Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская чакае ад Ізраілю больш рашучай ацэнкі дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі


Сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай зь беларускай дыяспарай у Нью-Ёрку, 25 ліпеня 2021 г.
Сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай зь беларускай дыяспарай у Нью-Ёрку, 25 ліпеня 2021 г.

Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Нью-Ёрку з Сэмам Клінгерам, кіраўніком Амэрыканскага габрэйскага камітэту, найстарэйшай праваабарончай групы, якая займаецца дапамогай габрэям.

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай, адзначаючы, што яна і Клінгер абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі, затрыманьні і катаваньні, якія закранулі ў тым ліку і грамадзян Ізраілю.

Ціханоўская прапанавала Клінгеру заклікаць Ізраіль да больш рашучай пазыцыі стасоўна дзеяньняў рэжыму

«Лукашэнка ня раз дэманстраваў непавагу да габрэяў, але гэта ня мае нічога агульнага з выдатнымі адносінамі паміж беларускім і ізраільскім народамі», сказала яна на сустрэчы, на якой таксама абмяркоўвалася патэнцыйная магчымасьць яе рабочага візыту ў Ізраіль.

У Нью-Ёрку Ціханоўская сустрэлася таксама зь некалькімі сотнямі прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў ЗША і наведала катэдральны сабор Кірылы Тураўскага Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў Брукліне.

  • Нядаўна група 39 выхадцаў зь Беларусі заклікала кіраўніка МЗС Ізраілю Яіра Лапіда выказаць выразную пазыцыю Ізраілю наконт сытуацыі ў Беларусі. «Амбасада Ізраілю дэ-факта дэманстратыўна падтрымлівае дыктатуру, што выклікае ўсеагульнае зьдзіўленьне і абурэньне, асабліва на фоне антысэміцкай рыторыкі прапагандыстаў рэжыму», — напісалі яны.
  • «Ізраіль працягвае ўважліва сачыць за падзеямі ў Беларусі. Нават калі мы крытычна настроеныя ў адносінах да ўраду, ёсьць прычыны, дзеля якіх Ізраіль устрымліваецца ад публічных заяў і асуджэньня. МЗС узважана падыходзіць да ацэнкі сытуацыі ў краіне. Гэта не прыкмета абыякавасьці і, вядома ж, не падтрымка таго, што адбываецца ў Беларусі амаль год», — напісаў Лапід у адказе на гэты зварот.
  • Лукашэнка ў мінулым ня раз рабіў выказваньні, якія ўспрымаліся як антысэміцкія або непрымальныя ў Ізраілі. Падчас выступу 3 ліпеня сёлета Лукашэнка выказаўся пра Галакост, што выклікала афіцыйны пратэст Ізраілю. Лукашэнка сказаў, сярод іншага, што сёньня неабходна гаварыць пра «Галакост беларускага народу» падчас Другой сусьветнай вайны. «Яўрэі ж змаглі гэта даказаць. Увесь сьвет сёньня схіляецца перад імі, нават баяцца пальцам у іх паказаць, а мы такія талерантныя, такія добрыя, нікога не хацелі пакрыўдзіць. Даскакаліся да таго, што нас пакрыўдзілі».
  • У памяці габрэяў засталося таксама выказваньне Лукашэнкі з 2007 году пра Бабруйск: «Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было зайсьці! Сьвінушнік быў! Гэта ў асноўным быў габрэйскі горад. Ну, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG