Лінкі ўнівэрсальнага доступу

65 год таму камуністы асудзілі сталінізм. Як гэта было і чаму сталіністы ёсьць дагэтуль


Мікіта Хрушчоў выступае на XX зьезьдзе КПСС. Масква, Крэмль.
Мікіта Хрушчоў выступае на XX зьезьдзе КПСС. Масква, Крэмль.

25 лютага 1956 году адбыўся гістарычны XX зьезд КПСС. На ім асудзілі культ асобы і агучылі жахлівыя злачынствы рэжыму. XX зьезд называюць паваротным момантам, які паклаў канец сталінскай эпосе.

Зьезд камуністаў, які адбыўся 65 год таму, быў ня першай спробай разабрацца са «спадчынай Сталіна». Ужо праз 5 дзён пасьля сьмерці савецкага дыктатара ў 1953 годзе ягоны пераемнік Георгій Малянкоў на паседжаньні прэзыдыюму ЦК запатрабаваў ад прэсы «спыніць палітыку культу асобы». У гэтыя ж дні ён прапанаваў сабраць пленум партыі, каб асудзіць «культ асобы». Але гэтага не адбылося.

Прыблізна ў гэты ж час, за тры гады да XX зьезду, першыя дакумэнты пра мэханізм рэпрэсіяў паказаў вярхушцы партыі Лаўрэнцій Берыя. Пасьля сьмерці Сталіна ён стаў міністрам унутраных спраў. Ужо пры ім пачалі спыняць сфальсыфікаваныя справы і вызваляць асуджаных. Але нельга забывацца, што ў гады тэрору Берыя быў адной з ключавых асобаў НКВД.

Тое, што адбылося ў 1956 годзе, стала бомбай. І вось чаму.

Як гэта ўвогуле стала магчымым

За некалькі месяцаў да зьезду на прэзыдыюме ЦК КПСС спрачаліся, як адзначаць дзень нараджэньня Сталіна. Частка прысутных прапаноўвала раскрыць усю праўду пра рэпрэсіі. Прэзыдыюму ЦК прадставілі «Матэрыялы праверкі аб парушэньнях законнасьці». У іх апісваліся канкрэтныя выпадкі тэрору.

Мноства матэрыялу, дарэчы, было і пра БССР. У прыватнасьці:

  • «У НКВД Беларускай ССР арыштаваных зацягвалі ва ўціхамірвальную кашулю, аблівалі вадой і выстаўлялі на мароз, улівалі ў нос нашатырны сьпірт, які зьдзекліва называлі «кроплямі шчырасьці».
  • «У Асобым аддзеле Беларускай ваеннай акругі арыштаваных прымушалі прысядаць сотні разоў зь Бібліяй у выцягнутых руках, брахаць па-сабачы».

Паказаньні начальніка аддзелу Наркамату ўнутраных спраў Беларусі:

  • «Зьбіцьцё арыштаваных, катаваньні, якія даходзілі да садызму, сталі асноўнымі мэтадамі допыту. Лічылася ганебным, калі ў сьледчага няма ніводнага прызнаньня ў дзень. У наркамаце быў суцэльны стогн і крык, які можна было пачуць за квартал ад наркамату. Асабліва вылучаўся сьледчы аддзел».

Наступствам гэтай сустрэчы стала стварэньне празь месяц «камісіі Пасьпелава», якая мелася расьсьледаваць рэпрэсіі.

Іосіф Сталін у труне, 9 сакавіка 1953 года
Іосіф Сталін у труне, 9 сакавіка 1953 года

І што ўдалося ўстанавіць гэтай камісіі?

Напачатку трэба сказаць, што Пётар Пасьпелаў пры жыцьці Сталіна быў яго фанатычным паплечнікам, аўтарам кнігі і артыкулаў пра Сталіна. Але пасьля сьмерці перайшоў да Хрушчова адным зь першых і стаў сакратаром ЦК КПСС.

Першапачаткова задачай гэтай камісіі, у якую ўваходзілі партыйныя дзеячы, прадстаўнікі КГБ і пракуратуры, было зусім не дасьледаваць сталінскія рэпрэсіі ў СССР. Ад яе патрабавалася выявіць, як сталі магчымымі масавыя рэпрэсіі супраць «большасьці ўсяго складу чальцоў і кандыдатаў ЦК ВКП(б), абранага XVII зьездам партыі» (1934 год).

Але «камісія Пасьпелава» выйшла за межы пастаўленай перад ёю задачы. Яна назвала лічбу ахвяр «Вялікага тэрору» — 1 млн 548 тыс. 366 арыштаваных і 681 692 расстраляных. 25 мільёнаў чалавек, паводле камісіі, зазналі за сталінскім часам рэпрэсіі.

Менавіта высновы «камісіі Пасьпелава» сталі асновай дакладу Хрушчова.

Як адбываўся выступ Хрушчова?

Мэтай XX зьезду было зусім не асуджэньне Сталіна, а абмеркаваньне шасьцігадовага пляну. Гістарычны выступ Хрушчова адбыўся ў апошні дзень зьезду.

Замежных гасьцей з 55 краін, якія прысутнічалі на зьезьдзе адпачатку, сярод слухачоў не было. Паседжаньне было закрытае. Менавіта таму даклад Хрушчова вельмі часта называюць сакрэтным.

Дык даклад Хрушчова быў сюрпрызам для кіраўніцтва партыі?

Не. Вярхушка партыі ведала пра гэты даклад задоўга да выступу Хрушчова. Яны чыталі даклад, рабілі заўвагі. Да апошняга моманту кіраўніцтва партыі спрачалася, ці варта называць агульныя лічбы па рэпрэсіях, ці сканцэнтравацца выключна на ахвярах сярод намэнклятуры. Дэбаты доўжыліся 5 дзён і скончыліся ўсяго за суткі да пачатку зьезду.

Мікіта Хрушчоў, XX зьезд КПСС
Мікіта Хрушчоў, XX зьезд КПСС

Што было ў гэтым дакладзе?

  • Хрушчоў напачатку адразу патлумачыў, што даклад — ня спроба ацаніць усё жыцьцё Сталіна, і падкрэсьліў, што ў яго вялікія заслугі ў пабудове савецкай дзяржавы.
  • Ён асудзіў культ асобы Сталіна, заявіўшы, што той супярэчыць марксізму-ленінізму. Разам з тым Хрушчоў засяродзіўся на тым, што культ асобы нанёс «велізарную шкоду прынцыпу калектыўнага кіраўніцтва ў партыі». Пра масавыя рэпрэсіі супраць мільёнаў людзей ён не згадаў.
  • Увесь даклад Хрушчоў намагаўся зьвесьці даклад да таго, што адзінай віной Сталіна былі рэпрэсіі супраць намэнклятуры і былых ідэйных камуністаў.

«Сталін біў па сваіх, па вэтэранах партыі і рэвалюцыі! За гэта мы яго і асуджаем!»

  • Хрушчоў цытаваў лісты Леніна і Крупскай пра жорсткасьць Сталіна, але пазьней назваў пазытыўнай ролю Сталіна ў «ідэйнай барацьбе» супраць трацкістаў, правых, буржуазных нацыяналістаў.
  • Хрушчоў згадаў, што Сталін увёў паняцьце «вораг народу», якое вызваляе ад неабходнасьці ўсялякіх доказаў ідэйнай памылковасьці чалавека.
  • Паводле Хрушчова, жорсткія рэпрэсіі Сталіна адбываліся «з парушэньнем усякіх нормаў рэвалюцыйнай законнасьці».

«У дачыненьні да людзей, якія ў свой час выступалі супраць лініі партыі, часта не было дастаткова сур’ёзных падстаў, каб іх фізычна зьнішчыць».

  • Хрушчоў абверг выключную ролю Сталіна ў перамозе ў вайне і ўсклаў на яго віну ў вялікіх стратах. Паводле ягоных слоў, Сталін не рэагаваў на паведамленьні аб плянах Гітлера і не мабілізаваў своечасова прамысловасьць для патрэбаў войска.

«І зь першых жа дзён вайны выявілася, што наша армія ўзброена дрэнна, што мы ня мелі дастатковай колькасьці артылерыі, танкаў і самалётаў для адпору ворагу».

  • Хрушчоў скрытыкаваў Сталіна за масавыя высяленьні са сваіх родных мясьцін цэлых народаў, сфальсыфікаваныя судовыя справы, правалы ў міжнароднай палітыцы, помнікі пры жыцьці.

Што было з дакладам пасьля выступу Хрушчова

Як гэта ні дзіўна, даклад у СССР упершыню апублікавалі толькі ў 1989 годзе. Пасьля зьезду яго даслалі пярвічным партарганізацыям выключна для зачытваньня камуністам услых.

Інакш было з публікацыяй на Захадзе. Першыя падрабязнасьці трапілі туды ад карэспандэнта Reuters у Маскве, які атрымаў даклад ад савецкага знаёмага. Лічыцца, што цалкам даклад трапіў на Захад праз сацыялістычную Польшчу, дзякуючы журналісту, які перадаў копію дакладу ў пасольства Ізраілю. А тыя ўжо перадалі амэрыканцам. Улетку 1956 году даклад Хрушчова быў апублікаваны ў ЗША.

Што зьмянілася ў СССР пасьля дакладу

У 1963 годзе, выступаючы перад творчай інтэлігенцыяй, Хрушчоў заявіў:

«Майце на ўвазе: саджаць мы не развучыліся! Думаюць, што Сталін памёр, і, значыць, усё можна! Сатрэм! Для такіх будуць не адліга і ня замаразкі, а маразы!».

Але што б ні казаў тады Хрушчоў, Савецкі Саюз праз 7 год пасьля дакладу быў ужо іншым, чым пры жыцьці Сталіна.

  • Зь лягераў пачалі выходзіць сотні тысяч вязьняў.
  • Пачалася рэабілітацыя ахвяраў рэпрэсій
  • Выселеным народам дазволілі вярнуцца на гістарычныя землі
  • Вяртаньня да масавага тэрору не адбылося.
  • Спробы рэсталінізацыі пацярпелі паразу.

Навошта бальшавікі самі асудзілі ўласную палітыку?

Масава вызваляць ахвяраў рэпрэсій зь лягераў пачалі ў 1953 годзе, пасьля таго, як Берыя стаў міністрам унутраных спраў. Вызваленыя расказвалі пра катаваньні, пра нялюдзкія ўмовы ўтрыманьня. Да ўладаў рынула хваля лістоў з просьбамі аб вызваленьні і рэабілітацыі.

У палітычным пляне Хрушчоў зьняў зь сябе адказнасьць за рэпрэсіі, абмежаваўшы яе толькі асобаю Сталіна.

Ён здолеў узмацніць сваю ўладу і запалохаць сваіх апанэнтаў, якія прымалі актыўны ўдзел у рэпрэсіях.

Гісторыкі мяркуюць, што ў сярэдзіне 1950-х грамадзтва ў СССР было на мяжы сацыяльнага выбуху, ня бачачы абяцанай «сьветлай будучыні». У гэтым сэнсе асуджэньне Сталіна выклікала палёгку і эфэкт «выпушчанай пары».

Асабістай непрыязі Хрушчова да Сталіна быць не магло. Гэта быў адзін з улюбёнцаў Сталіна. Тосты за Сталіна Хрушчоў падымаў яшчэ ў сярэдзіне 60-х. Адлігі Хрушчоў таксама не плянаваў. Вызваленьне вязьняў і рэабілітацыя сталі наступствам дакладу, але не яго мэтай. Тым ня менш прамова Хрушчова на XX зьезьдзе КПСС стала гістарычнай падзеяй, якая зьмяніла жыцьці дзясяткаў мільёнаў людзей.

Чаму пасьля асуджэньня сталінізму самімі камуністамі дагэтуль ёсьць сталіністы і людзі, якія адмаўляюць, што рэпрэсіі сапраўды былі?

Аляксей Братачкін, гісторык: «Працэс „рэабілітацыі“ ахвяраў злачынстваў пэрыяду сталінізму не завершаны да гэтага часу»

«Па-першае, пасьля 1956 году ніякіх зьменаў, якія б адпавядалі жаданьню спыніць палітычна матываваную юстыцыю і злачынствы ў СССР, амаль не адбылося, незалежныя суды не зьявіліся, праблема не была вырашана раз і назаўсёды.

Сам тэрмін „незаконныя рэпрэсіі“ даволі праблематычны, нібыта рэпрэсіі абавязкова павінны існаваць, але законныя.

Аляксей Братачкін
Аляксей Братачкін

Францускі гісторык Нікаля Вэрт называў падзеі пры Хрушчову „кіраванай дэсталінізацыяй“, то бок працэс так званай „дэсталінізацыі“ прайшоў у межах сыстэмы, якая не зьмянілася, толькі стала „больш лібэральнай“, стала рэпрэсаваць інакш (напрыклад, праз выкарыстаньне псыхіятрыі і г. д.). Ніякіх урокаў гістарычных не было вынесена, толькі прагучала ідэя „памылак“. Але гэта не вырашэньне праблемы. Лічу, што працэс „рэабілітацыі“ ахвяраў злачынстваў пэрыяду сталінізму не завершаны да гэтага часу.

Па-другое, заўсёды існуюць людзі, так бы мовіць, „аўтарытарнага тыпу“ (гэта адсылка да канцэпцыі Адорна, якая мае сваю гісторыю таксама) — яны не гавораць аб правах чалавека ці падобных каштоўнасьцях. Замест гэтага яны атаясамліваюць сабе зь дзяржавай, рэжымам, галоўнае для гэтых людзей — „мэтазгоднасьць“. Калі трэба некага рэпрэсаваць, прынесьці ў ахвяру дзеля „агульнага дабра“ (але хто мае права яго вызначаць?), то гэта „мэтазгодна“. Гвалт разглядаецца гэтымі людзьмі як норма. Таму яны „ня вераць“ у рэпрэсіі. Ня могуць уявіць, што можа быць інакш».

Ірына Раманава, гісторык: «Выразна адчуваецца недахоп ведаў»

Напэўна, нават самыя зацятыя сталіністы сёньня ня будуць адмаўляць, што рэпрэсіі мелі месца. Але ж тыя, каго вы называеце рэвізіяністамі, апэруюць іншымі паняцьцямі, накшталт: Сталін выйграў вайну, пры ім БССР атрымала сваю дзяржаўнасьць, савецкая школа найлепшая ў сьвеце і г. д., і нават «дыму без агню не бывае».

Адкуль народныя масы атрымліваюць свае веды пра гэты пэрыяд?

Музэі — у якім музэі мы расказваем такую гісторыю? Ні ў якім. Артыкулы ў СМІ, тэлеперадачы, кіно — часам зьяўляюцца. Але іх вельмі мала, дый бачныя яны для даволі вузкага кола чытачоў «Нашай Нівы» ды «Свабоды». Папулярных кніг няма, мастацкіх таксама.

Што наконт рэпрэсій мы маем у падручніках? Бяром падручнік

Ірына Раманава
Ірына Раманава

па гісторыі Беларусі для 10 клясы пад рэдакцыяй Я. Новіка. Па ім школьнікі вучыліся доўгія гады. Там ёсьць пра рэпрэсіі. Але як гэта пададзена? Як асобныя дэфармацыі сацыялістычнага ладу. Пасьля менавіта з гэтымі ведамі людзі становяцца чыноўнікамі, журналістамі, міністрамі... І далей пачынаюць трансьляваць на ўсіх узроўнях ідэі пра «аб’ектыўную» гісторыю.

Мне было вельмі цікава назіраць за ўсімі дыскусіямі, што разгарнуліся на гістарычныя тэмы падчас падзей 2020 году. Я недзе ўжо сумна жартавала пра тое, што такое ўражаньне, што гісторыя нам помсьціць. Кожны дзень мы вывучаем нейкую новую тэму: спачатку ўсплёск цікавасьці да бел-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні», пасьля — да ахвяр і катаў пэрыяду сталінізму, цяпер мэйнстрым — вайна, Галакост. І тут цалкам відавочна, што прапаганда будуе свае пасылы менавіта на той ідэалягізаванай гісторыі, а грамадзтва арганізоўвае для сябе дваровыя вечаровыя лекцыі (даверу да прапаганды няма, але і выразна адчуваецца недахоп ведаў).

Курапаты
Курапаты

Зьміцер Дрозд, гісторык: «Без сапраўднага ці выдуманага ворага не пабудаваць дыктатуры»

Усе сучасныя адносіны паміж правадыром і народам заўсёды будуюцца на адной аснове — пошуку ворага. Менавіта ворагі ўключаюць глыбінныя мэханізмы страху і падпарадкаваньня. Без сапраўднага ці выдуманага ворага не пабудаваць дыктатуры зь мільёнамі зласьлівых дурняў.

Увесь час праўленьня Сталіна — гэта барацьба з ворагамі. Унутры партыі, зь іншых партый, зь іншых сацыяльных клясаў, унутраных і замежных. І па яго тэорыі міжклясавая барацьба павінна толькі ўзмацняцца па меры набліжэньня да камунізму. Усё жыцьцё савецкага чалавека — гэта барацьба, рэвалюцыйная пільнасьць і клясавы нюх.

. Зьміцер Дрозд
. Зьміцер Дрозд

Але на гэтым жа пабудавана і ўся цяперашняя сыстэма. Асабліва ярка гэта праяўляецца апошнія 200 дзён. На дзяржаўным ТБ і ў друкаваных СМІ з бруду вынырнулі тыя, хто валодае галоўным неабходным сёньня навыкам — крычаць: «бі — ратуй!». І чым менш у чалавека тармазоў, чым больш агрэсіі, здольнасьці бессаромна і пераканаўча хлусіць, гуляць і на высокіх (Радзіма, Патрыятызм, Перамога), і на нізкіх (ворагі ўсё зьнішчаць, разбураць, нас забʼюць, павесяць) пачуцьцях, абражаць, прыніжаць, нацкоўваць — тым вышэй ён узьлятае. А ўзьляцеўшы на незаслужаную вышыню, яны гатовыя зубамі рваць за гаспадара, які зрабіў ім такую ласку, разумеючы, што разам зь ім і яны самі вернуцца ў бруд.

Лідэры накшталт Сталіна і Гітлера даюць сваім нікчэмным і бяздольным прыхільнікам адчуваньне велічы, датычнасьці да рэалізацыі касьмічных па маштабах ідэй, місіі. І пакуль ты сам і твае блізкія не апынуўся сярод катэгорый, якія не павінны трапіць у гэтую сьветлую будучыню, ты можаш і не зразумець, што ты цацка ў руках людаедаў, шрубка ў машыне зьнішчэньня, якую пры найменшым сумневе таксама можна ператварыць у лягерны або курапацкі пыл. Зрэшты, некаторыя і перад сьценкай або шыбеніцай крычалі «Няхай жыве...!» або «Хайль!..».

Зьміцер Дашкевіч, абаронца мэмарыялу ў Курапатах: «Пакуль не асудзім і не пакаемся ў злачынствах камунізму — ніякія перамены ў Беларусі немагчымыя»

Зразумець, чаму рэвізіяністы масавага тэрору дагэтуль апраўдваюць камунізм і Сталіна — немагчыма з пункту гледжаньня лёгікі, гэта чыста духовая сфэра. Я спасылаюся на выдадзеную ў Расеі кнігу Вадзіма Эрліхмана «Потери народонаселения в XX веке. Справочник» (М., «Русская панорама», 2004), паводле якой на рахунку нацыянал-сацыялізму 19 мільёнаў забітых ва ўсім сьвеце, а на рахунку савецкага камуна-сацыялізму — 19,5 мільёна забітых толькі ў сябе дома.

Нацыянал-сацыялізм асуджаны на Нюрнбэргу, а камуна-сацыялізм

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

дагэтуль мае адэптаў ва ўсім сьвеце, а найбольш у постсавецкіх краінах — дзе тут лёгіка? Гэта чыста духовая сфэра, калі нейкія людзі ці палітычныя сілы абвяшчаюць, што чалавечыя ахвяры і пакуты ня маюць значэньня і не нясуць наступстваў.

Але большая праблема нават не ў рэвізіяністах сталінізму ці прыхільніках камунізму — зь імі ўсё лягічна і зразумела, гэта людзі, якія прадалі душы злу. Галоўная ж праблема ў нас саміх — у людзях дэмакратычных поглядаў і патрыётах. У 2001 годзе дэмакраты, каб перамагчы дыктатуру, абʼядноўваліся з камуністамі, у 2006-м абʼядноўваліся з камуністамі. І цяпер яшчэ многія, каб перамагчы аднаго чорта, гатовыя цалавацца зь іншым чортам. У гэтым і ёсьць галоўная наша бяда: на 33-м годзе праўды пра Курапаты, на 27-м годзе дыктатуры чалавека, які абяцаў вярнуць Савецкі Саюз, слова «камунізм» усё яшчэ ня стала такім жа жахлівым, як слова «нацызм».

Сёньня я пэўны: пакуль не асэнсуем, не прапусьцім праз сваё сэрца трагедыю Курапатаў, пакуль не асудзім і не пакаемся ў злачынствах камунізму — ніякія перамены ў Беларусі немагчымыя. Больш за тое — яны, гэтыя перамены, пры такім стане рэчаў былі б нават шкодныя, бо пакідалі б падмурак пад нагамі для наступнага дыктатара, які б гэтак жа нішчыў беларушчыну і будаваў бы ўсё тую ж нэакамуністычную саюзную дзяржаву. Таму доўгі і цяжкі шлях пераменаў для нас карысны і нам патрэбны — на ім мы мусім выціснуць зь сябе савецкага раба да апошняй кроплі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG