Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уся Беларусь цяпер за кратамі». Як будуць рэабілітоўваць ахвяраў палітычных рэпрэсій часоў Лукашэнкі


Турма на Акрэсьціна

Некалькі сотняў тысяч ахвяраў палітычных рэпрэсій будуць рэабілітаваныя, кажа былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта, а цяпер сябра Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Арцём Праскаловіч, адзін з аўтараў канцэпцыі рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій.

Глядзіце размову цалкам на відэа.

У канцэпцыі гаворыцца пра «рэабілітацыю ахвяраў палітычных рэпрэсій, якія ажыцьцяўляюцца дыктатурай Лукашэнкі з 20 ліпеня 1994 году. Канцэпцыя прадугледжвае як вызваленьне людзей, якія знаходзяцца ў турмах і СІЗА з палітычных матываў, так і дапамогу і кампэнсацыі іншым пацярпелым ад незаконных дзеяньняў улады»

Сьцісла

  • Цяпер гаворка ідзе пра блізу 35 тысяч чалавек, пакараных паводле адміністрацыйных артыкулаў. Калі дадаць выключаных студэнтаў, звольненых, пацярпелых ад катаваньняў, зьбітых, да якіх не ўжываліся адміністрацыйныя ці крымінальныя артыкулы, можна казаць пра некалькі сотняў тысяч чалавек.
  • Калі перагледзець дзяржаўную маёмасьць, якая знаходзіцца ў кіраваньні аднаго чалавека ці кола асобаў, гэтага дастаткова будзе для таго, каб аднавіць як правы пацярпелых, так і эканоміку Беларусі ў цэлым.
  • Гэта першачарговае пытаньне, якое мае быць вырашана ў новай Беларусі. Можна сказаць, што ўся Беларусь цяпер за кратамі, і канцэпцыя — пасыл усім людзям, што яны не забытыя, што найперш трэба вызваліць тых, каго незаконна трымаюць за кратамі.


Асноўныя тэзісы Арцёма Праскаловіча:


Пра сусьветны досьвед рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій

Арцём Праскаловіч
Арцём Праскаловіч

— За сусьветным досьведам далёка хадзіць не прыйшлося. Яшчэ сьвежыя ў памяці рэабілітацыі ахвяраў сталінскіх, камуністычных рэпрэсій, якія адбываліся ў Савецкім Саюзе і пасьля яго развалу. Напэўна, у Беларусі рэабілітацыя была праведзеная недастаткова добра, што дазволіла, па сутнасьці, усталявацца такому ж самаму рэжыму, які толькі зьмяніў свае формы, у сувязі з чым цяпер даводзіцца думаць пра рэабілітацыю ахвяраў новых палітычных рэпрэсій.


Пра якую колькасьць ахвяраў палітычных рэпрэсій можа ісьці гаворка


— Гэта можа быць вялізарная колькасьць людзей за ўсе гады прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Мы разумеем, што многія зь іх могуць вырашыць забыцца на тыя падзеі і не зьвяртацца па рэабілітацыю, бо гэта складана перажываць. Апошні год — усплёск рэпрэсій. Цяпер гаворка ідзе пра блізу 35 тысяч чалавек паводле адміністрацыйных артыкулаў. Калі дадаць выключаных студэнтаў, звольненых людзей, пацярпелых ад катаваньняў, зьбітых, да якіх не ўжываліся адміністрацыйныя ці крымінальныя артыкулы, то можна казаць пра некалькі сотняў тысяч людзей за ўсе гэтыя гады.

Хто будзе займацца рэабілітацыяй


— Мы мяркуем, што будзе створаная нацыянальная камісія ў пытаньнях рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій. У любым разе будзе патрэбны нейкі пазасудовы орган, бо гэта будзе ня толькі судовы перагляд справаў. Рэпрэсіўныя рашэньні прымалі праваахоўныя органы, іншыя органы, якія маюць адміністрацыйныя паўнамоцтвы. Звальненьні, адлічэньні, іншыя пытаньні будуць па-за кампэтэнцыяй суду, як і арганізацыйныя пытаньні аказаньня дапамогі, перанакіраваньня дакумэнтацыі і гэтак далей.

Як доўга будзе праходзіць рэабілітацыя


— Гэта праца не аднаго дня і, можа, не аднаго году, але за яе трэба ўзяцца і вельмі дакладна яе зрабіць ад пачатку да канца, каб кожны пацярпелы быў рэабілітаваны і прызнаны ахвярай палітычных рэпрэсій. Пра такіх людзей нельга забыцца, інфармацыю трэба давесьці да ўсяго беларускага народу і сусьветнай супольнасьці. Найперш трэба аднавіць правы людзей, па магчымасьці вярнуць ім страчанае і назаўсёды паставіць кропку на магчымасьці рэпрэсій на тэрыторыі нашай краіны.

Якая будзе працэдура прызнаньня палітвязьнем


— Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва падрыхтуе базісны пакет праектаў дакумэнтаў, якія ў новай Беларусі могуць быць узятыя за аснову для заканадаўчага замацаваньня падыходаў, крытэраў палітычных рэпрэсій, вызначэньня асобаў, якія зазналі палітычныя рэпрэсіі, і пацярпелых ад іх (напрыклад, родныя загінулых, якія могуць заявіць пра неабходнасьць прызнаньня ахвярай палітычных рэпрэсій пасьмяротна).

Што тычыцца саміх палітвязьняў — гэтыя людзі на паверхні, за імі падрабязна сочаць кожны дзень, гэта тыя, на каго скіраваныя самыя цяжкія рэпрэсіі, людзі, якія цяпер знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі, пад арыштам. Для іх прадугледжанае неадкладнае вызваленьне ў першае імгненьне ўсталяваньня легітымнай улады ў Беларусі. Што тычыцца ўсяго астатняга, то будуць выпрацаваныя падрабязныя крытэры і кожная справа будзе разглядацца ў індывідуальным парадку, паколькі маглі быць страчаныя пэўныя сьведчаньні і доказы. Але дзякуючы сучасным тэхналёгіям і таму, што мноства ініцыятываў цяпер зьбірае гэтыя сьведчаньні, мяркую, што ня ўзьнікне складанасьці вызначыць ахвяраў палітычных рэпрэсій.

Як будзе прызначацца кампэнсацыя


— Гэтыя людзі павінны быць адноўленыя ў правах. Ім трэба вярнуць незаконна адабранае, па магчымасьці выплаціць кампэнсацыю. У канцэпцыі зробленая агаворка, што разьлік кампэнсацыі робіцца пасьля папярэдняй ацэнкі і пасьля таго, як людзі заявяць пра жаданьне атрымаць статус ахвяры палітычных рэпрэсій, а таксама заявяць пра неабходнасьць кампэнсацыі. Камусьці будзе проста дастаткова факту прызнаньня таго, што ён пацярпеў.

Зь якіх крыніцаў будуць вылучаныя сродкі на кампэнсацыю пакутаў


— У канцэпцыі прадугледжаныя чатыры крыніцы фінансаваньня кампэнсацый — бюджэтныя сродкі, добраахвотныя ахвяраваньні, дапамога міжнародных партнэраў, якая сёньня рыхтуецца для дэмакратычнай Беларусі, а таксама праз спагнаньне з асобаў, вінаватых у рэпрэсіях. Калі перагледзець, пераацаніць дзяржаўную маёмасьць, якая знаходзіцца ў кіраваньні аднаго чалавека ці кола асобаў, то гэтага дастаткова будзе для таго, каб аднаўляць як правы пацярпелых, так і эканоміку Беларусі ў цэлым.

Хто працаваў над канцэпцыяй рэабілітацыі


— Над канцэпцыяй працавалі эканамісты і юрысты Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, мы прыцягвалі да працы палітолягаў, праваабаронцаў і беларускіх юрыстаў, якія давалі сваю экспэртную ацэнку. Канцэпцыя — дастаткова просты, зразумелы дакумэнт, дэталізацыя пакуль не была патрэбная. У разьвіцьцё гэтага дакумэнту спатрэбяцца больш напоўненыя, аб’ёмныя, канкрэтныя дакумэнты. Мы плянуем заняцца іх распрацоўкай з прыцягненьнем самага шырокага кола беларускіх і замежных экспэртаў.

Пра асабістую матывацыю


— Пры падрыхтоўцы канцэпцыі мы прымяралі яе на сябе, разумеючы, што многія з нас фактычна зьяўляюцца ахвярамі рэпрэсій, тымі, каго выгналі з краіны, звольнілі, адлічылі, хто адседзеў суткі, атрымаў адміністрацыйныя штрафы.

Гэта запыт беларускага грамадзтва, ён выцякае з патрабаваньня спыніць гвалт і вызваліць палітвязьняў. З майго пункту гледжаньня, гэта першачарговае пытаньне, якое павінна быць вырашана ў новай Беларусі. І была зробленая спроба абазначыць рамкі гэтай працы ў будучыні. Мая асабістая матывацыя — аднавіць справядлівасьць і законнасьць. Можна сказаць, што ўся Беларусь знаходзіцца за кратамі ў цяперашні момант. І канцэпцыя — знак, пасыл усім людзям, што яны не забытыя і найперш трэба вызваліць тых, каго незаконна трымаюць у засьценках турмаў і СІЗА.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG