Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Родныя палітзьняволенай Вольгі Рытус: «Каб выбіць паказаньні, яе аблівалі вадой і пагражалі пасадзіць сына»


Акрэсьціна, ілюстарцыйнае фота
Акрэсьціна, ілюстарцыйнае фота

Вольгу Рытус затрымалі 12 красавіка 2022 году за тое, што ў 2020-м яна ўдзельнічала ў пратэстах. Выбіць зь яе «прызнаньне віны» для «пакаяльнага» відэа ў сілавікоў не атрымалася.

Ужо пазьней родныя дазналіся: дзеля гэтага з Вольгі зьдзекаваліся, а потым яшчэ амаль 10 дзён трымалі на Акрэсьціна ў нечалавечых умовах. Праваабаронцы прызналі жанчыну палітзьняволенай.

Маці 43-гадовай Вольгі Рытус сказала, што яе дачка была назіральніцай на выбарах у 2020 годзе. Яшчэ ў сьнежні 2021 году зранку ў кватэру, у якой Вольга жыве з малодшым 12-гадовым сынам Платонам, уварваліся людзі ў масках, з аўтаматамі. Тады ў Рытус правялі ператрус і прымусілі яе разблякаваць тэлефон, напісаўшы розныя брыдкія допісы ад яе імя ў розных чатах. Аднак у той раз яе не затрымалі.

12 красавіка каля працоўнага офісу на Кальварыйскай жанчыну ўжо чакалі людзі ў балаклавах і з аўтаматамі.

«Мы б і не дазналіся, што адбылося. Але, мабыць, разумеючы, што яе затрымліваюць, Воля ўмудрылася націснуць на тэлефоне кнопку выкліку і патэлефанаваць мне. У слухаўцы былі нейкія дзіўныя гукі. На яе хтосьці моцна крычаў... Па абрыўках фразаў мы зразумелі, што ў гэты момант нашу дачку затрымліваюць. А потым сувязь абарвалася», — успамінае тыя падзеі мама Вольгі Рытус.

Жанчыну затрымалі праз падазрэньне ў зьдзяйсьненьні злачынства паводле арт. 342 КК («Групавыя дзеяньні, што груба парушаюць грамадзкі парадак»). Дакладней — за ўдзел у пасьлявыбарных акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

У якасці доказу ейнай віны ГУБАЗіК меў некалькі фатаграфій зь мірных акцый пратэсту і пару відэа з TikTok. Акрамя таго, Рытус выказвалася супраць вайны ва Ўкраіне. Зь ёй хацелі запісаць так званае «пакаяльнае» відэа.

«Праглядаючы гэтае відэа, я не магла зразумець, чаму ў Волі мокрыя валасы. Ужо пазьней жанчына, якая сядзела зь ёй на Акрэсьціна і якая ўжо выйшла адтуль, зьвязалася з намі і расказала, што з Волі ў літаральным сэнсе выбівалі паказаньні. Калі яна адмаўлялася сьведчыць супраць сябе, яе аблівалі вадой і білі. Але агаворваць сябе яна ўсё адно ня стала, — сказала маці Вольгі. — Воля моцная, гэта ў ейным характары. Яна заўжды выступала за справядлівасьць, не адседжвалася ўбаку. Шмат дзе пабывала, шмат што ведае. Неяк яна вырашыла паехаць у Амэрыку, паглядзець, што там ды як, — і паехала. Потым захацела да сяброўкі ў Афрыку — і таксама паехала. Яна любіла пазнаваць гэты сьвет, падарожнічаць „дзікуном“, стасавацца зь цікавымі разумнымі людзьмі. Зламаць яе ГУБАЗіКу не ўдалося».

Маці Вольгі паведаміла, што на наступны дзень у кватэры Рытус правялі агляд, пры гэтым супрацоўнікі ГУБАЗіК размаўлялі па-хамску і абражалі ўсіх, у тым ліку старэйшага сына затрыманай, які жыве ў Кракаве. Па пытаньнях, якія яны задавалі, стала ясна: сілавікі сачылі за кватэрай перад затрыманьнем і, магчыма, праслухоўвалі Вольгу.

Пасьля таго агляду з кватэры Вольгі ГУБАЗіК забраў сыстэмны блёк, пляншэт дзіцяці і дзьве дзіцячыя цацкі — кайданкі і дубінку. Саму ж Вольгу ў гэты час утрымлівалі ў невыносных умовах. Як удалося высьветліць родным, больш за тыдзень яна правяла на Акрэсьціна — безь бялізны, бяз душу, без шпацыраў, бяз самых неабходных рэчаў і ў холадзе. У лісьце Рытус спрабуе жартаваць і ня падае духам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG