Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас вайны Паўднёвая Карэя прызначыла амбасадара ў Беларусь, а потым увяла санкцыі. Чым займаецца пасол


Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ін 4 сакавіка 2022 году ўручыў даверчыя граматы паслам, у тым ліку паслу ў Беларусі
Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ін 4 сакавіка 2022 году ўручыў даверчыя граматы паслам, у тым ліку паслу ў Беларусі

Праз восем дзён пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ін уручыў даверчыя граматы паслу ў Беларусі.

Гэта амбасадар Беларусі Пак Ду Сун, які заявіў падчас цырымонія ўручэньня даверчых грамат, што «Беларусь зьяўляецца краінай, у якой ёсьць шырокія магчымасьці для ўзаемадзеяньня ў навукова-тэхнічным, IT-інфраструктуры, геапалітычным становішчы, што ён будзе весьці дыпляматычную дзейнасьць, арыентаваную на бясьпеку сваіх грамадзянаў і нацыянальныя інтарэсы».

У той жа дзень 4 сакавіка прэзыдэнт Карэі заявіў, што калі сытуацыя ва Ўкраіне зацягнецца, могуць узьнікнуць цяжкасьці ў дзейнасьці карэйскіх кампаній, такіх як ланцужкі паставак энэргарэсурсаў:

«У прыватнасьці, дыпляматычныя місіі ў Беларусі і Румыніі, якія зьяўляюцца суседнімі з Украінай краінамі, на першае месца ставяць бясьпеку і нацыянальныя інтарэсы, а таксама кантактуюць з урадам краіны знаходжаньня і разумна рэагуюць на гэта».

Як можна пабачыць на сайце амбасады Карэі ў Беларусі, амбасадар ужо пачаў працу. 25 сакавіка адбылася яго сустрэча са старшынёй і намесьнікам старшыні Асацыяцыі беларускіх карэйцаў, а таксама візыт у школу карэйскай мовы і студыю ансамбля карэйскага танца. 28 сакавіка Пак Ду Сун наведаў Берасьцейскую вобласьць і правёў сустрэчу з грамадзянінам Рэспублікі Карэя, а 5 красавіка сустрэўся з карэйскімі студэнтамі, якія навучаюцца ў Беларусі.

У сьнежні 2021 году Паўднёвая Карэя фактычна перастала купляць беларускі калій. Пастаўкі прадукцыі «Беларуськалію» ў гэтую азіяцкую краіну моцна вырасьлі пасьля 2020 году, аднак амаль цалкам спыніліся ў сьнежні 2021-га.

Сёлета ў лютым новым амбасадарам у Карэю Лукашэнка прызначыў спэцслужбіста Андрэя Чарнецкага. Да прызначэньня на пасаду амбасадара Чарнецкі 24 гады праслужыў у органах дзяржаўнай бясьпекі.

Санкцыі ў дачыненьні да беларускіх уладаў пасьля выбараў 2020 году і пачатку масавых рэпрэсій уводзілі краіны Эўразьвязу, ЗША, Канада, Вялікая Брытанія і шэраг іншых. Аднак сярод іх не было ніводнай краіны Азіі, Афрыкі альбо Лацінскай Амэрыкі. Тым ня менш заходнія санкцыі ў дачыненьні да Беларусі непасрэдна адбіваюцца і на пастаўках беларускай прадукцыі ў трэція краіны. У сьнежні 2021 году пастаўкі беларускага калію ў Паўднёвую Карэю з максымальных паказчыкаў упалі амаль да нуля.

З прычыны вайны Расеі супраць Украіны і ўдзелу ў ёй Беларусі праз прадастаўленьне тэрыторыі ўрад Рэспублікі Карэя 6 сакавіка прыняў рашэньне ўвесьці меры экспартнага кантролю адносна Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну». Міністэрства падкрэсьлівала, што да Беларусі будуць ужывацца такія самыя меры, што і да Расеі. На сайце амбасады Карэі ў Беларусі пакуль няма інфармацыі пра гэтыя санкцыі.

Рашэньне аб санкцыях у дачыненьні да РФ Рэспубліка Карэя прыняла 28 лютага. Гэтыя санкцыі прадугледжваюць забарону паставак у краіну стратэгічных тавараў і далучэньне да дзеяньняў заходніх краінаў у блякаваньні банкаў у сыстэме міжнародных плацяжоў SWIFT.

Карэя — чалец G20, гэта дэмакратычная краіна, яна прайшла да гэтага цяжкі шлях праз задушэньне дэмакратычных паўстаньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG