Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня толькі «бязь вілы ў Маямі і фуа-гра». Новая «жалезная заслона» аўтарства Пуціна і Лукашэнкі будзе зусім іншай, чым папярэдняя


Міністры замежных спраў Расеі і Беларусі Сяргей Лаўроў і Ўладзімер Макей. Каляж
Міністры замежных спраў Расеі і Беларусі Сяргей Лаўроў і Ўладзімер Макей. Каляж

«Жалезная заслона» савецкага ўзору была далёка ад Беларусі — недзе за Бэрлінам і Прагай.

Новая «жалезная заслона», якая ўзьнікае на нашых вачах як наступства палітыкі Пуціна і Лукашэнкі, будзе адгароджваць беларусаў ад цывілізаванага сьвету па пэрымэтры амаль усіх дзяржаўных межаў: за Ваўкавыскам і Камянцом, Пінскам і Мазыром, Ашмяной і Лідай, Астраўцом і Глыбокім... І яна будзе зусім іншай, чым тая, якую памятаюць сьведкі і ўдзельнікі колішняй халоднай вайны.

Галоўная яе адметнасьць — тое, што адгароджваецца цяпер не сама Масква «ад тлятворнага ўплыву Захаду» (як тое было ў ХХ стагодзьдзі), адгароджваюцца ад яе (і ад Менску як ад хаўрусьніка агрэсара). Адгароджваюць ад сучасных тэхналёгій і ад заходніх брэндаў, ад авіяпералётаў і заходніх тавараў, ад банкаўскіх картак і шэнгенскіх візаў, ад звыклых турыстычных маршрутаў і курортаў, ад міжнароднага спорту і культурнага жыцьця.

«Каб сабе чаго не прышчамілі...»

Зьвярніце ўвагу, зь якімі непакоем і трывогай гаварылі пра гэта тыдзень таму міністры Ўладзімер Макей і Сяргей Лаўроў.

Макей: «Абрысы жалезнай заслоны ўжо ня толькі маячаць на даляглядзе. Фактычна падмурак яе ўжо ўзьведзены. У тым ліку і ў фізычным сэнсе, калі мы возьмем стварэньне сьцяны, якая дзеліць Белавескую пушчу. Палітычныя кантакты абмежаваныя, зьведзеныя на нішто. У гандлёва-эканамічнай сфэры на нас аказваецца санкцыйны ціск, разрываюцца створаныя дзесяцігодзьдзямі сувязі.

Нават у тым, што тычыцца адносін паміж грамадзянамі, таксама цяпер ніякіх кантактаў няма з улікам таго, што абмежаваная лягістыка ўзаемадзеяньня. Закрытая паветраная прастора для палётаў беларускіх і расейскіх кампаній. Таму жалезная заслона сёньня будуецца ўжо самімі заходнікамі».

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў (зьлева) і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей. Менск, 6 красавіка 2018 году
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў (зьлева) і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей. Менск, 6 красавіка 2018 году

Лаўроў у адказ у звыклай для сёньняшняй расейскай дыпляматыі стылістыцы падтрымаў беларускага калегу:

«Няхай яны толькі паводзяць сябе асьцярожна, каб нічога сабе не прышчаміць. Але гэты працэс запушчаны».

Каму што прышчэміць, пытаньне цікавае. Пакуль што выглядае на тое, што найбольшы ўдар прыпадзе менавіта па расейскай і беларускай намэнклятуры: па чыноўніках, алігархах, бізнэсоўцах, людзях у пагонах. За апошнія чвэрць стагодзьдзя яны прывыклі да такіх стандартаў жыцьця, якія і ня сьніліся іхным савецкім папярэднікам.

І цяпер новая «жалезная заслона» палохае іх менавіта тым, што ад усяго гэтага яны могуць быць адрэзаныя. Ад шопінгу ў Міляне ці Лёндане, куды на выходныя сям’я маскоўскага алігарха выпраўлялася на асабістым самалёце. Ад вілы ў Маямі і ад шато ў Альпах. Ці, калі чыноўнік меншага калібру і зь меншымі магчымасьцямі для карупцыі, — ад кватэры на ўзьбярэжжы Чорнага мора ў Баўгарыі ці ў Карлавых Варах у Чэхіі. Апроч таго, амаль у кожнага высокапастаўленага расейскага чыноўніка і алігарха (і Лаўроў тут не выключэньне) на Захадзе ці жонка, ці палюбоўніца, ці дзеці, ці іншыя сваякі (з адпаведнай нерухомасьцю, банкаўскімі рахункамі, віламі ды інш.).

Плякат з партрэтам Сяргея Лаўрова і надпісам «Хлус» на мітынгу ў Браціславе, сакавік 2022
Плякат з партрэтам Сяргея Лаўрова і надпісам «Хлус» на мітынгу ў Браціславе, сакавік 2022

Пра гэты балючы для для сваёй сьвіты пункцік Пуцін ведае. Невыпадкова ж спрабаваў супакоіць празь некалькі тыдняў пасьля пачатку вайны, 16 сакавіка 2022-га:

«Я зусім не асуджаю тых, у каго віла ў Маямі ці на Францускай Рыўеры, хто ня можа абысьціся без фуа-гра, вустрыц ці так званых гендэрных свабодаў. Але праблема абсалютна ня ў гэтым, а ў тым, што многія з такіх людзей па сваёй сутнасьці мэнтальна знаходзяцца менавіта там, а ня тут, ня з нашым народам, не з Расеяй».

Новая «жалезная заслона» ў гэтым сэнсе значна спросьціць распазнаваньне сапраўдных патрыётаў. Многім давядзецца выбіраць: ці віла ў Маямі і фуа-гра, ці абслугоўваньне расейскага рэжыму і падтрымка вайны ва Ўкраіне. А рабіць такі выбар абсалютнай большасьці іх зусім ня хочацца...

«Немагчыма такую краіну, як Расея, адгарадзіць плотам»

Падчас халоднай вайны «жалезную заслону» ствараў пераважна савецкі рэжым. Бэрлінскі мур будавалі камуністы, адгароджваючыся ад Захаду, імкнучыся спыніць паток перабежчыкаў, якія ўцякалі ад савецкага рэжыму. Масква сама фактычна закрылася ад сьвету, забараніла замежныя паездкі ўласным грамадзянам, адгарадзілася калючым дротам і «глушылкамі». З боку Захаду тады адчувалася паблажлівасьць і нейкае нават шкадаваньне і спачуваньне — і да людзей, і да краіны. Прынамсі, і авіярэйсаў у СССР тады ніхто не забараняў, і спартовых ды культурных кантактаў ня згортвалі, а наадварот, усяляк ім спрыялі.

Бэрлінскі мур, 1988 год
Бэрлінскі мур, 1988 год

Цяпер новую «жалезную заслону» стварае пераважна сам Захад. Не дзеля помсты, а дзеля ўласнай бясьпекі: каб спыніць вайну, каб прымусіць Маскву адмовіцца ад імпэрскіх плянаў. А па вялікім рахунку, аслабіць яе да такога стану, каб яна, пазбаўленая новых тэхналёгіяў, адрэзаная ад цывілізацыі, і думаць перастала пра свае імпэрскія амбіцыі і захопы.

Пуцін, які сам добра памятае рэаліі халоднай вайны і жыцьця за «жалезнай заслонай», відавочна, усьведамляе, чым гэта пагражае Расеі. Вось як ён выказаўся пра гэта месяц таму, 9 чэрвеня:

«Мы зараз не зьбіраемся гэтага рабіць. Мы ня будзем наступаць на тыя ж самыя граблі. Наша эканоміка будзе адкрытай. Хто ня хоча, той сам сябе будзе абкрадваць. Ужо абкрадваюць, ствараюць праблемы. Калі далей пойдуць гэтым шляхам, сытуацыя будзе толькі пагаршацца. Немагчыма такую краіну, як Расея, збоку адгарадзіць плотам. Мы самі не зьбіраемся такі плот вакол сябе гарадзіць».

Але тое, што «самі не зьбіраемся», зусім не азначае, што гэтага ня зробяць іншыя. «Жалезная заслона» паўстае ў нас на вачах: гэта адчуваюць ужо практычна ўсе грамадзяне Расеі і Беларусі.

Як мы жылі за Бэрлінскім мурам

Самы час успомніць, якім яно было, жыцьцё падчас халоднай вайны, за «жалезнай заслонай».

Даволі сьмешна гучаць радасныя воклічы з самай вяршыні беларускай улады: «Затое цяпер у нас будзе ўсё сваё» і «Не было б шчасьця, дык няшчасьце дапамагло».

Чарга па абутак у Маскве, 1988 год
Чарга па абутак у Маскве, 1988 год

Маўляў, вось зараз мы з расейцамі скаапэруемся і наладзім выпуск усёй той прадукцыі, якую раней куплялі на Захадзе. Як выглядала «ўсё сваё» ў СССР, былыя савецкія грамадзяне добра памятаюць дагэтуль. Савецкі Саюз прадукаваў нейкую неймаверную колькасьць сталі, алюмінію, плястмасаў, тканін — хваліўся, што больш за ўсіх у сьвеце... Але тое, што з усёй гэтай сыравіны выраблялася і трапляла ў канчатковым выніку да савецкага спажыўца, за рэдкім выключэньнем не вытрымлівала ніякай крытыкі. Прычым гэта тычылася амаль кожнага спажывецкага тавару — адзеньня, радыётэхнікі, бытавой тэхнікі, аўтамабіляў...

Той савецкі чыноўнік, спартовец альбо артыст, якому цаной вялізных намаганьняў удавалася прарвацца ў службовую паездку на Захад, на свае сьціплыя камандзіровачныя імкнуўся купіць ці джынсы, ці боты, ці касэтны магнітафон. Усё гэта ў СССР было не знайсьці, і ўсё гэта каштавала шалёных грошай.

Чарга па хлеб. Ленінград, цяпер Санкт-Пецярбург, 1991
Чарга па хлеб. Ленінград, цяпер Санкт-Пецярбург, 1991

Двухкасэтны японскі магнітафон, напрыклад, можна было адразу здаць у «камісіёнку» за 800–900 рублёў (паўгадавы заробак савецкага пралетарыя). Партыя, вядома, бачыла гэтае слабое месца і раз-пораз ставіла перад айчыннай індустрыяй задачу «дагнаць і перагнаць». Атрымлівалася кепска. Памятаю, напрыклад, асвоіў у позьнім СССР Магілёўскі завод «Зэніт» вытворчасьць касэтных магнітафонаў «Беларусь-301». Вонкава ён нібыта і быў падобны да магнітафона. І немалых грошай каштаваў. А па сутнасьці адна пакута была зь ім: то стужку зажуе, то вечка адваліцца, то кнопка заліпне. Хто жыў у той час, той памятае адметнасьці савецкіх «тавараў народнага спажываньня».

Савецкі тэлевізар
Савецкі тэлевізар

Напэўна, і цяпер якая-небудзь «Прамсувязь» можа наладзіць вытворчасьць смартфонаў, а «Інтэграл» — ноўтбукаў. Можа здарыцца, што вонкава яны нават будуць падобныя да сапраўдных смартфонаў і сапраўдных кампутараў. Гэтак жа, як магнітафон «Беларусь-301» быў падобны да магнітолы Sony...

У Расеі, здаецца, ужо вярнуліся да вытворчасьці ўласных аўтамабіляў «Лада» і «Масквіч» — без падушак бясьпекі і антыблякавальных сыстэм тармажэньня — як было ў савецкіх машынах. І яшчэ добра, калі захаваецца гідраўзмацняльнік руля (савецкі аўтапрам і яго самастойна асвоіць ня здолеў.)

Ну не былі перадавыя тэхналёгіі моцным бокам імпэрыі — што савецкай, што раней расейскай. Колькі паразаў праз гэта пацярпелі! У Крымскую вайну ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя ангельскія ды францускія салдаты расстрэльвалі, як у ціры, з далёкай адлегласьці са сваіх новых наразных вінтовак безабаронныя шэрагі расейцаў (у тых былі састарэлыя гладкаствольныя ружжы з кароткай далёкасьцю стральбы). Кожны раз у такіх выпадках Расея імкнулася браць колькасьцю зброі (мэталу, выбухоўкі) і колькасьцю ахвяраў, гарматным мясам, якім без усялякіх згрызот сумленьня расейскія (а потым савецкія) военачальнікі закідвалі варожыя акопы («рускія бабы яшчэ нараджаюць»). Але цяпер і гэты рэсурс канчаецца: з абязьлюдзелых расейскіх ды беларускіх вёсак новыя дывізіі ня надта і набярэш.

Тыя, каму ёсьць што губляць

Сапраўдны варты жалю стан СССР рэальна ўсьведамляла і асэнсоўвала якраз намэнклятура, кіроўная кляса, функцыянэры спэцслужбаў. Так званы «просты народ» далей за Крым, Сочы і Талды-Курган ня езьдзіў, заходніх рэаліяў ня бачыў. Тэлепраграмы «Время» і «Международная панорама» дзень пры дні паўтаралі пра галечу і беспрацоўе «ў сьвеце, дзе пануе капітал» — многія ў гэта і верылі. У СССР за «жалезнай заслонай» нарадзіліся і вырасьлі некалькі пакаленьняў, якія ніколі ў жыцьці не былі за мяжой, ня мелі замежнага пашпарта, зьмірыліся з савецкай паўсядзённасьцю і нават не ўяўлялі, што можа быць інакш.

Час ад часу мелі магчымасьць выяжджаць на Захад самыя правераныя з савецкіх грамадзянаў — партыйныя і савецкія чыноўнікі, начальнікі рознага калібру. І вось для іх кантраст паміж тым, што яны бачылі на ўласныя вочы, і тым, што сьцьвярджала іхная родная камуністычная прапаганда, быў сапраўдным узрушэньнем і стрэсам. Я памятаю некаторыя даверлівыя размовы з партыйнымі і камсамольскімі начальнікамі тае пары (1980-я гады) пасьля таго, як яны вярталіся «адтуль» (найчасьцей — зь Фінляндыі і Югаславіі, але здаралася — і з Францыі, і з Італіі, і з Аўстрыі). Такія службовыя паездкі, знаёмства з жыцьцём і побытам калег (такіх жа кіраўнікоў сярэдняга зьвяна недзе ў фінскай і ці аўстрыйскай правінцыі) — гэта падкладала магутную міну пад камуністычны сьветапогляд саміх жрацоў таталітарнай сыстэмы. Не бедавалі яны, вядома, і ў СССР. Але ўсе іхныя прывілеі («спэцзаказы» зь недаступнай для савецкага народу «сухой» каўбасой і вяндлінай, аўтамабіль «Волга» па-за чаргой, пуцёўка ў спэцсанаторый у Сочы ў летнія месяцы) — усё гэта выглядала такім мізэрным і жабрацкім у параўнаньні з узроўнем дабрабыту шараговага чыноўніка на Захадзе!

Барыс Ельцын выступае на мітынгу 20 жніўня 1991 году ў Маскве
Барыс Ельцын выступае на мітынгу 20 жніўня 1991 году ў Маскве

Ці не таму ў жніўні 1991-га партыйна-кадэбэшная намэнклятура і пальцам не варухнула, каб падтрымаць ГКЧП і спыніць перамены ў СССР? Было б па-іншаму — знайшліся б тагачасныя лукашэнкі-карпянковы, якія б імгненна патапілі ў крыві і гвалце пратэсты ля Белага дома ў Маскве, а ў турме апынуўся б Ельцын, а не Янаеў, Кручкоў ды кампанія. (Як за два гады да таго падобнае адбылося на плошчы Т'яньаньмэнь у Кітаі).

Насамрэч, у СССР на той час «жалезная заслона» абрыдла ўсім. У тым ліку і сілавікам, і намэнклятуры. Перамен хацелі і яны. Якіх перамен — іншае пытаньне. Наўрад ці яны марылі пра дэмакратыю і свабоду слова. Да той улады, якая ў іхных руках і так была, яны хацелі дадаць уласнасьць і грошы, што зрабіць пры новай сыстэме было значна прасьцей, чым пры старой. Яны хацелі самі стаць алігархамі і жыць так, як жывуць мільянэры на Захадзе. І яны сваё атрымалі. Адрозна ад рэшты народу.

Назіраючы за сёньняшнім расейскім грамадзтвам, цяжка ўявіць, што яго раптам апануе імкненьне да свабоды, што яно асудзіць вайну ва Ўкраіне і адмовіцца ад авантурных імпэрскіх амбіцый. Каб гэта адбылося, спатрэбіцца, напэўна, яшчэ гадоў дзьвесьце. У гэтым сэнсе больш надзеі якраз на расейскую кіроўную клясу — на людзей, зьвязаных з Захадам шматлікімі сувязямі і інтарэсамі. Яны прывыклі да тамтэйшага ладу жыцьця, трымаюць там свае ўкрадзеныя ў Расеі мільёны, маюць ва ўласнасьці вілы, яхты, апартамэнты.

Расейскія алігархі: старшыня рады дырэктараў «РУСАЛ» Алег Дзерыпаска і старшыня рады дырэктараў ААТ «СУАЛ-Холдынг» Віктар Вэксэльбэрг. Масква, 2007
Расейскія алігархі: старшыня рады дырэктараў «РУСАЛ» Алег Дзерыпаска і старшыня рады дырэктараў ААТ «СУАЛ-Холдынг» Віктар Вэксэльбэрг. Масква, 2007

Гэта для Пуціна, апантанага гістарычнай місіяй аднаўляльніка імпэрыі, асалода ад раскошнага жыцьця страціла першачарговае значэньне.Расейскую палітычную і эканамічную эліту жыцьцё ў бункеры (нават са спэцпайкамі і спэцкрамамі) ня надта спакушае. Паспытаўшы стыль жыцьця мільянэраў, цяпер зноў вяртацца да крамы «Бярозка» і каўбасы з чорнага ходу гастранома «Елісееўскі»? І калі хто ў Расеі і Беларусі і паспрабуе паўстаць супраць новай «жалезнай заслоны», дык гэта будуць яны — губэрнатары і генэралы, міністры і капіталісты. Людзі, якім ёсьць што губляць. Паўстануць калі ня дзеяньнем, дык бязьдзеяньнем. Так, як гэта зрабілі іхныя папярэднікі ў той час, калі бурылася савецкая імпэрыя.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG