Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША абвясьцілі пра новыя санкцыі супраць найбуйнейшых банкаў, інвэстыцый у Расею і расейскіх эліт

абноўлена

Пратэст каля расейскай амбасады ў Вашынгтоне, 6 сакавіка 2022 г.
Пратэст каля расейскай амбасады ў Вашынгтоне, 6 сакавіка 2022 г.

Паведамленьне пра гэта апублікавалі на сайце Белага дому.

У паведамленьні гаворыцца, што санкцыі ўводзяцца за «зьверствы ва Ўкраіне, у тым ліку ў Бучы. Мы задакумэнтуем і распаўсюдзім інфармацыю пра гэтыя зьверствы і скарыстаем усе адпаведныя мэханізмы, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасьці».

6 красавіка Злучаныя Штаты абвясьцілі пра наступныя крокі:

  • Санкцыі поўнага блякаваньня супраць найбуйнейшай фінансавай установы Расеі — «Сбербанк» і супраць найбуйнейшага прыватнага банку — «Альфа-Банку». Гаворыцца, што гэтыя санкцыі замарозяць любыя актывы «Сбербанку» і «Альфа-Банку», якія маюць кантакт зь фінансавай сыстэмай ЗША. Грамадзянам і рэзыдэнтам ЗША забароняць весьці бізнэс з гэтымі банкамі.
  • Забарона новых інвэстыцый у Расейскую Фэдэрацыю. Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпіша ўказ, які забароніць новыя інвэстыцыі ў Расею грамадзянам і рэзыдэнтам Злучаных Штатаў.
  • Санкцыі поўнага блякаваньня супраць крытычна важных асноўных дзяржаўных прадпрыемстваў Расеі. Грамадзянам і рэзыдэнтам Злучаных Штатаў будзе забаронена весьці справы з гэтымі юрыдычнымі асобамі, а ўсе іх актывы пад амэрыканскай юрысдыкцыяй будуць замарожаныя.
  • Санкцыі поўнага блякаваньня супраць асобаў з расейскіх эліт і іх сямейнікаў, у тым ліку: прэзыдэнта Пуціна і ягоных дарослых дзяцей, міністра замежных спраў Лаўрова і ягоных жонкі і дачкі, чальцоў расейскай Рады бясьпекі, у тым ліку былога прэзыдэнта і прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева і прэмʼер-міністра Міхаіла Мішусьціна.
  • Міністэрства фінансаў ЗША забараніла Расеі выплачваць даўгі з фондаў пад амэрыканскай юрысдыкцыяй.

Пазьней у сераду прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абвясьціў аб увядзеньні новых санкцыяў супраць Расеі.

«Краіны, якія маюць пачуцьцё адказнасьці, павінны аб’яднацца...» — заявіў Байдэн. — Толькі за адзін гэты год нашыя санкцыі зьвядуць на нішто ўсё, што расейская эканоміка здолела дадаць за апошнія 15 гадоў, таму што мы адрэзалі Расею ад тэхналёгіяў, такіх як імпарт найноўшых паўправаднікоў, кампанэнтаў для квантавых тэхналёгіяў, бясьпечнае кадаваньне інтэрнэт-апэрацый — ад усяго, што ім неабходна для таго, каб заставацца канкурэнтаздольнымі ў ХХІ стагодзьдзі. Мы заблякуем здольнасьць расейскай эканомікі да росту на доўгія гады».

«Амэрыканскія карпарацыі таксама не застаюцца ўбаку, ад McDonaldʼs да Exxon-Mobil, — канстатаваў прэзыдэнт. — 600 зь іх ужо сышлі з расейскага рынку па сваёй ініцыятыве. Толькі падумайце: прыватныя бізнэсы лепш хочуць пакінуць Расею, чым рызыкаваць тым, што іх будуць асацыяваць з брутальнай пуцінскай вайной. І забарона на інвэстыцыі дазволіць гарантаваць, каб новыя грошы не маглі прыцякаць у Расею і папаўняць тую шкоду, якая была нанесена адтокам вялікага бізнэсу».

«Мы пашыраем сьпіс цалкам заблякаваных дзяржаўных расейскіх кампаній, — растлумачыў Байдэн. — Гэтыя кампаніі — вядучыя крыніцы даходаў з тых, што належаць ураду Расеі, і Пуцін выкарыстоўвае іх фонды для сябе і для фінансаваньня сваёй вайны ва Ўкраіне. Гэтыя кампаніі таксама будуць адрэзаныя ад любога прадпрымальніцтва ў Злучаных Штатах і ня змогуць мець доступ ні да якіх сваіх актываў, якія ёсьць у ЗША».

«Мы, разам з эўрапейскімі саюзьнікамі, складаем сьпіс, куды ўносяцца імёны тых, хто ўваходзіць у расейскія эліты, і імёны сяброў іх семʼяў, якія трапілі пад санкцыі, — сказаў Байдэн. — Вы толькі ўявіце сабе гіганцкія сумы грошай, якія скралі гэтыя алігархі. Іх яхты — гэта сотні і сотні мільёнаў даляраў. Гэтыя алігархі і чальцы іх семʼяў зараз ня змогуць утрымліваць свае капіталы ў Эўропе і ў Злучаных Штатах і карыстацца сваімі яхтамі, фэшэнэбэльнымі віламі, у той час як дзеці ва Ўкраіне штодня ўцякаюць з родных месцаў і гінуць. І, нарэшце, мы працягваем забясьпечваць Украіну ўзбраеньнямі, якія патрэбныя ўкраінцам, каб абараняць сваю краіну».

«У мінулую пятніцу мы абвясьцілі, што выдзяляем мільёны даляраў на пастаўкі Ўкраіне новага вайсковага абсталяваньня: найноўшых дронаў, ракетаў з лазэрнай сыстэмай навядзеньня. Учора я падпісаў указ аб адпраўцы ва Ўкраіну ПЗРК Javelin, якія можна насіць на плячы і падбіваць зь іх танкі... Мы ня можам рэклямаваць кожную пастаўку ў сфэры абароны, таму што праз нас ідуць і пастаўкі Ўкраіне ад нашых саюзьнікаў і партнэраў. У любым выпадку паток найноўшых узбраеньняў і боепрыпасаў рухаецца ва Ўкраіну штодня», — падкрэсьліў прэзыдэнт Байдэн.

У заяве на сайце Белага дому адзначаецца, што пад санкцыі не падпадзе гуманітарная дзейнасьць на карысьць расейскага народу і людзей па ўсім сьвеце: забесьпячэньне прадуктамі харчаваньня, доступ да лекаў, а таксама тэлекамунікацыйныя службы, якія забясьпечваюць доступ да інфармацыі. Там, дзе неабходна, адпаведныя арганізацыі і агенцтвы атрымаюць дазвол, каб працягваць такую дзейнасьць.

Таксама адзначаецца, што, паводле прагнозаў экспэртаў, ВУП Расеі сёлета зьменшыцца на 15 працэнтаў, зьнішчыўшы эканамічны рост апошніх пятнаццаці гадоў. Інфляцыя ў Расеі ўжо вышэйшая за 15 працэнтаў і мае расьці далей. Больш за 600 прыватных кампаній пакінулі расейскі рынак.

«Расея, вельмі імаверна, страціць свой статус адной з галоўных эканомік і працягне доўгае скочваньне ў эканамічную, фінансавую і тэхналягічную ізаляцыю. У параўнаньні зь мінулым годам амэрыканскі экспарт у Расею тавараў, закранутых экспартнымі абмежаваньнямі, зьменшыўся на 99 працэнтаў у грашовым эквіваленце, — гаворыцца ў паведамленьні. — Гэтыя абмежаваньні будуць узмацняцца з часам, пакуль Расея выкарыстоўвае рэзэрвы запасных частак для самалётаў, танкаў і іншых рэсурсаў, патрэбных для вайсковай машыны Пуціна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG