Байдэн упершыню назваў вайну Пуціна супраць Украіны «генацыдам»

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

12 красавіка прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн упершыню назваў «генацыдам» ваенныя дзеяньні Расеі ва Ўкраіне.

Як перадае CNN, зьвяртаючыся да амэрыканцаў, ён падкрэсьліў, што іх дабрабыт не павінен залежаць ад таго, ці зьдзейсьніць «дыктатар генацыд».

«Ваш сямейны бюджэт, ваша здольнасьць напоўніць свой бак у аўтамабілі, усё гэта не павінна залежаць ад таго, ці аб’явіць дыктатар вайну і ці зьдзейсьніць генацыд на паўсьвету. Каб дапамагчы справіцца з падаражэньнем ад Пуціна, я ўхваліў пастаўкі аднаго мільёна барэляў на дзень са стратэгічных запасаў нафты», — сказаў ён.

Дагэтуль Байдэн не называў тое, што адбываецца ва Ўкраіне, генацыдам. Ягоныя памочнікі, у тым ліку дарадца ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван, таксама заявілі, што «ня бачаць, каб узровень сыстэматычнага пазбаўленьня жыцьця ўкраінскага народу падымаўся да ўзроўню генацыду».

Тыдзень таму, 5 красавіка, дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен абвінаваціў Маскву ў правядзеньні «наўмыснай кампаніі» зьверстваў у Бучы пад Кіевам.

​
XS
SM
MD
LG