Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы прызналі 20 новых палітвязьняў


Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітвязьнямі 20 удзельнікаў пратэстаў, узятых пад варту і абвінавачаных у крымінальных злачынствах, а таксама асуджаных.

У супольнай заяве праваабарончыя арганізацыі краіны чарговы раз адзначаюць, што свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 году і праходзілі са шматлікімі парушэньнямі і фальсыфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадзкай бясьпецы, гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы адзначаюць, што дэманстрантамі не ўчыняліся дзеяньні, якія ахопліваюцца дыспазыцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэксу, і, адпаведна, іх дзеяньні ня могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не ўчынялі падпалаў, пагромаў, не зьнішчалі маёмасьць і не аказвалі збройнага супраціву праваахоўным органам.

«Мы ацэньваем перасьлед Максіма Ялканава, Радзівона Медушэўскага, Віктара Таўгеня, Ігара Лаптановіча, Мікіты Дранца, Паўла Шпетнага, Данілы Чуля, Аляксандра Казьлянкі, Андрэя Марача, Аляксея Галаўко, Івана Соўпеля, Андрэя Хвескаўца, Аляксандра Шандыбы, Сяргея Шаламіцкага, Аляксандра Шаламіцкага, Льва Цяліпкі, Якава Шафарэнкі, Данілы Бандарука, Паўла Мазько, Ільлі Піражкова, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя па ч. 2 арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі») і па ч. 1 арт. 342 КК («Групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»), як палітычна матываваны перасьлед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказваньня свайго меркаваньня адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зьняволенымі», — гаворыцца ў супольнай заяве праваабарончых арганізацыяў Беларусі.

Заяву падпісалі праваабарончы цэнтар «Вясна», РГА «Прававая ініцыятыва», «Ініцыятыва FORB», Кансультацыйны цэнтар па актуальных міжнародных практыках і іх імплемэнтацыі ў праве Human Constanta, Беларускі ПЭН-цэнтар, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава і Беларускі Хэльсынскі камітэт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG