25 красавіка невядомыя ўзламалі сайт Беларускай атамнай электрастанцыі. На галоўнай старонцы сайту апублікавалі тэкст, у якім ад імя «неабыякавых супрацоўнікаў» станцыі гаворыцца пра небясьпеку АЭС.
Сьцьвярджаецца, што
- першы блёк запусьцілі пад ціскам кіраўніцтва краіны, хоць ён яшчэ ня быў гатовы да запуску,
- дагэтуль сыстэмы не наладжаныя да канца, што выклікае пастаянныя непаладкі абсталяваньня,
- сытуацыя пагаршаецца і трагедыя можа адбыцца ў кожны момант.
На ангельскамоўнай вэрсіі сайту разьмясьцілі пераклад звароту.
У Міністэрстве энэргетыкі пацьвердзілі ўзлом сайту.
«Сёньня сайт БелАЭС быў узламаны невядомымі. Кім менавіта, цяпер высьвятляюць спэцыялісты. Апублікаваная ў паведамленьні інфармацыя ёсьць фэйкам», — заявілі ў міністэрстве.
Там дадалі, што сайт ужо аднаўляюць і пэўны час ён будзе недаступным. Але ўзламаная вэрсія сайту працягвала адкрывацца і пасьля паведамленьня Мінэнэрга. 28 красавіка Мінэнэрга паведаміла, што хакеры падмянялі IP-адрас і карыстальнікі пераходзілі не на сайт БелАЭС, а на падробленую старонку.