Сьцісла:
- Вонкавая палітыка Беларусі звузілася толькі да адносін з Расеяй.
- Апошнім сустрэчам Лукашэнкі і Пуціна спадарожнічаў значны піяраўскі складнік. Кіраўнікам-ізгоям патрэбна рэгулярная эмацыйная падзарадка.
- Сваёй супэрляялісцкай рыторыкай у адрас Расеі і Пуціна Лукашэнка імкнецца прыхаваць, кампэнсаваць свае нежаданьне ўводзіць беларускія войскі ва Ўкраіну.
- Масква не падтрымлівае прэтэнзій Менску на ўдзел у расейска-ўкраінскіх перамовах.
Адказ на першае пытаньне відавочны. Вонкавая палітыка Беларусі зьвялася толькі да стасункаў з Расеяй. Гэты працэс пачаўся пасьля жніўня 2020 году і з пачаткам вайны ва Ўкраіне стаў відавочным для ўсіх. Сустрэчы Лукашэнкі з расейскімі губэрнатарамі ды візыты да Пуціна — вось і ўся замежная палітыка. Нагадаю, апошні раз Лукашэнка езьдзіў да Пуціна месяц таму, 11 сакавіка.
І адказ на другое пытаньне (навошта так далёка ехаць) таксама просты: куды гаспадар паклікаў, туды Лукашэнка і ляціць.
Мяркую, вялікага практычнага сэнсу ў чарговай сустрэчы не было. Што б там ні апавядалі Лукашэнка і Пуцін, значных пэрспэктыў супрацоўніцтва Беларусі з расейскім Далёкім Усходам няма. Усе свабодныя і выгадныя нішы там даўна занялі кітайцы.
Зьвярнуў бы ўвагу на тое, што апошнім сустрэчам Лукашэнкі і Пуціна спадарожнічаў значны піяраўскі складнік. Раней пасьля перамоваў двух лідэраў яны, як правіла, не выходзілі да журналістаў, амаль нічога не камэнтавалі, усё было закрыта. Цяпер падчас іхных сустрэч стала больш публічнасьці, рэгулярна праводзяцца прэсавыя канфэрэнцыі. Думаю, тое, што раней было пабочным элемэнтам двухбаковых самітаў, цяпер стала галоўным.
Абодва лідэры перажываюць нялёгкі час. Беспрэцэдэнтная міжнародная ізаляцыя, эканамічныя санкцыі ствараюць для іх вельмі нэгатыўны псыхалягічны фон. Кіраўнікам-ізгоям патрэбна рэгулярная эмацыйная падзарадка. У пэўным сэнсе такую ролю выконваюць расейскія і беларускія тэлеканалы. Але гэтага недастаткова. Для Пуціна вайна ва Ўкраіне складваецца няўдала. Ён рэгулярна вядзе напружаныя тэлефонныя перамовы з заходнімі палітыкамі і наўрад ці атрымлівае ад гэтых размоў асалоду. А тут прыяжджае Лукашэнка і перад тэлекамэрамі называе Расею старэйшым братам, кажа, што Пуцін усё робіць правільна, — маўляў, калі б РФ не напала на Ўкраіну, то тая рыхтавала напад на расейскую тэрыторыю, а Буча — гэта спэцапэрацыя брытанскіх спэцслужбаў, у яго нібыта ёсьць доказы. Усё гэта — бальзам на хворую пуцінскую душу. Сустрэча двух ізгояў — гэта сэанс узаемнай псыхатэрапіі. Мяркуючы па ўсім, у гэтым і ёсьць сэнс іхных частых сустрэч.
Акрамя таго, сваёй супэрляялісцкай рыторыкай у адрас Расеі і Пуціна Лукашэнка імкнецца прыхаваць, кампэнсаваць сваё нежаданьне ўводзіць беларускія войскі ва Ўкраіну. Маўляў, глядзіце, як я падтрымліваю Маскву, якія яшчэ могуць быць прэтэнзіі да мяне.
Калі гаварыць пра нейкія практычныя вынікі перамоваў, то іх няшмат. Паводле Лукашэнкі, Расея дапаможа Беларусі ў стварэньні новых ракет. Яшчэ Пуцін сказаў, што расейскі бок захоўвае спрыяльныя цэны на нафту і газ для ўнутранага спажываньня ў Беларусі. Усяго толькі. З гэтага вынікае, што нафта для экспарту нафтапрадуктаў будзе пастаўляцца па павышаных цэнах. Што ставіць пад пытаньне эканамічную эфэктыўнасьць нафтаперапрацоўчай галіны.
Самае цікавае тое, пра што прамаўчалі Лукашэнка і Пуцін. Напярэдадні гэтага візыту на Далёкі Ўсход афіцыйны Менск паставіў пытаньне пра ўдзел Беларусі ў расейска-ўкраінскіх перамовах. Гэта выклікала шмат камэнтароў. Аднак гэтая тэма не была закранутая ў публічнай частцы сустрэчы. З гэтага можна зрабіць выснову, што пазыцыя бакоў па згаданым пытаньні розная і што Масква не падтрымлівае прэтэнзій Менску на ўдзел у перамовах.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.