Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва падоўжыла рэжым надзвычайнай сытуацыі — з узмоцненай аховай мяжы зь Беларусьсю і РФ і забаронай на рэтрансьляцыю іх дзяржаўных СМІ


Памежны пункт «Меднікі» на літоўска-беларускай мяжы. Ілюстрацыйнае фота
Памежны пункт «Меднікі» на літоўска-беларускай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

Сойм Літвы з 30 чэрвеня па 15 верасьня падоўжыў рэжым надзвычайнай сытуацыі, уведзены 24 лютага ў сувязі з уварваньнем Расеі ва Ўкраіну, паведамляецца на сайце літоўскага парлямэнту.

За адпаведны праект пастановы Сойму прагаласавалі 80 парлямэнтароў, супраць былі 7, устрымаліся 28 палітыкаў.

Уносячы праект аб падаўжэньні надзвычайнай сытуацыі сьпікер Сойму Вікторыя Чміліце-Нільсэн заявіла, што пагроза для грамадзкага спакою не зьмяншаецца, працягваецца ваенная агрэсія Расеі ва Ўкраіне, працягваюцца злачынствы супраць чалавечнасьці, і іх маштабы толькі павялічваюцца. Акрамя таго, па словах кіраўніцы парлямэнту, у Расеі ўзмацняецца рыторыка пагроз у адрас дзяржаў, якія падтрымліваюць Украіну, піша партал Delfi.

Так, на час дзеяньня рэжыму надзвычайнай сытуацыі забараняецца, сярод іншага, рэтрансляваць або распаўсюджваць у інтэрнэце «радыё- і тэлепраграмы арганізацый, створаных, непасрэдна ці ўскосна кантраляваных або фінансаваных РФ або Беларусьсю, за выключэньнем выпадкаў, калі Камісія па тэлевізіі і радыёвяшчаньні Літвы дае на тое дазвол».

У Літве таксама забаронена «арганізоўваць і праводзіць сходы з мэтай падтрымкі ў любой форме і маштабе дзеяньняў Расеі і Беларусі, што прывялі да ўвядзеньня надзвычайнай сытуацыі».

Ва ўмовах надзвычайнай сытуацыі зь дзяржрэзэрву выдзяляюцца сродкі для належнага прыёму іншаземцаў, якія ўцякаюць ад вайны, для падтрымкі Ўкраіны, ліквідацыі пагроз нацыянальнай бясьпецы і інш.

На гэты пэрыяд узмацняецца ахова крытычна важных аб'ектаў, а таксама абарона вонкавай мяжы Эўразьвязу. Сярод іншага ўзмацняецца візавы рэжым для іншаземцаў — прыпыняецца выдача візаў грамадзянам РФ і Беларусі (за выключэньнем выпадкаў, калі пасярэднікам у выдачы выступае МЗС Літвы).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG