Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі праз хутары разьбягаліся, як тараканы». Частка 9 новай кнігі Зьмітра Бартосіка «Забіць упалмінзага»


Вайдзені, Вялейскі раён

Неяк у Строчыцах загаварылі мы з маладым супрацоўнікам музэя пра этнаграфічныя рэгіёны Беларусі. „Іх усяго шэсьць, — пачаў згадваць я. — Палесьсе, Падзьвіньне, Панямоньне...“. „Ні ў якім разе! — усклікнуў апантаны музэйшчык. — Іх сем!“ — „А які ж сёмы?“ — „Віленшчына! — упэўнена прамовіў навуковец. — Ні з чым не параўнальная Віленшчына. Зь яе адрознай прыродай, зь яе нацыянальнай стракатасьцю, а галоўнае — зь яе хутарской сьвядомасьцю! Віленшчына — гэта краіна хутароў!“

Працуючы над кнігай пра сёмую вобласьць, я адразу ўспомніў тую гутарку пра сёмы этнаграфічны рэгіён. Бо яны супадаюць.

Вёска Вайдзені, што ў Вялейскім раёне, вядомая з 1766 году. Гэта ня хутар, але пасярод хутарскога краю — з насельніцтвам, надзеленым практычна хутарской сьвядомасьцю.

У 1938-м, перадваенным, годзе тут жылі амаль 250 чалавек. У 1949-м, як паведамляе энцыкляпэдыя „Гарады і вёскі Беларусі“, тут стварылі калгас „Сталінская канстытуцыя“. У 2008-м у Вайдзенях заставаліся 32 жыхары. У 2019-м — 20. Далёка ня ўсе зьбеглі ад сталінскай канстытуцыі добраахвотна. І далёка ня ўсе засталіся ў жывых пасьля падзеяў, якія суха апісвае судовая справа 1950 году, справа Соф’і Сямашкі, 1925 году нараджэньня, пісьменнай, замужняй, беспартыйнай, несудзімай.

„Семашко София признана виновной в том, что она в июне месяце 1950 года установила преступную связь с вооружённой бандгруппой, возгловляемой КОВАЛЁНОК Петром, действовавшей на территории Вилейского и Сморгонского районов.

В июне месяце 1950 года муж осуждённой Семашко Евгений при согласии на то осуждённой привёз в свой дом раненного главаря банды КОВАЛЁНОК Петра. В течении трех недель осуждённая совместно со своим мужем /ныне осуждённым/ укрывала от органов Советской власти упомянутого бандита, обеспечивала его продуктами питания, готовила для него пищу и оказывала медицинскую помощь“.

Вайдзені — месца зацішнае. Яно схавалася ў глыбіні вялікага хваёвага лесу ад вялікіх дарог і чужых вачэй. У вёсцы хапае пустых хат, ёсьць дамы, абшытыя сайдынгам. Няйначай гарадзкія нашчадкі свае радавыя гнёзды перарабляюць у дачы. Мой першы суразмоўца Аляксандар Садоўскі занадта малады, каб памятаць пяцідзясяты год. Але памяць пра тую гісторыю ў Вайдзенях жывая дагэтуль.

— Я помню, дзе стаяў іхны дом. Вунь там на гарэ. Дом жа разабралі. Памятаю фундамэнт, падвал, дзе яны праталіся. Калі іх пасадзілі, яны ўжо не вярнуліся. А ў іх былі сыны, усе ў бандзе былі.

Калі я ўжо зьбіраўся сыходзіць, мой суразмоўца распавёў пра свайго дзядзьку, былога ўдзельніка вайны, які ваяваў у заградатрадзе, таксама вязьня ГУЛАГу, таксама арыштаванага ў 1950-я. Але яго справы не магло быць у маім архіве. Бо дзядзька быў супрацоўнікам МГБ.

— Майго дзядзьку, матчынага брата, ён быў міліцыянэрам, таксама рэпрэсіравалі. Адправілі ў Сібір. І там памёр. Ён былы ваенны, у заградатрадах быў. Строіў БАМ яшчэ да таго, як пачалі сьпяваць пра БАМ. Мікалай Сьцяпанавіч Аскірка, 1922 году нараджэньня. Ён у ашмянскай міліцыі служыў. У тыя часы, калі баролісь з бандамі. Іх адправілі кагосьці арыштаваць, на нейкім далёкім хутары. Яны, міліцыянэры, заначавалі непадалёк. А тыя бандыты ўцяклі. І вось іх за гэта ў Сібір. Замест тых. Прыслалі бумагу адтуль, з лагера, што памёр.

Я пайшоў у госьці да іншай карэннай вайдзянкі, Галіны Казёл. Галіна — жанчына моцная, мажная, галасістая, — як высьветлілася, далёкая сваячка фігурантаў той справы.

— Маёй мамы сястра была замужам за яе братам, Колем Сямашкам. А гэта Соня, яго сястра. Пасьля лягеру яны сюды не вярнуліся. Яны паехалі на Ўкраіну і там памерлі. Маім сёстрам дваюрадным было па дзесяць лет, як іх бацька прыйшоў.

Такім чынам, Соф’я Сямашка — жонка Яўгена Сямашкі. У таго Яўгена быў яшчэ брат Мікалай і сястра Нюра. Мікалаева жонка — гэта родная цётка маёй суразмоўцы. Усе, акрамя Нюры, пайшлі ў ГУЛАГ. Сьляды Соф’і пасьля лягеру згубіліся. Астатнія пераехалі ва Ўкраіну. На радзіму не вярнуўся ніхто.

А цяпер зазірнем у абласную „Сялянскую газету“ за 1950 год.

„Ад селяніна Хохлаўскага сельсовета, Маладзечанскага раёна, паступіла пісьмо, у якім паведамлялася, што загадчыца магазінам Бармоціна парушае правілы совецкага гандлю. Разам з неабходнымі спажыўцу таварамі яна ў якасці «нагрузкі» прымушала браць сіньку для бялізны.

Загадчык райгандльаддзелам паведаміў у рэдакцыю, што пры праверцы на месцы факты поўнасцю пацвердзіліся. На загадчыцу магазінам накладзена адміністратыўнае спагнанне — вымова“.

„У магазінах гор. Вілейка немагчыма купіць зубны парашок. Замест яго прапануюць зубную пасту, а парашок абяцаюць... «у бліжэйшы час».

Няўжо зубны парашок з’яўляецца такім рэдкасным таварам, якога не мае гандлёвая сетка горада?“.

„У сяле Крэва, Смаргонскага раёна, ёсць тры магазіны. У адзін з іх зайшоў пакупнік.

— Папяросы ёсць? — запытаў ён.

— Няма, — адказаў прадавец.

— Махорка?

— Таксама няма.

Прадавец параіў прайсці ў другі магазін: «Там, магчыма, і гандлююць гэтым таварам».

Пакупнік наведаў і астатнія два магазіны. На яго пытанні паследвала знаёмае слова — няма.

— А дзе-ж усё-такі купіць пачку папярос? — запытаў пакупнік у трэцім магазіне. На шчасце, тут аказаўся і сам старшыня Крэўскага сельпо тав. Рапацэвіч. Ён і «выручыў».

— Паязджайце, дарагі, у Смаргонь, — сказаў ён, — там, здаецца, вы задаволіце свой попыт“.

„У вайну Пастаўскі вінзавод быў ператворан у груду развалін. У 1946 годзе яго аднавілі. За пасляваенныя гады значна ўдасканалена абсталяванне прадпрыемства. Зараз тут выпускаецца шэсць гатункаў він: вінаграднае, яблычнае, журавіннае, бруснічнае, чарнічнае і фруктовае.

Калектыў завода настойліва змагаецца за палепшанне якасці сваёй прадукцыі, уступіўшы ў перадмайскае соцспаборніцтва з мясакамбінатам“.

Хто выйграў „соцыялістычнае спаборніцтва“, мясакамбінат ці вінзавод, ведаю нават я, народжаны ў 1960-х. Ужо за часамі Брэжнева і Машэрава ня тое што ў вясковых, нават у крамах абласных гарадоў прадукцыя мясакамбінатаў была прэзэнтаваная толькі лівэрнай каўбасой, па вараную „доктарскую“ трэба было адстаяць у чарзе. Вэнджаныя каўбасы ўжо трэба было толькі „даставаць“. А вось з прадукцыяй вінзаводаў праблемаў не было ніколі. Але нашых герояў ні пладова-ягаднае віно, ні махорка, ні зубны парашок не цікавілі.

„С июля до середины сентября 1950 года СЕМАШКО София принимала бандгруппу КОВАЛЁНОК Петра, состоящую из 4-х человек. Предоставляла бандитам свой дом и надворные постройки для укрывательства и отдыха. Снабжала бандитов продуктами питания и самогоном, а также сама неоднократно принимала участие в пьянках.

За оказанные услуги СЕМАШКО София получала от бандитов товары ограбленных ими магазинов сельпо в порядке вознаграждения, головные платки, 6 пар простых и шелковых чулок, туфли, отрез материала, зеркало, одеколон и другие товары“.

З пратаколу добра бачны асартымэнт сельскай крамы. Гаспадыняй гэтага багацьця стала Нюра, сястра Мікалая і Яўгена, якая пазьбегла лягеру. Працягвае Галіна Казёл:

— Тут жыла іхная сястра. І яны ў яе хавалі ўсё награбленае. Але яе не пасадзілі, Нюрку. Пасадзілі толькі братоў. Казалі, што ў яе скрыні знайшлі дзецкіх баціначак, усяго людзкога. Яна выйшла сухой з вады. Яе не судзілі. Хаця там быў прытон партызанскі, бандыцкі.

А мы тым часам ідзём далей. Каб даведацца, што ж цікавага знайшлі супрацоўнікі МГБ у доме Сямашак у 1950-м, акрамя адэкалёну. Майму наступнаму суразмоўцу, Уладзімеру Садоўскаму, у той час было дзесяць гадоў.

Уладзімер Садоўскі
Уладзімер Садоўскі

— Бандзіты былі. Маю цётку пугалі: „Мы цебе адно месца надзяром, калі будзеш балтаць“. Там былі і вайдзенеўскія, і з Урэчча, і з другіх дзеравень. Я былы ваеннаслужачы. І ў Северадзьвінску была ў мяне радня. І там была свадзьба. І на той свадзьбе была адна жанчына. Яна была замужам за адным зь іх. Я зь ёй разгаварываў. Гэта былі 1980-я годы. Яны ўжо ўсе паўміралі. Сямашка Франак даўно памёр. У яго аўтамат і кулямёт быў. Помню, як яго вялі, рукі назад, эмгэбэшнікі.

Аўтамат? Кулямёт? Нішто сабе арсэнал у гэтага Франка. Па больш падрабязны аповед я паехаў у Маладэчна, да найстарэйшага ўраджэнца Вайдзеняў Лявона Лявошкі. 86-гадовы Лявон Лявошка вельмі адпавядае свайму імю. Па-беларуску шчыры, усьмешлівы. Ён цудоўна памятае той час, калі сям’я Сямашак нечакана для ўсіх пачала багацець.

Лявон Лявошка
Лявон Лявошка

— Сямашкі — гэта хутар быў. Мнагадзетная сям’я, пяцёра дзяцей. Самы малодшы — Ванька, потым Барыс, трэці Коля і чацьвёрты Жэнька. І сястра Нюра. Я з Ванькам у школу хадзіў. Нашу вёску спалілі ў сорак чацьвёртым гаду, немцы. Потым усіх мужыкоў забралі ў армію. І быў такі пэрыяд, калі дома былі ўсе бацькі, толькі немцы сышлі. І ў гэты час быў очань разьвіты бандытызм. І гэтая сям’я ўчаствавала ў грабяжах магазінаў. У іх сталі паяўляцца, тады вельмі модныя былі, радыёпрыёмнікі! Я сам зрабіў яго. А ў іх паявіўся куплены. А дзе яны яго ўзялі? Бедныя ж былі. А патом веласіпед паявіўся. Каб купіць веласіпед, трэба было сто дваццаць пудоў хлеба!

Магазіны сям’я Сямашак „бамбіла“ творча. Да справы падыходзілі грунтоўна. Вярталіся на базу ня тым шляхам, які наўпрост вёў да

намечанай крамы. Па дарозе раскідвалі цукеркі з абрабаванай крамы, каб заблытаць сьляды. А пагарэлі на дробязі.

— Іхная сядзіба была на горцы. Падчас вайны ў іх нічога не згарэла. Спачатку ўсё разбамбілі, а потым хадзілі два мужыкі і паджыгалі дамы, каторыя не загарэліся. А іхнае ўсё засталося. І калі міліцыя ехала, глядзяць — там дарожка палявая. І замеценая венікам. А чаго яна замеценая? Можа, пасьля таго, як карову выганяла на пашу, ды замяла? А людзі гавораць, ды яна ў гадавы празьнік не замяце. А тут у рабочы дзень замяла. Штосьці ня тое. Аказалася, прайшоў воз, ноччу ж езьдзілі магазін грабіць, і дарожку, каб не замецілі людзі, замялі. Каб не было відна, што там нехта ехаў. Зайшлі да іх. Воз стаіць пасярод двара. Са снапамі сена. Разьбіраюць гэты воз. А там, у снапах, — усё, што ў магазіне набралі. Потым Франак, муж Нюры, прынёс зь лесу пулямёт. Паглядзелі ў калодзеж — а там аўтамат. Колю забралі і Жэньку. Самыя старшыя. І гэтага Франка забралі.

Усё прадугледзелі Сямашкі. І раскіданыя цукеркі па далёкіх дарогах. І хаваньне нарабаванага ў снапах, на самым бачным месцы. І так па-дурному пагарэлі. Ня трэба ўсё ж здраджваць сваім звычкам. Але ж з арыштам Сямашак гісторыя ня скончылася.

Ужо ў 1970-я ў Вайдзенях адбылася трагедыя. Як рэха паваенных часоў. Ад шалёнай кулі загінуў малады чалавек, які нарадзіўся ўжо пасьля 1950 году.

— Калі ў іхным доме разьбіралі крышу, знайшлі пісталет. Месны дзядзька знайшоў, які крышу разьбіраў. Забраў той пісталет сабе і схаваў. А ягоны сын знайшоў. І да таго сына прыйшоў друг і стрэліў. Сабе ў лоб стрэліў. Насьмерць.

Аказваецца, шматдзетная сям’я Сямашак была зусім ня простай. Галава сям’і быў знаным на ўсё навакольле краўцом. Да размовы далучылася жонка Лявона Браніслава, таксама вайдзенская кабета.

— Апазыцыянэраў яшчэ не было. Былі чэсныя людзі і бандзіты. Ацец іх очань харошы партной быў. Шыў адзёжу. Да яго насілі шыць адзёжу толькі паны. Паноў у нас многа было. Ён толькі іх абшываў.

Умеюць нашы людзі часам выказаць тое, што называецца „голас народу“. „Тады апазыцыянэраў не было, толькі чэсныя людзі і бандзіты“. Але ўва ўсёй гэтай гісторыі ключавым словам для мяне гучыць слова „хутар“.

У старых тэчках ёсьць нямала спраў, дзе не знайсьці ніякіх канцоў у сёньняшнім дні. Ні сьлядоў фігурантаў, ні жывых сьведак тых даўніх падзеяў. А справы вельмі цікавыя. Як, напрыклад, справа Ганны Валяр’янаўны Бабіч, 1910 году нараджэньня, зь сялян, зь сярэдняй адукацыяй, несудзімай, адзінокай. Абласны суд выпісаў ёй 6 гадоў папраўча-працоўных лягераў.

„Бабич признана виновной в том, что она у себя на квартире хранила антисоветскую, т.е. профашистскую, литературу, которая была у неё обнаружена.

Ссылка осуждённой Бабич, что антисоветская литература, обнаруженная у неё на квартире, принадлежит её квартирантке Козловской, которая осуждена за невыполнение налогов и отбывает меру наказания, является несостоятельной, так как указанная литература обнаружена в столе, принадлежащим Бабич“.

Чым сябе пацешыць немаладой жанчыне пасьля цяжкай працы на гаспадарцы? Чым разнастаіць сваю самоту? Вядома, лепшага адпачынку, чым чытаньне антысавецкай, „гэта значыць прафашысцкай“, літаратуры не прыдумаць. Шкада, што судзейскія не пакінулі ніводнага тлумачэньня, што ж за антысавецкая літаратура была ў тым стале? Ды яшчэ ў 1947 годзе? Старыя польскія газэты? Рэлігійныя кнігі? Гістарычныя нарысы пра польска-савецкую вайну? Пра гэта мы ўжо ніколі не даведаемся. Як не дазнаемся ні пра лёс Ганны Бабіч, ні пра лёс яе загадкавай кватаранткі Казлоўскай. Бо разам з гаспадыняй назаўжды зьнік і хутар Ляды, які некалі быў у Валожынскім раёне.

Няма і хутара Санава, што некалі існаваў на Астравеччыне, каля самай літоўскай мяжы. Дзе ў 1918 годзе нарадзіўся Мечыслаў Людвігавіч Глазко, зь сялян-кулакоў, паляк, пісьменны, несудзімы. Нават сухія радкі, якія пералічаюць злачынствы маладога чалавека, ператвараюць судовы дакумэнт у накід прыгодніцкага кінасцэнара.

„Глазко признан виновным в том, что он, не желая служить в Советской Армии, в 1944 году перешел на нелегальное положение и вступил в бандгруппу Чернявских Бронислава и Эдмунда, осуждённых по другому делу.

В августе месяце 1944 года осуждённый Глазко совместно с Чернявскими были задержаны милиционером Лавреновичем, причем при конвоировании в РО МВД местечко Островец, в пути следования Глазко с Чернявскими напали на Лавреновича, отняли у последнего винтовку и пытались застрелить его, но сделанным выстрелом промахнулись и в это время Лавренович скрылся в лесу.

В 1945 году Глазко снова был задержан и арестован и направлен в спецлагерь для проверки, а в июле месяце 1948 года был этапирован в город Молодечно, но в пути следования вторично совершил побег и скрылся.

В сентябре месяце 1949 года Глазко был задержан, у которого был отнят финский нож и паспорт, принадлежащий гр-ну Гончарову Ивану Тимофеевичу, подделаный в паспорте год рождения, из’яли из паспорта фотокарточку Гончарова и приклеили свою, по коему и проживал до момента задержания его“.

Перастрэлкі, уцёкі, падробка дакумэнтаў. Як цікава і насычана жыў Мечыслаў Глазко! Зрэшты, абласны суд ацаніў ягоную пасіянарнасьць па вышэйшай планцы — 25 гадоў лягераў.

Таксама не засталося ніякіх зьвестак пра хутар Магільнікі Відзаўскага раёну. Там жыла Філіміна Адамаўна Швілпа, 1905 году нараджэньня, полька, непісьменная, беспартыйная, калгасьніца калгасу імя Суворава. Савецкай калгасьніцы далі дзесяць гадоў лягеру за тое, што

„... была связанна с участниками вооружённых террористических групп польско-литовского подполья, которым оказывала содействие в их борьбе против Советской власти“.

Польска-літоўскае падпольле? Пра Армію Краёву чуў, пра літоўскіх лясных братоў таксама. А вось пра такі сымбіёз... Гэта хіба нешта з тэрміналёгіі маскоўскіх карнікаў XIX стагодзьдзя. Як толькі забыліся напісаць, што ўзначальвала падпольле польска-літоўская шляхта. Але чытаем далей.

„Швилпа признала себя виновной в том, что она в 1948 году 3 недели укрывала в своём доме одну женщину, которая была связана с литовскими партизанами. Швилпа подтвердила, что за этот период её дом три раза посещали «литовские партизаны», о чем органам советской власти она не донесла“.

Літоўскія партызаны. Дзіўна, але хоць раз работнікі МГБ ня схлусілі. Назвалі рэчы сваімі імёнамі. Словазлучэньне „беларускія партызаны“ магло мець толькі савецкую афарбоўку. Але ці памятае хоць нехта пра тых літоўскіх партызанаў на беларуска-літоўскім памежжы? Хутароў не засталося.

Маім правадніком у тэме хутара ў паваеннай Беларусі зноў стаў эканаміст Міхал Залескі. Мы ідзём празь Мядзьведжынскі лес. Дзе таксама яшчэ засталіся сьляды былых хутароў. Ці ня сьведчыла ліквідацыя самай хутарской вобласьці пра пастаўленую і выкананую савецкай уладай задачу — ліквідацыю хутароў?

— Гэта памылка лічыць, што хутары былі зьліквідаваныя. У 1972 годзе я паступіў на працу ў Цэнтральны навукова-дасьледчы інстытут мэханізацыі і электрыфікацыі СССР, у аддзел эканомікі і арганізацыі выкарыстаньня машынна-трактарнага парку. І вось ідэя камуністаў на той час была такая (гэта семдзесят другі год), што чым менш трактар робіць разваротаў, тым больш ён ашчаджае паліва. І таму хутары мусяць быць зьліквідаваныя. Таму што яны перашкаджаюць зрабіць вялікія палі. І я быў адпраўлены як лябарант у Цэнтральны дзяржаўны архіў імя Кастрычніцкай рэвалюцыі падлічваць хутары. Іх на той час было ў краіне 586 тысяч. І на тэрыторыі былой Маладачанскай вобласьці іх была асноўная частка. Увесь Віленскі край — ён быў самы хутарскі. І данішчаныя яны былі за Брэжневым. Бо ўлады дачакаліся, калі старыя будуць паміраць, маладыя зьедуць, і ўсё гэта зносілася.

На хутары не правядзеш палітінфармацыю. Сюды адмыслова не прывязеш кінаперасоўку, каб паказаць навіны дня. Нават з прымусовай падпіскай на газэту „Сталінскі шлях“ будуць праблемы. Але была яшчэ адна прычына, якая несла небясьпеку савецкаму рэжыму. Можа, асноўная, празь якую хутары належала вынішчыць. Гаворыць Міхал Залескі:

— Людзі на хутарах „клалі з прыборам“ на савецкую ўласьць. Былі такія людзі, як у нашай мясцовасьці. Дзядуля, каторы меў зяця-прадаўца, дачку-настаўніцу, мэдаль „Партызан Беларусі“ за тое, што гарэлку даваў партызанам, і хутар захаваў са сталыпінскіх часоў да нашага часу. Хутар — гэта свабода. У мяне сваякі Завадзкія дажылі да ста гадоў і не прызнавалі гэтай улады. Іх ніхто не чапаў, бо яны навучыліся поўнай мімікрыі. Ліквідацыя хутароў — гэта была ліквідацыя базы забесьпячэньня магчымых паўстанцаў. Мой бацька, быўшы аграномам МТС, вазіў прэсу на хутар ксяндзу. Каторы там сядзеў пяць гадоў, а потым сышоў у Літву. Праз хутары людзі легалізаваліся. Людзі выходзілі з АК, людзі выходзілі з бандаў праз хутары. Таму што даказаць... „Я Завадзкага пляменьнік. Я на хутары жыў і лапцем хлябаў шчы. А зараз я очань хачу па камсамольскай пуцёўцы паехаць на цаліну!“ — „Вось табе пашпарт, таварыш! Яжджай!“ Атрымаў дакумэнт, разьвярнуўся, даехаў да Мурманска, наняўся на параход. Усё! Гэта рэальная гісторыя. Людзі праз хутары разьбягаліся, як тараканы.

Аднойчы, гадоў дзесяць таму, трапіўшы на клясычны беларускі хутар сярод густога лесу, на беразе Вяльлі, я быў зачараваны ня толькі прыгажосьцю мясьціны, але і той ступеньню свабоды, якую гэты хутар даваў. Таму мяне зусім не зьдзівіла энэргетычная вайна, якую вёў мясцовы сельсавет супраць хутараніна. Заломваючы неймаверныя цэны за тое, каб правесьці лінію электрычнасьці. Сельсавету трэба было, каб усе жыхары „непэрспэктыўных“ вёсак перасяляліся ў адзін аграгарадок. У аднолькавыя, пабудаваныя паводле аднаго праекту будынкі, пад адзін нагляд. Хутар па самой сваёй свабоднай прыродзе — зьява індывідуалістычная, а значыць антысавецкая. Калгасы паступова выміраюць. А вось вёскі, на якія савецкія ўлады накінулі таўро „непэрспэктыўнасьці“, маюць бліскучую пэрспэктыву — адрадзіцца ў выглядзе самадастатковых сучасных хутароў. Са сваёй вадой, сваёй электрычнасьцю, сваім паветрам.

Забіць упалмінзага. Новая кніга Зьмітра Бартосіка

У гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя найбольш замоўчанымі і засакрэчанымі застаюцца старонкі супраціву беларусаў савецкай акупацыі, русіфікацыі і калгасам. Праўда пра гэты супраціў зьнішчаная або схаваная ў архівах КГБ, а жывыя сьведкі падзеяў памерлі. Вырваныя з гістарычнай памяці нацыі веды пра саму сябе, пра сваю нязгоду і герояў змаганьня супраць чужынскіх парадкаў — ці не галоўная прычына таго, што гэтыя парадкі ўсё яшчэ пануюць у рэальнасьці, несучы беларусам выраджэньне, няволю і вымушаную эміграцыю.

На працягу дваццаці гадоў Зьміцер Бартосік езьдзіць па Беларусі ў пошуку праўдзівых сюжэтаў мінулага. Гэтым разам у рукі аўтару трапляюць дакумэнты Маладачанскага абласнога суду (быў такі пасьля вайны), якія выпадковым чынам апынуліся ў адкрытым доступе. У свой час гэтыя дакумэнты скапіяваў гісторык Міхась Чарняўскі. Асноўныя артыкулы крымінальных справаў — антысавецкі „бандытызм“, антысавецкія паўстаньні, падпольле, агітацыя, погляды і настроі. Дзясяткі справаў — толькі малы фрагмэнт таго валу судовых працэсаў, што адбываліся ў былой Заходняй Беларусі.

Зьміцер Бартосік з дакумэнтамі ў руках выпраўляецца па адрасах колішніх падзеяў і часьцяком знаходзіць старажылаў, якія распавядаюць пра фігурантаў тых крыміналаў. „Не хацелі ўступаць у гасударства гэта“ — такі лейтматыў успамінаў і тлумачэньне ўчынкаў, за якія ўдзельнікі атрымлівалі па 25 гадоў турмы.

Людзі адстойвалі сваю маёмасьць, сваю мову і сваю свабоду са зброяй у руках, утвараючы партызанскія атрады „лясных братоў“, змагаючыся з прышлай чужой уладай. Чакалі, што Захад, паставіўшы кропку на Гітлеры, паставіць яе і на Сталіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG