Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы юрыст адміністрацыі Лукашэнкі далучыўся да каманды Латушкі


Арцём Праскаловіч
Арцём Праскаловіч

Арцём Праскаловіч у Народным антыкрызісным кіраўніцтве будзе займацца пытаньнямі канстытуцыйнага будаўніцтва і праваахоўнай дзейнасьці. Ён выказаў здагадку, што можа кіраваць чыноўнікамі, судзьдзямі і пракурорамі, якія засталіся ў сыстэме.

Юрыст адміністрацыі Лукашэнкі Арцём Праскаловіч пакінуў працу яшчэ 13 жніўня, папярэдне апублікаваўшы допіс у сацсетках. Ён удзельнічаў у акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту, а цяпер далучыўся да Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва, піша Tut.by.

Беларусь колішні чыноўнік пакінуў 8 студзеня, цяпер жыве ў Варшаве. Да каманды Паўла Латушкі далучыўся таму, што яго туды запрасілі.

Праскаловіч 14 гадоў працаваў на дзяржаўнай службе: 3 гады ў судзе Партызанскага раёну Менску, 5 гадоў у Міністэрстве юстыцыі і апошнія 6 гадоў — у Адміністрацыі прэзыдэнта. Там Праскаловіч займаў пасаду намесьніка начальніка ўпраўленьня заканадаўства ў праваахоўнай і вайсковай сфэрах Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня.

У сфэру яго адказнасьці ўваходзілі канстытуцыйнае будаўніцтва і праваахоўная дзейнасьць. Куратарам адпаведных сфэраў праваадносін ён будзе цяпер у структуры Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва.

Праскаловіч прызнаўся, што сыстэма праверак людзей, якія прыходзяць у адміністрацыю Лукашэнкі, не працуе так, як пра гэта часта думаюць, паколькі ён у 16 гадоў уваходзіў у «Малады фронт», фігураваў у крымінальнай справе Зьмітра Дашкевіча, і пры гэтым змог 14 гадоў пратрымацца ў дзяржаўнай сыстэме.

Заробак у адміністрацыі ў яго быў каля 1 тысячы даляраў, але «толькі два месяцы», потым зьнізіўся.

Як былы супрацоўнік суду, Праскаловіч выказаўся і пра суворыя прысуды, якія рэгулярна выносяць судзьдзі, што засталіся ў сыстэме.

«Рэжым быў абсалютна не гатовы да таго, што адбываецца, і судзьдзям даводзіцца апісваць адарваныя ад права, закону, аб’ектыўнай рэчаіснасьці рэчы, а часам, напэўна, і без усялякіх абгрунтаваньняў даваць людзям „суткі“ і тэрміны. Тлумачэньні, дасьледаваньне доказаў, прызнаньне іх дапушчальнымі — гэта ўсё адышло ў нябыт, проста „павінен сесьці“».

Матывацыя судзьдзяў заставацца на працы розная. На думку Праскаловіча, нехта чакае пэнсіі, нехта трымаецца за матэрыяльную выгаду, хтосьці зьяўляецца перакананым прыхільнікам улады. Акрамя таго, шэраг судзьдзяў у рэгіёнах баяцца не знайсьці ніякай працы пасьля сыходу.

Аб прысудах, якіх патрабуюць маладыя пракуроры, былы чыноўнік кажа, што «22-гадовую дзяўчыну 50-гадовы старшыня суду задушыць маральна і размажа так, што яна будзе судзіць каго заўгодна. А аднойчы пагадзіўшыся, далей ужо прасьцей».

Мае сваю думку Праскаловіч і пра нікчэмна нізкі адсотак апраўдальных прысудаў у Беларусі, які летась склаў 0,3%.

«Гэта дзіўная сыстэма, бо атрымліваецца, што колькасьць апраўдальных прысудаў сьведчыць аб дрэннай працы органаў сьледзтва. Фактычна рашэньне аб вінаватасьці або невінаватасьці рыхтуюць да суду і робяць усё, каб суд прыняў толькі адно рашэньне — вінаваты».

Каманда Латушкі, да якой Арцём далучыўся, не распрацоўвае праекту новай Канстытуцыі Беларусі, яна толькі дае свае камэнтары да праекту, якім займаецца група Анатоля Лябедзькі ў складзе каманды Сьвятланы Ціханоўскай. Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва больш займаецца «лічбавым рэфэрэндумам», пытаньнямі дзяржаўнага будаўніцтва.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG