгаснікаў, пішуць: «Раз’язджаемся мы па дамах поўныя ўражанняў. Мы раскажам сваім аднавяскоўцам аб бачаным і пачутым. Будзем выкрываць кулацка-нацыяналістычны паклёп на калгасы. Ад чыстага сэрца мы скажам сваім аднасяльчанам — уступайце ў калгасы, дарагія браты і сёстры! Будуйце новае шчаслівае жыццё па прыкладу нашых усходніх братоў!»“.

Кулацка-нацыяналістычны паклёп — гэта штосьці новенькае. Адкуль ён узяўся ў 1950-м? „Варожыя“ галасы? Але польская „Вольна Эўропа“ пачне вяшчаньне толькі праз два гады. А беларускае радыё „Вызваленьне“ ажно праз чатыры. Няўжо гэта сьлед Саюзу беларускіх патрыётаў, разгромленага ўладамі тры гады таму? Але пра яго абласная прэса маўчала. Ці гэта барацьба з Саюзам беларускай мола- дзі, чыіх сяброў вышуквалі і арыштоўвалі ўсе паваенныя гады? Ці, можа, рэакцыя на ўлёткі і вольныя размовы? Напэўна, усё разам. Гэтым прапагандысцкім штампам прыпячатвалася ўсё, што магло падаць голас нязгоды. Але без канкрэтыкі. Канкрэтыка пакідалася органам МГБ, абласному суду і таварышу Гарбу.

Ужо адчуўшы азарт дэтэктыва, які знайшоў патрэбную нітачку, я паехаў па навакольных вёсках, грукаючыся ў хаты наўгад. І ў адным з дамоў у вёсцы Трокенікі мяне чакала неспадзянка. Гаспадыня мне расказала, што Крыжоўка — гэта ня толькі тыя хаты, што за аднайменным паказальнікам. У баку ад той Крыжоўкі ёсьць яшчэ хата. І там жывуць Рынкевічы.

З-за дрэваў, якімі абсаджаная дарога зь Вільні на Полацак, гэтай сядзібы не відаць. Знаходзіцца яна за кілямэтар ад вёскі. Клясычны беларускі хутар. Вялікі дом, гаспадарчыя пабудовы. Да хутара вядзе дарога, паабапал якой кукурузнае поле і маляўнічы луг. Пасярод лугу стаіць самотны дуб. Пэйзаж — хоць у раму ўстаўляй. Побач з галоўным вялікім домам ёсьць яшчэ і маленькая старая хата. Да мяне выйшла гаспадыня. Немаладая сівая кабета з кароткай стрыжкай і ў акулярах. Я пачаў чытаць той прысуд 1950-га і высьветлілася, што мая суразмоўца Ганна Рынкевіч — нявестка Алены (дакладней, Гелены) Рынкевіч, асуджанай на сем гадоў. Пані Ганна мне і растлумачыла, што прымусіла жанчын паўстаць.

Ганна Рынкевіч
Ганна Рынкевіч

— Яны самі пасеялі на сваім полі. А ўраджай ім ужо сабраць не далі. Бо ўжо калгас быў. Усё пачалі забіраць. І ад гэтага яны і пайшлі сваю зямлю зашчышчаць... З гэтымі факеламі. Выклікалі міліцыю. І забралі ўсіх.

Дык вось у чым справа. Людзі адсеяліся на гэтым полі ўвосені. Пэўна, атрымалі абяцанку, што ўлетку зьбяруць свой ураджай. Але тым часам іх зямля, а разам зь зямлёю ўсё, што на ёй расло, стала калгасным. Вось чаму і не пускалі калгасную жняярку на сваё поле гэтыя людзі. Вось адкуль такая зацятасьць, злосьць і лютасьць.

— Сьвякроў мая выйшла. У яе было ўсё харашо. А былі ж людзі, якія паўміралі там, дзе сядзелі. У турме. Там і пахаранілі іх. Вось тут тры домікі стаялі. Гэта дваюрадныя браты былі. І гэтыя браты там прысутнічалі. Пры абароне сваёй зямлі. Ды іхныя мацеры. Але маладыя паўцякалі. Казалі, што па іх стралялі. Дык яны паўцякалі ў лес, пахаваліся. Потым хаваліся доўга яны. Я ня помню, колькі іх там было, па іхных расказах. А тая зямля? Дык вось яна. Дзе кукуруза. Вось за яе ішла вайна. І каням хвасты палілі, факелы пабраўшы. Не давалі сваёй зямлі. Але ж правільна!

У 1950 годзе, калі ў Крыжоўцы адбывалася „бітва за ўраджай“, у Менску кампазытар Уладзімер Алоўнікаў напісаў на словы паэта Алеся Бачылы песьню, якая перажыла і 1950-я гады, і Савецкі Саюз. Не забылася яна і сёньня.

Радзіма мая дарагая,
Ты ў шчасьці жаданым жыві!
Я сэрцам табе прысягаю
У шчырай сыноўняй любві!
На рэках шырокіх і нівах,
Заводах, будоўлях — наўсьцяж
Народ наш працуе руплівы
І край узвышаецца наш.

Тады стваралася нямала песень, мэта якіх была „падбадзёрыць людзей, натхніць іх на новыя працоўныя подзьвігі, раскрыць прыгажосьць калгаснага ладу“. Пра калгас было нямала песень складзена. Але ў гэтай песьні не было ні подзьвігаў, ні калгаснага шчасьця. Былі зусім простыя словы пра радзіму. Сам я яе ўпершыню пачуў у культавым фільме 1960-х „Застава Ільліча“. У такога майстра, як Марлен Хуцыеў, выпадковых кадраў і гукаў не бывае. Алоўнікаўскую „Радзіму“ сьпяваў беларускі дзіцячы хор у тэлевізары, пакуль галоўны герой — малады, сьветлы „шасьцідзясятнік“ — спрачаўся з паджылым савецкім канфармістам. Зьмест той кіношнай спрэчкі забыўся, а мэлёдыя ў памяці засталася назаўжды. Галоўны герой глядзеў у экран і думаў: „Што ён за чалавек? Што гэта значыць — людзям напляваць адно на аднаго? Ня можа гэтага быць. Ня можа быць, каб ён меў рацыю“. І адразу за гэтым тэкстам палілося:

Навокал жыцьцё расьцьвітае —
І песьня ўзьлятае сама:
Мне лепей ад роднага краю
Нічога на сьвеце няма.

На жаль, гэтая песьня ў 1950-я ня мела ніякіх шанцаў стаць гімнам. Гімнам БССР стала іншая песьня — дзе былі словы пра братнюю Русь, пра Сталіна, пра партыю і пра сьцяг камунізму, „радасьці сьцяг“. Але „Радзіма мая дарагая“ запамінаецца адразу і дзякуючы мэлёдыі слухаецца, як сапраўдны гімн. Ёсьць у ёй радкі, якія прыйшліся б па душы і нашым героям, крыжоўскім бунтаўнікам: „Чужое зямлі нам ня трэба“. Дакладней, бунтаўнікам па душы было б, каб такім прынцыпам кіраваліся нападнікі.

Між іншым, на гэтым полі ў ліпені 1950-га песьні гучалі. Якія, праўда, не фігуруюць ні ў адным дакумэнце.

З тлумачальнай запіскі дэпутата Вярхоўнага Савету БССР Падаліса Вікенція Ёсіфавіча:

„Три женщины, как мне после стало известно, Рынкевич Аполония Ивановна, Рынкевич Елена Иосифовна и Змитрович Саломея Юльяновна с зажжёнными факелами из соломы и криками «Ура» бросились к лошадям. В это время колхозники, фамилии которых мне не известны, с криками «ура» подбежали к машине и начали забрасывать машину и находящихся при ней товарищей Чернецова и Сидоренко камнями и песком. Их примеру последовали и другие колхозники и колхозницы. В результате товарищи Чернецов и Сидоренко получили по несколько ударов и им были засыпаны глаза песком. На этом работа была прекращена и мы пошли проводить собрание“.

Ганна Рынкевіч паказвае мне сямейны фотаальбом.

— Яны з іконамі ішлі. Малітвы сьпявалі:

Сьвенты Божа, Сьвенты Моцны,
Сьвенты а Несьмертэльны,
Зьмілуйся над намі...
Ад паветша, глоду, огня і войны
Выбаў нас, Пане!
Ад наглай а неспадзяванай сьмерці
Заховай нас, Пане!
Мы, гжэшні, Цебе, Бога, прасімы
Выслухай нас, Пане!

З фатаздымку на мяне глядзіць Алена Рынкевіч, усьмешлівая, хударлявая, мілавідная жанчына. З тых кабет, якіх гады толькі ўпры- гожваюць. Мы з Ганнай ізноў выйшлі на поле.

Алена Рынкевіч (справа)
Алена Рынкевіч (справа)

— Вось тут яны і пайшлі ім насустрач з тымі факеламі. Міліцыя прыехала, і ўсё. Палучылі турмы. Маю сьвякроў выпусьцілі, бо ў яе быў маленькі сын. Яна, можа, з год прасядзела.

Згодна з прысудам, дзьве старэйшыя жанчыны, Рынкевіч Алена і Рынкевіч Апалёнія, атрымалі сем гадоў лягеру. Па тры гады далі дваццацігадовым Івану Зьмітровічу і Ўладзіславу Рынкевічу. Усе чацьвёра знаходзіліся пад вартай у маладачанскай турме №1. Саламея Зьмітровіч была пад падпіскай аб нявыезьдзе і схавалася. „Перешла на нелегальное положение“. Яе справу вылучылі ў асобнае вядзеньне.

У архіве захавалася характарыстыка і касацыйная скарга Алены Рынкевіч. Выходзіць, тую скаргу праз год задаволілі.

З характарыстыкі Алены Рынкевіч:

„До вступления в колхоз Рынкевич имела по всем видам поставок недоимки, а также плохо рассчитывалась по всем госплатежам. При вступлении в колхоз также плохо участвовала в колхозной работе. Во время уборки урожая тормозила в коллективной уборке. 22-го июля первой выступила с палкой и сагитировала за собой женщин, чтобы не допустить жатку на озимую рожь“.

Стоп. Рынкевіч не была аднаасобніцай. Ні Алена Рынкевіч, ні Апалёнія. Яны былі калгасьніцамі. Якія мусілі ведаць, што ні каліва таго ўраджаю з гэтага, ужо калгаснага, поля ім не перападзе. Дык навошта быў той бунт? Адказ на гэтае пытаньне я ўжо чуў — у Слабодцы. Ад Збыслава! Напэўна, паміж Рынкевічамі і папярэднім старшынём, Вашкевічам, была вусная дамоўленасьць наконт таго, што пасеянае дадуць сабраць для сябе. Хоць частку. Апошні раз! Тады становіцца зразумелым той адчай, зь якім сялянкі баранілі свой ураджай.

А вось касацыйная скарга Алены, напісаная яўна пад дыктоўку адваката.

„Приговор суда считаю слишком суровым, подлежащим изменению по следующим основаниям. При определении мне меры наказания суд не учёл, что действия, которые мне вменялись в вину, заключающиеся в том, что я в числе других женщин колхозниц противодействовала работе жнеярки на колхозном поле, я совершила по несознательности, в силу пережитков тяжёлого прошлого в своем сознании“.

Сярод дакумэнтаў той справы захаваліся характарыстыкі на Івана Зьмітровіча і Ўладзіслава Рынкевіча. А таксама іхныя касацыйныя скаргі. Зьвярну вашу ўвагу на мову, якой напісаная характарыстыка на Івана Зьмітровіча. Для судоў і прысудаў у савецкай дзяржаве магла быць толькі адна мова. Якой беларускія сьледчыя, мяркуючы зь іх пісаніны, вучыліся на хаду. Адсюль і зьяўляліся такія прававыя тэрміны, як „фулиганство“.

„Во время проводимых мероприятий Змитрович проявлял фулиганство. Так, например, когда проводился сбор подписей под Стокгольмским воззванием, гражданин Змитрович агитировал молодёжь против. И сам от росписи отказался. На уборку уражая сам не выходил. Проявлял ряд фулиганских поступков“.

Стакгольмскі заклік — гэта ініцыятыва францускага фізыка Фрэдэрыка Жаліё-Кюры аб забароне ядзернай зброі. Падпісалі той заклік пісьменьнікі Якуб Колас і Томас Ман, сьпявак і актор Іў Мантан, мастак Марк Шагал, кампазытар Дзьмітры Шастаковіч. Адмовіліся падпісваць такія „фуліганы“, як беларускі селянін Іван Зьмітровіч і расейскі паэт Барыс Пастэрнак. Самае цікавае, што Іван сапраўды мог і пазьбегнуць турмы, улічваючы ўжо задаволеную скаргу Алены Рынкевіч.

Саламея Зьмітровіч, якая, хутчэй за ўсё, атрымала свой прысуд пазьней, трапіла пад амністыю ў красавіку 1953-га, пасьля сьмерці Сталіна. Вынікае, што самай трагічнай фігурай у гэтай гісторыі стала Апалёнія Рынкевіч. Найстарэйшая з удзельнікаў (на той час мела 60 гадоў), зь лягеру яна не вярнулася.

З усіх магчымых спадкаемцаў гэтага фатальнага поля тут застаўся толькі Генадзь, сын Ганны, унук Алены. Ён якраз прыехаў дахаты зь недалёкай адсюль АЭС, дзе працуе ахоўнікам. Бачна, што гаспадар ён добры. Ёсьць у яго і трактар, і аўтамабіль, і скаціна. Вось толькі зямлю гэтую ён забіраць не сьпяшаецца. Мае двух сыноў. Адзін працуе электрыкам на той жа АЭС, другі сканчае школу. Усе маюць „карту паляка“ і лічаць сябе палякамі. Цікава, што ў крымінальнай справе ўсе героі гэтай гісторыі фігуруюць спачатку як „белоруссы“. У характарыстыках, першых допытах і Алена, і Саламея, і Іван, і Ўладзіслаў, і Апалёнія пішуцца „белоруссами“. Але бліжэй да суду іх пераводзяць у палякі. Няўжо прынцыповыя сьледчыя раптам выяўляюць праўду? Каб ня сьмелі варожыя элемэнты хавацца за правільнай савецкай нацыянальнасьцю?

Пра таямніцы пятай графы мне расказаў гісторык, дасьледчык сталінскіх рэпрэсій Мікола Іваноў. Паводле перапісу 1926 году, на тэрыторыі СССР жылі 1 мільён 250 тысяч палякаў. Да пачатку 1937 году людзей з нацыянальнасьцю „паляк“ у пятай графе засталося 800 тысяч. Падчас вялікага тэрору былі расстраляны 200 тысяч, альбо кожны чацьвёрты. Ніводная нацыя тады ня зьведала такога вынішчэньня. Нацыянальнасьць „паляк“, па сутнасьці, ужо была прысудам. Натуральна, што тутэйшых жыхароў Заходняй Беларусі пад польскай уладай гэтыя жахі не краналі.

Пасьля была вайна і паваеннае масавае перасяленьне палякаў зь Беларусі ў Польшчу, а беларусаў з Польшчы ў Беларусь, і былі тысячы прычын і матываў тутэйшых людзей называцца так або гэтак, мяняць ці не мяняць нацыянальнасьць. А яшчэ — тысячы валявых рашэньняў прадстаўнікоў улады, калі чалавека перапісвалі то ў палякі, то ў беларусы. Урэшце, зьяўленьне „карты паляка“ ў наш час стала моцным стымулам успомніць свае колішнія „польскія“ карані.

А чаму Генадзь не сьпяшаецца „забіраць зямлю“, сваю спадчыну? Адказы на гэтае пытаньне я чуў ня раз. Асноўны матыў — а навошта нам тая зямля? Новыя часы, дзеці на ёй працаваць ня будуць, і таму падобнае. Але тут, каля менавіта гэтага поля, я не захацеў яго распытваць, каб пачуць сто разоў пачутае. Не захацеў ставіць яго ў становішча, пры якім ён мусіў незнаёмаму чалавеку з дыктафонам хлусіць. Бо ён разумее, што і я разумею. Зямлю забрала „гасударства гэта“. І, пакуль яно існуе, пра сваю зямлю можна толькі марыць...

Я скіраваў свой уяўны ліхтарык уніз вялізнага палатна, туды, дзе сканчаецца поле, і ўбачыў джып ГАЗ-67 бяз тэнту. Каля яго — пара міліцыянтаў у цёмна-сініх кіцелях і трое мужчын у цывільным. Адзін, у добрым двухбортным касьцюме і фэтравым капелюшы, нешта піша ў нататнік. Мужчыны ў цывільным ажыўлена перамаўляюцца. Міліцэйскі сяржант чухае патыліцу, позірк яго азадачаны. Афіцэр у мундзіры стаіць як укапаны, рукі ў бокі, на твары нядобрая ўсьмешка. Тое, што адбываецца на полі, усіх гэтых людзей адначасова бянтэжыць, нэрвуе, зьдзіўляе і палохае. Яны звыкліся да іншых паводзінаў „простага народу“ — да паслухмянасьці, пакорлівасьці, прынамсі да маўчаньня. Але толькі не да супраціву.

Раптам у музэйнай залі ўспыхнула сьвятло. Карціна паўстала ў цэласьці. А на суседніх сьценах асьвяціліся іншыя палотны і сюжэты. З тым самым сэнсам.

Забіць упалмінзага. Новая кніга Зьмітра Бартосіка

У гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя найбольш замоўчанымі і засакрэчанымі застаюцца старонкі супраціву беларусаў савецкай акупацыі, русіфікацыі і калгасам. Праўда пра гэты супраціў зьнішчаная або схаваная ў архівах КГБ, а жывыя сьведкі падзеяў памерлі. Вырваныя з гістарычнай памяці нацыі веды пра саму сябе, пра сваю нязгоду і герояў змаганьня супраць чужынскіх парадкаў — ці не галоўная прычына таго, што гэтыя парадкі ўсё яшчэ пануюць у рэальнасьці, несучы беларусам выраджэньне, няволю і вымушаную эміграцыю.

На працягу дваццаці гадоў Зьміцер Бартосік езьдзіць па Беларусі ў пошуку праўдзівых сюжэтаў мінулага. Гэтым разам у рукі аўтару трапляюць дакумэнты Маладачанскага абласнога суду (быў такі пасьля вайны), якія выпадковым чынам апынуліся ў адкрытым доступе. У свой час гэтыя дакумэнты скапіяваў гісторык Міхась Чарняўскі. Асноўныя артыкулы крымінальных справаў — антысавецкі „бандытызм“, антысавецкія паўстаньні, падпольле, агітацыя, погляды і настроі. Дзясяткі справаў — толькі малы фрагмэнт таго валу судовых працэсаў, што адбываліся ў былой Заходняй Беларусі.

Зьміцер Бартосік з дакумэнтамі ў руках выпраўляецца па адрасах колішніх падзеяў і часьцяком знаходзіць старажылаў, якія распавядаюць пра фігурантаў тых крыміналаў. „Не хацелі ўступаць у гасударства гэта“ — такі лейтматыў успамінаў і тлумачэньне ўчынкаў, за якія ўдзельнікі атрымлівалі па 25 гадоў турмы.

Людзі адстойвалі сваю маёмасьць, сваю мову і сваю свабоду са зброяй у руках, утвараючы партызанскія атрады „лясных братоў“, змагаючыся з прышлай чужой уладай. Чакалі, што Захад, паставіўшы кропку на Гітлеры, паставіць яе і на Сталіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG