Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША рэзка раскрытыкаваў Расею за яе парушэньні правоў чалавека ў сваім штогадовым дакладзе аб выкананьні грамадзянскіх правоў у сьвеце.
Як піша «Голас Амэрыкі», выступаючы на цырымоніі прадстаўленьня дакумэнта, дзяржаўны сакратар Энтані Блінкен выказаў шкадаваньне наконт таго, што ён ахарактарызаваў як «трывожнае адступленьне ад дэмакратыі, вяршэнства закону і павагі да правоў чалавека ў многіх частках сьвету».
Але асабліва суровую крытыку выказаў пра Расею ў сувязі зь яе ўзброеным уварваньнем ва Ўкраіну і меркаванымі ваеннымі злачынствамі ў гэтай краіне.
Блінкен адзначыў, што «адным з тых месцаў, дзе гэтая адсутнасьць асабліва прыкметная, стала Ўкраіна, дзе расейскі ўрад вядзе жорсткую вайну».
Па словах дзяржсакратара, «доказы злачынстваў, учыненых расейскімі вайскоўцамі, нарастаюць».
«Мы бачым тое, што засталося пасьля расейскага адступленьня, — сказаў Блінкен. — Мёртвыя целы на вуліцах са зьвязанымі рукамі. У тэатрах, на вакзалах, у жылых дамах, якія былі ператвораны ў руіны проста зь іх жыхарамі ўнутры. Да нас даходзяць сьведчаньні аб згвалтаваных жанчынах і дзяўчатках, аб грамадзянах, якія замярзаюць і пакутуюць ад голаду».
Па словах дзяржсакратара ЗША, «Крэмль прадэманстраваў грэбаваньне чалавечым жыцьцём і годнасьцю».
Як адзначылі аўтары даклада, «у Расейскай Фэдэрацыі існуе ў высокай ступені цэнтралізаваная, аўтарытарная палітычная сыстэма».
Расейскі парлямэнт, зазначаецца ў дакумэнце, «не зьяўляецца незалежным» ад выканаўчай галіны ўлады, а на выбарах у Дзярждуму ў верасьні 2019 году і на выбарах прэзыдэнта ў 2018 годзе былі дапушчаныя парушэньні.
Як зазначае амэрыканскае зьнешнепалітычнае ведамства, «маюцца дакладныя паведамленьні аб тым, што супрацоўнікі расейскіх сілавых структур чыняць шматлікія парушэньні правоў чалавека».
У дакладзе згадваюцца справа блогера Аляксея Навальнага і сытуацыя з правамі чалавека ў Чачэніі.