Сёньня Мінэнэрга паведаміла, што на АЭС трэба замяніць элемэнт узбуджальніка турбагенэратара. Рамонт вядуць работнікі расейскага заводу-вытворцы.
Пасьля гэтага энэргаблёк будуць зноў выпрабоўваць, дыягнаставаць абсталяваньне і сыстэмы турбагенэратара, і тады ўжо падключаць да сеткі.
Першы энэргаблёк БелАЭС 12 ліпеня быў адключаны ад сеткі аўтаматычнай абаронай генэратара. На радыяцыйны фон гэта не паўплывала.
16 ліпеня міністар энэргетыкі Віктар Каранкевіч паведаміў, што абсталяваньне турбагенэратара працавала пры тэмпэратуры каля 300 градусаў і «неабходны пэўны час для яго расхалоджваньня, каб спэцыялісты маглі прыступіць да высьвятленьня прычын спрацоўваньня абароны і іх ліквідацыі».
Энэргаблёк увялі ў прамысловую эксплюатацыю 10 чэрвеня. Яго фізычны пуск адбыўся ў жніўні 2020 году.
Камісар Эўразьвязу ў энэргетыцы Кадры Сімсан 3 чэрвеня заявіла, што Беларусь вырашыла пачаць прамысловую эксплюатацыю Астравецкай АЭС, ня выканаўшы ўсе рэкамэндацыі ў бясьпецы.
9 ліпеня завяршыла працу ў Беларусі двухтыднёвая місія МАГАТЭ ў пытаньнях фізычнай абароны аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі. Кіраўнік місіі Джозэф Сандавал тады заявіў, што «ўлады Беларусі надаюць вялікае значэньне бясьпецы і надзейнасьці БелАЭС».