Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь — не Лукашэнка». Дзьве варшаўскія прафэсаркі прачыталі лекцыю пра беларускую рэвалюцыю


Зьлева направа: прарэктар Варшаўскага унівэрсытэту Пётр Вэнгленьскі, прафэсаркі Ганна Энгелькінг і Эльжбета Смулкова, палітыкі Павал Латушка і Аляксандар Мілінкевіч, пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі. Варшава, 17 траўня 2022 г.
Зьлева направа: прарэктар Варшаўскага унівэрсытэту Пётр Вэнгленьскі, прафэсаркі Ганна Энгелькінг і Эльжбета Смулкова, палітыкі Павал Латушка і Аляксандар Мілінкевіч, пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі. Варшава, 17 траўня 2022 г.

«Хоць беларуская рэвалюцыя 2020–2021 гадоў негвалтоўная, яна зьяўляецца барацьбой», — перакананыя прафэсаркі Ганна Энгелькінг і Эльжбета Смулкова, якія 17 траўня прачыталі ў Варшаўскім унівэрсытэце лекцыю пад назвай «Беларусь — не Лукашэнка. Двухгалосьсе аб беларускай рэвалюцыі».

Лекцыя прагучала ў прэстыжнай сэрыі навуковых выступаў у Варшаўскім унівэрсытэце «8 лекцый на тысячагодзьдзе».

Хто выступаў

  • Ганна Энгелькінг — прафэсарка, супрацоўніца Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук, у мінулым дырэктарка гэтага інстытуту, этнасацыёляг, дасьледчыца Палесься і Горадзеншчыны, аўтарка фундамэнтальнай працы аб беларускай вёсцы на пераломе стагодзьдзяў «Калгасьнікі», дасьледчыца навуковай спадчыны польскага этнасацыёляга Юзафа Абрэмбскага.
  • Эльжбета Смулкова — прафэсарка, мовазнаўца, беларусістка, аўтарка прац зь беларускай дыялекталёгіі, былая загадчыца Катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту і Катэдры беларускай культуры Ўнівэрсытэту ў Беластоку, дасьледчыца польска-беларуска-літоўскага памежжа, суаўтарка і рэдактарка двухтамовай манаграфіі «Браслаўшчына. Памяць і сучаснасьць», першая амбасадарка Польшчы ў Беларусі.
Прафэсарка Эльжбета Смулкова
Прафэсарка Эльжбета Смулкова

Ушанавалі Шушкевіча

На пачатку лекцыі, на якую прыйшлі студэнты і навукоўцы, беларускія і польскія грамадзкія дзеячы, прафэсарка Эльжбета Смулкова згадала свой нядаўні візыт у Менск на пахаваньне першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча. Паводле пані Эльжбеты, падзеі, на якіх яна прысутнічала, таксама ўносяць некаторыя праўкі ў тэму лекцыі.

«Па-першае, ганаровымі могілкамі, на якіх пахаваныя дзяржаўныя дзеячы, дзеячы навукі і культуры, у Менску зьяўляюцца так званыя Ўсходнія могілкі. Станіслава Шушкевіча ж пахавалі на Паўночных, пры гэтым яшчэ і на менш арганізаванай іх частцы, — сказала Смулкова. — Па-другое, пахаваньне насіла не дзяржаўны характар, а прыватны. Не было ніякіх інстытуцыйных прамоваў пра навуковыя заслугі шматгадовага паважанага прафэсара фізыкі. Двое ягоных вучняў і калег цёпла сказалі пра гэта. Унівэрсытэт там ня быў прадстаўлены».

Фатаздымак з пахаваньня Станіслава Шушкевіча ў Менску, паказаны на экране падчас лекцыі ў Варшаўскім унівэрсытэце
Фатаздымак з пахаваньня Станіслава Шушкевіча ў Менску, паказаны на экране падчас лекцыі ў Варшаўскім унівэрсытэце

Пры гэтым Смулкова адзначыла, што яе кранулі і ўразілі натоўпы людзей, якія сабраліся ў некалькі шэрагаў перад уваходам у касьцёл, каб падысьці да адкрытай труны і «аддаць даніну павагі паважанаму чалавеку».

«Людзі прыйшлі, каб разьвітацца, дакрануўшыся да труны ці нават пацалаваўшы памерлага. Было мора кветак і ўрачыстае адпяваньне са сьвятой імшой... Усе сьвецкія выступленьні праходзілі на могілках пры адкрытай труне зь целам, накрытым на некаторы час бела-чырвоным сьцягам з гербам „Пагоня“. Калі сьцяг зьявіўся, раздаліся аплядысмэнты», — адзначыла Смулкова, пасьля чаго папрасіла прысутных ушанаваць памяць нябожчыка хвілінай маўчаньня.

Ці былі пратэсты ў Беларусі 2020 году выпадковымі з пункту гледжаньня этноляга

Тэма лекцыі, у якой 17 траўня ўзялі ўдзел прафэсарка Ганна Энгелькінг і першая амбасадарка Польшчы ў Беларусі Эльжбета Смулкова, тычылася, сярод іншага, антрапалягічнага асэнсаваньня базавых каштоўнасьцяў і нормаў, якія складаюць ідэнтычнасьць беларусаў і мелі непасрэдную сувязь з паводзінамі людзей падчас пасьлявыбарных пратэстаў 2020 году.

Пасьля ўступнага слова амбасадаркі Смулковай слова ўзяла этналягіня, этналінгвістка і беларусістка Ганна Энгелькінг. Яна расказала пра сваё дасьледаваньне аб каранях негвалтоўнага супраціву беларусаў у пасьлявыбарных пратэстах з пэрспэктывы этналёгіі вёскі.

Прафэсаркі Ганна Энгелькінг і Эльжбета Смулкова, прарэктар Варшаўскага унівэрсытэту Пётр Вэнгленьскі
Прафэсаркі Ганна Энгелькінг і Эльжбета Смулкова, прарэктар Варшаўскага унівэрсытэту Пётр Вэнгленьскі

Прафэсарка Ганна Энгелькінг падкрэсьліла, што яе досьвед працы зь Беларусьсю ў асноўным зьвязаны з дасьледаваньнямі, якія яна праводзіла на працягу 20 гадоў у беларускіх вёсках у розных рэгіёнах краіны.

Паводле яе, у кантэксьце рэвалюцыйнага дыскурсу Беларусі 2020 году праяўляюцца вызначальныя для сучаснай беларускай культуры каштоўнасьці сялянскага этнасу.

Ганна Энгелькінг засяродзілася на трох ключавых каштоўнасьцях беларусаў, якія цесна зьвязаныя паміж сабой: жыцьцё, чалавек і годнасьць, а таксама на іх скіраванасьці супраць гвалту.

Беларусы як мірныя людзі

«Сярод першасных каштоўнасьцяў, якія складаюць ідэнтычнасьць даўніх (беларускіх) сялян, а сёньня посткалгасьнікаў, жыцьцё якіх працякае ў лякальных, сямейна-суседзкіх супольнасьцях, мы не знаходзім ні нацыі, ні радзімы, ні дзяржавы, ні мовы. Такім чынам, мы не знаходзім ідэалягічных каштоўнасьцяў, на якіх заснаваныя сучасныя „ўяўныя супольнасьці“, званыя народамі», — зазначыла пані Энгелькінг.

Такія супольнасьці сялян лічаць «жыцьцё» сваёй асноўнай каштоўнасьцю, падкрэсьліла прафэсарка.

«Асноўным лёзунгам перадвыбарнай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай было „Страна для жизни“. Гэты кідкі слоган мае на ўвазе, у кантэксьце сказанага раней, адмову ад дыктатара, чыя ўлада перашкаджае людзям жыць ва ўмовах, якія разумеюцца як як „нармальныя“. На больш глыбокім узроўні гэты лёзунг азначае менавіта жыцьцё — у адрозьненьне ад сьмерці — як цэнтральную каштоўнасьць супольнасьці. Мы маем справу з супольнасьцю зь немілітарызаваным мэнталітэтам, якая не будуе сваю ідэнтычнасьць вакол ідэалёгіі ўзброенай барацьбы за Радзіму ці аддачы за яе жыцьця. Гэта прагматычная супольнасьць, арыентаваная на жыцьцё і выжываньне, на дабрабыт і выжываньне асобных людзей і супольнасьцяў, як у вёсцы, так і ў горадзе», — сказала Ганна Энгелькінг.

Прафэсарка адзначыла, што падчас беларускіх пратэстаў 2020 году пераважалі плякаты з антыгвалтоўнымі надпісамі, сярод дэманстрантаў таксама часта сустракаліся людзі ў футболках «Я мірны жыхар».

«Такія словы выказваюць калектыўную ідэнтычнасьць супольнасьці, сфармаваную мадэлямі цывільнай і мірнай культуры, негераічнай. Культуры, якая чэрпае свае сокі пераважна зь сялянскага, а ня рыцарскага ці дваранска-салдацкага этнасу, палітага соўсам нацыяналізму».

Прысутныя на лекцыі, у першым шэрагу Аляксандар Мілінкевіч і Павал Латушка
Прысутныя на лекцыі, у першым шэрагу Аляксандар Мілінкевіч і Павал Латушка

Таксама прафэсарка згадала і дзяржаўны гімн Беларусі, які пачынаецца са словаў «Мы, беларусы, мірныя людзі». Яна адзначыла, што, хоць на думку дэмакратычных сіл гэты гімн зьяўляецца рэжымным, ён паказвае аўтастэрэатып беларусаў як «мірных людзей», як «мірных жыхароў».

«Беларуская рэвалюцыя не адказвае гвалтам на гвалт, яна мірная, але гэта ня значыць, што гэта не барацьба — наадварот... Рэакцыя беларусаў — грамадзянскі, сацыяльны і палітычны супраціў, напісаны ў шматлікіх сцэнарах, але пры гэтым пазьбягаючы фізычнага гвалту», — падсумавала Ганна Энгелькінг.

Чаму Беларусь — гэта не Лукашэнка

У сваёй асноўнай лекцыі прафэсар Смулкова падрабязна расказала аб прычынах падзеяў 2020 году ў Беларусі, засяродзілася, сярод іншага, на стадыі разьвіцьця пратэстаў, згадала эміграцыю лекараў, журналістаў, прадпрымальнікаў, а таксама расказала пра стаўленьне беларусаў да нацыянальных сымбаляў і адносіны розных канфэсій да беларускай рэвалюцыі. Таксама прафэсарка расказала пра цяперашнюю сацыяльную атмасфэру сярод удзельнікаў пасьлявыбарных пратэстаў.

На заключнае пытаньне «„Беларусь — не Лукашэнка“ — гэта думка беларускай інтэлігенцыі ці меркаваньне, шырока распаўсюджанае сярод народу Беларусі?» прафэсар Смулкова адказала:

«Гэта лёзунг, які паходзіў ад самой беларускай апазыцыі. Гэта ня наша ідэя. Гэта ідэя, якая цяпер агучваецца і абгрунтоўваецца, у сувязі з тым, што толькі 3% беларусаў прызнаюць слушнасьць расейскай агрэсіі супраць Украіны. І тое, што Лукашэнка так агрэсіўна выказваўся ў сваіх апошніх выступах, у тым ліку і з гэтым 9 траўня. Бо гэта было вельмі агрэсіўна ў адносінах да Захаду і Польшчы. Вось таму мы і прымаем сфармуляваную ў Беларусі фразу „Беларусь — не Лукашэнка“, бо пазыцыя большасьці нацыі наконт вайны і таго, што адбываецца ў Беларусі, адрозьніваецца ад той, якую прадстаўляе цяперашні кіраўнік краіны».

Выступілі і беларускія дзеячы

На лекцыі ў якасьці ганаровых гасьцей прысутнічалі экс-пасол Беларусі ў Польшчы і кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка і былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Мілінкевіч. Палітыкі таксама коратка выступілі перад прысутнымі.

Латушка: «Сёньня мы зноў змагаемся за цывілізацыйны выбар»

Павал Латушка выказаў павагу Эльжбеце Смулковай «як чалавеку, які ўнёс вялікі ўклад у наладжваньне адносін паміж незалежнай Беларусьсю і Польшчай».

«Сёньня пані прафэсар працягвае дапамагаць беларусам у такой няпростай барацьбе ў захаваньні і папулярызацыі беларускай мовы, але і, на жаль, чарговы раз у захаваньні незалежнасьці маёй краіны», — адзначыў Латушка.

Павал Латушка
Павал Латушка

Ён заявіў, што сёньня на нашых вачах разгортваецца «новы этап — этап эпахальны ня толькі для гісторыі Беларусі і Польшчы, але і ўсёй Эўропы».

«Сёньня мы зноў змагаемся за цывілізацыйны выбар — права на разьвіцьцё ці дэградацыю і падзеньне. Беларусаў катуюць і перасьледуюць за іх жаданьне жыць паводле прынцыпаў свабоднага грамадзтва. Украінцы гінуць у страшнай вайне — Эўропа падлічвае суму, якую павінна заплаціць за свабоду, за мір, узважвае важнасьць жыцьця ў грашах», — сказаў Латушка, пасьля чаго зьвярнуўся да назвы лекцыі «Беларусь не Лукашэнка» і пагадзіўся з гэтай тэзай:

«Крым — гэта Ўкраіна, а Беларусь — не Расея. Чаму? Украіна змагаецца сёньня за незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць. А Беларусь на мяжы страты незалежнасьці. Беларусь сёньня акупаваная Расеяй».

Падчас свайго выступу Латушка асудзіў пасіўнасьць міжнародных арганізацый у адносінах да беларускай сытуацыі.

«Часта сустракаючыся з заходнімі палітыкамі, я задаю адно і тое ж пытаньне: „Што яшчэ павінен зрабіць дыктатар, каб вы зразумелі, што жорсткія санкцыі, крымінальны перасьлед, поўная міжнародная ізаляцыя — гэта толькі малая частка таго, што можа зрабіць сьвет?“, — сказаў Латушка. — Сёньня перад выклікам будучыні стаіць ня толькі Беларусь, у 2020 годзе я казаў сваім эўрапейскім калегам, што гэта праверка эфэктыўнасьці прыярытэтаў, гатоўнасьці прытрымлівацца каштоўнасьцяў усяго эўрапейскага кантынэнту».

Мілінкевіч: «Ці гатовыя беларусы да першага дня без Лукашэнкі?»

Аляксандар Мілінкевіч у сваім выступе таксама падкрэсьліў, што падчас трагедыі, якая адбываецца ва Ўкраіне, важна не забывацца пра Беларусь.

«Без свабоднай Беларусі свабоднай Украіны ня будзе. Мы павінны думаць ня сёньняшнім днём, а крыху ў будучыню, таму што гэтая прыгожая рэвалюцыя, гэтая барацьба за сябе далі нам зразумець, што мы ўсё ж такі нацыя. Нацыя, вартая жыць свабодна ў сваёй краіне, — сказаў Мілінкевіч, пасьля чаго запытаўся: — Ці гатовыя беларусы да першага дня без Лукашэнкі? Бо такі час у любым выпадку настане».

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

«Я абсалютна ўпэўнены, што найбольшую ролю адыграюць ня добрыя рэформы, воля людзей жыць па-іншаму (усё гэта ў нас будзе), але самае галоўнае — гэта наша культурная самабытнасьць і ідэнтычнасьць. Беларусам не хапае гістарычнай ідэнтычнасьці, трэба разьвіваць у краіне краязнаўства, змагацца за адраджэньне беларускай, польскай і літоўскай мовы. Таму што бяз гэтага мы ня справімся, у нас ня будзе такога моцнага духу», — адзначыў Мілінкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG