Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без дывідэндаў і зь цьмянай будучыняй. Што будзе з расейскім і беларускім капіталізмам пасьля вайны?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Амаль штодня ўсё новыя буйныя расейскія кампаніі абвяшчаць, што сёлета ня будуць плаціць дывідэнды сваім акцыянэрам. У тым ліку тысячам простых расейцаў, якія вырашылі інвэставаць у іх свае ашчаджэньні.

На мінулым тыдні — «Сбербанк», «Газпром», НЛМК, «Мечел».

У панядзелак — «Аэрофлот», «ФосАгро», «Совкомфлот». Індэкс Маскоўскай біржы абваліўся зь мінулага тыдня ўжо на 8%.

Падзеньне з пачатку году складае 40 адсоткаў — гэта значыць, на столькі за гэты час абясцэніліся расейскія карпарацыі і ўкладаньні інвэстараў.

Эканоміка Расеі некалі была больш-менш рынкавай, або прынамсі існавала ў рынкавай сыстэме каардынат. Яе найбольш прыкметную частку складаюць «публічныя» кампаніі, чые акцыі можна (было) свабодна купіць на Маскоўскай ці нават Лёнданскай біржах. Гэтыя кампаніі мелі замежных інвэстараў і паступова вучыліся жыць паводле міжнародных стандартаў, быць адказнымі і празрыстымі перад грамадзтвам.

Расейскія карпарацыі нібыта бралі прыклад з заходніх: паглядзіце іхныя шыкоўныя сайты, пачытайце гадавыя справаздачы з прыгожымі фатаздымкамі і на добрай ангельскай мове.

Але ўсё гэта цяпер трохі нагадвае рэформы Пятра І. Можна пагаліць бароды, пераапрануцца ў эўрапейскія касьцюмы і запрашаць італійскіх архітэктараў будаваць палацы. Але па сутнасьці так і застацца дэспатычнай Залатой Ардой.

Змарнаваны плён 30 гадоў працы

Вялікі расейскі бізнэс, вядома ж, удзельнічае ў тым, што робіць расейская дзяржава, і заслугоўвае таго, што заслугоўвае. Нават многія прыватныя, падкантрольныя алігархам расейскія кампаніі пералічвалі мільёны даляраў у розныя пуцінскія фонды, нефармальна фінансавалі розныя інстытуты рэжыму: ад партыі «Единая Россия» да РПЦ.

Сумны анэкдот, які павінен заняць сваё месца ў падручніках гісторыі: адна вялікая расейская мэталюргічная кампанія зрабілася спонсарам... баявога атамнага падводнага крэйсэра. І той крэйсэр у гонар гэтай кампаніі нават перайменавалі. Звычайна ў гонар спонсараў пераймяноўваюць, скажам, спартовыя стадыёны — а тут субмарына з атамнай зброяй.

Проста таму, што ў аўтарытарнай дзяржаве немагчыма па-іншаму: альбо ты сплочваеш даніну, альбо ператвараесься ў Міхаіла Хадаркоўскага.

На ўсё гэта сьвет шмат гадоў заплюшчваў вочы, пакуль ня здарыўся 2014-ы, а потым і 2022 год.

Пару тыдняў таму адбыўся чарговы Пецярбурскі эканамічны форум. Мне калісь давялося пабываць на, можа, дзясятку такіх форумаў і ў якасьці журналіста, і ў якасьці ўдзельніка. Раней гэта быў найбуйнейшы фэст і кірмаш, дзе Расея прэзэнтавала сябе замежным інвэстарам. І вось цяпер гэты форум з пампэзнага «Давосу па-расейску» ператварыўся ў «Бальтазараў банкет». Нешматлікія малавядомыя эўрапейскія ўдзельнікі хавалі імёны і твары. Не хавалі сябе хіба што ўдзельнікі-талібы з Афганістану.

Так і ўвесь расейскі бізнэс прайшоў шлях ад жаданых партнэраў да парыяў і ізгояў. Трыццаць гадоў працы мільёнаў людзей — у тым ліку сумленнай працы — абнуляюцца ў нас перад вачыма.

З пачаткам вайны расейскія карпарацыі адышлі ў цень, перасталі публікаваць штоквартальную фінансавую справаздачнасьць, як звычайна рабілася раней. Але вось скончылася першае паўгодзьдзе 2022 году, і па ўсіх мінімальных стандартах яны будуць абавязаныя апублікаваць лічбы хаця б за гэты час.

І тут увесь сьвет, магчыма, пабачыць рэальны эфэкт ад вайны і санкцый на расейскай эканоміцы. Адмова плаціць дывідэнды падказвае, што карпарацыі, магчыма, проста ня маюць на гэта грошай.

Прыватызацыя магла прадухіліць вайну

Украіна сталася дэмакратыяй (хоць і ня самай узорнай), бо ў ёй існуе канкурэнцыя шматлікіх алігархічных груповак. У Расеі на пачатку нулявых гадоў утварылася адна пануючая групоўка на перакрыжаваньні спэцслужбаў, мафіі, дзяржаўнага кіраўніцтва і дзяржманаполій. Яна падпарадкавала сабе ўсе іншыя групоўкі. Праз свой манапольны непадкантрольны статус яна разьвязала вайну, дзе ўжо загінулі дзясяткі тысяч людзей.

У Беларусі ўсё яшчэ больш яскрава: буйны прыватны бізнэс, не завязаны на карумпаваную ўладу, так і не пасьпеў тут зьявіцца ў дзевяностыя. Ён толькі-толькі пачаў быў выкрышталізоўвацца ў галіне ІТ да 2020 году, але пасьля разгрому рэвалюцыі эміграваў з краіны.

Магчыма, адной з прычынаў таго, што здарылася з Расеяй, і было тое, што ў дзевяностыя гады прыватызацыя эканомікі не была завершаная. Пра тых ці іншых алігархаў можна сказаць шмат дрэннага, але яны прынамсі не разьвязваюць войнаў.

Магчыма, усім было б лепей, калі б той жа «Газпром» не застаўся дзяржаўнай маёмасьцю, але быў падзелены на часткі і распрададзены ў бясьпечныя прыватныя рукі, па магчымасьці замежныя. У якасьці дзяржаўнай кампаніі «Газпром» стаўся крыніцай непадкантрольных грошай для аўтарытарнага клептакратычнага рэжыму (паглядзіце нядаўні фільм каманды Навальнага пра багацьце генэральнага газпромаўскага дырэктара Мілера) і замежнапалітычнай зброяй, пра якую добра ведаюць і беларусы.

Тое ж самае зь беларускімі «Беларуськаліем», Мазырскім і Наваполацкім НПЗ, на якіх трымаецца рэжым Лукашэнкі. Калі Беларусі зноў не пашанцуе, на іх зможа трымацца і якісьці новы аўтарытарны рэжым у будучыні.

Вага дзяржавы ў эканоміцы Расеі за апошнія паўтара дзесяцігодзьдзя «сьпелага пуцінізму» рэзка вырасла, і ў выніку вайны яна непазьбежна вырасьце яшчэ. Драбнейшыя прыватныя прадпрымальнікі ўцякаюць з краіны, а алігархі жывуць у чаканьні нацыяналізацыі сваіх актываў або пераводу эканомікі ў ваенны рэжым.

Таму «дэпуцінізацыя» Расеі, як і «дэлукашэнізацыя» Беларусі, будзе, наадварот, патрабаваць разьдзяржаўленьня эканомікі.

Дзяржава ў абедзьвюх краінах выявіла сябе кепскім ва ўсіх сэнсах мэнэджарам, якому нельга даваць пад аднаасобны кантроль зашмат няпрофільных рэсурсаў. Гэтыя рэсурсы нашмат лепш будуць служыць грамадзтву ў руках прыватных уладальнікаў з уласнымі інтарэсамі. Яны вялі б стасункі зь недасканалай дзяржавай хоць і не як роўныя, але прынамсі не як падначаленыя.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG