Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самае цяжкае — этап. Палітзьняволеных журналістак перавезьлі ў СІЗА Жодзіна


Суд над Кацярынай Андрэевай і Дар'яй Чульцовай. Менск.

У жодзінскай турме журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова чакаюць разгляду ў Менскім гарадзкім судзе сваёй апэляцыі на вырак, суд пройдзе 23 сакавіка. Апэляцыю журналісткі Tut.by Кацярыны Барысевіч гарадзкі суд Менску мае разгледзець 20 красавіка.

Як расказаў «Белсату» Ігар Ільяш, муж Кацярыны Андрэевай, яе ў жодзінскую турму этапавалі 17 сакавіка. Раней журналіскі там адбылі 2,5 месяца перад судом. Дарога расьцягнулася на ўсю ноч.

Спачатку разам зь іншымі вязьнямі давезлі на аўтазаку да чыгуначнай станцыі, адтуль у «сталыпінскіх» вагонах да Жодзіна, а там зноў аўтазакамі да турмы.

У Менску перад этапам і пасьля ў Жодзіне Кацярыну некалькі гадзінаў трымалі ў так званай камэры-адстойніку.

Паводле Ігара, нягледзячы на цяжкія ўмовы пераезду, Каця захоўвае добры эмацыйны стан і ня скардзіцца на здароўе, яна напісала, што самае цяжкае менавіта этапаваньне. Адразу пасьля пераводу ў Жодзіна яе наведаў адвакат Сяргей Зікрацкі. На наступны дзень Ігар Ільяш завёз ёй перадачу.

Раней у СІЗА Жодзіна адправілі таксама Дар’ю Чульцову.

Журналістак «Белсату» затрымалі летась 15 лістапада за стрым з акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Ім выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

18 лютага суд Фрунзэнскага раёну Менску пакараў кожную 2 гадамі пазбаўленьня волі ва ўмовах калёніі.

23 сакавіка стала вядома пра перавод зь менскага СІЗА № 1 у Жодзіна журналісткі парталу Tut.by Кацярыны Барысевіч. Гэта высьветлілася, калі сваякі прыйшлі да ізалятару зь перадачай.

2 сакавіка Кацярыну Барысевіч і лекара сталічнай лякарні хуткай дапамогі Арцёма Сарокіна прызналі вінаватымі ў разгалошваньні мэдычнай тайны.

Суд прызначыў Барысевіч паўгода пазбаўленьня волі, Сарокіну — два гады з адтэрміноўкай на год. У той дзень ён быў вызвалены з-пад варты.

Аднак пракуратура палічыла прысуд журналістцы «занадта мяккім» і накіравала пратэст. У сваю чаргу абарона лічыць, што віна Кацярыны не даказаная і настойвае на поўным яе апраўданьні.

Праваабаронцы прызналі ўсіх зьняволеных журналістак палітвязьнямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG