Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Колькасьць забітых у Курапатах завышаная». Што напісалі ў афіцыйным навуковым часопісе


У часопісе «Матэрыялы па археалогіі Беларусі» выйшаў вялікі артыкул пра Курапаты — месца, дзе былі забітыя ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Аўтар — кандыдат гістарычных навук, археоляг Вадзім Кошман. Свабода сабрала асноўныя тэзісы з публікацыі «Ўрочышча Курапаты (Брод) у сьвятле археалягічных дасьледаваньняў».

Сьцісла

  • У Курапатах расстрэльвалі ахвяраў палітычных рэпрэсій у 1937–1940 гадах. Гэта рабілі органы НКВД. Археолягі маюць усе пацьверджаньні гэтай інфармацыі.
  • Немцы падчас акупацыі ў 1941–1944 гадах нікога ў Курапатах не расстрэльвалі.
  • Колькасьць ахвяраў забітых у Курапатах пакуль немагчыма вызначыць, але гэта не 102 тысячы.
  • Курапаты трэба дасьледаваць далей неінвазіўнымі мэтадамі, гэта значыць без рыдлёвак.

«Патрэбен запыт грамадзтва на пэрсаніфікацыю ахвяраў»

На пачатку матэрыялу аўтар Вадзім Кошман адзначае «палітызаванасьць» тэмы Курапатаў у некаторых публікацыях, а таксама наракае на «закрытасьць» дакумэнтаў сьледзтва, якое вялося аб расстрэлах у Курапатах.

Вадзім Кошман
Вадзім Кошман

Вадзім Кошман піша пра неабходнасьць ідэнтыфікацыі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ня толькі ў Курапатах, але і ў іншых месцах, дзе расстрэльвалі людзей:

«На нашу думку, у выпадку зь месцамі масавых рэпрэсій акцэнт трэба рабіць на тым, што гэтыя невядомыя людзі забітыя ў выніку злачынства дзяржавы супраць іх. Неабходны сфармаваны грамадзтвам крыміналістычны запыт на ўстанаўленьне дадзеных усіх ахвяраў і прыняцьце мер па іх ідэнтыфікацыі», — піша аўтар.

І прыводзіць прыклад Латвіі і Ўкраіны як краінаў, якія адкрылі архівы НКВД і зьвесткі пра рэпрэсіі.

«Некаторых ахвяраў забіралі з дому і адразу везьлі на расстрэл у Курапаты»

У навуковым артыкуле Вадзім Кошман піша пра знойдзеныя ў ахвяраў рэчы, «не характэрныя для арыштантаў». Гэта значыць, што некаторыя забітыя ў Курапатах людзі ехалі адразу з дому, а значыць, іх расстрэльвалі, мінаючы рэпрэсіўныя судовыя органы.

Аўтар таксама згадвае знойдзеную дужку ад паляўнічай стрэльбы і дзясяткі капсюляў ад той жа стрэльбы. Гэты набор не характэрны для арыштанта нават пры ўмове, што яго забралі з дому. Гэта можа сьведчыць пра выпадковую ахвяру — паляўнічага, які міжволі ўбачыў расстрэл. Але гэта, на думку гісторыка, толькі вэрсія.

«102 тысячы расстраляных — завышаная лічба»

Ня менш за 102 тысячы расстраляных, а магчыма, у 2 разы болей — такая лічба ахвяраў называлася ў дасьледаваньнях Зянона Пазьняка. У артыкуле Вадзіма Кошмана гэтая лічба ставіцца пад сумнеў. Паводле дакумэнтаў урадавай камісіі, якая працавала ў Курапатах у 1989 годзе, ніжняя мяжа колькасьці ахвяраў — «ня менш за 30 тысяч чалавек».

У артыкуле гаворыцца пра дакладна знойдзеныя парэшткі 950 чалавек у 15 пахаваньнях. Паводле Вадзіма Кошмана, «падаць пераканаўчую лічбу колькасьці ахвяраў на падставе археалягічных дасьледаваньняў немагчыма». У матэрыяле ўсё ж называецца лічба гісторыка Ўладзіміра Адамушкі — 28 425 чалавек, якія «былі расстраляныя ў БССР у 1935–1940 гадах». А таксама называецца лічба 7,5 тысячы чалавек, якім прысудзілі ў Менску расстрэл у 1937–1938 гадах.

«Курапаты трэба дасьледаваць далей неінвазіўнымі мэтадамі»

Каб далей дасьледаваць урочышча Курапаты, гісторык Вадзім Кошман прапануе выкарыстоўваць неінвазіўныя мэтады (геасканэр і фасфатны мэтад), што дазволіць устанавіць рэальную колькасьць анамалій рэльефу і масавых пахаваньняў.

Такі мэтад дазволіць не чапаць рэльеф помніка. Такая спроба ўжо рабілася ў 2016 годзе, але пацярпела няўдачу з прычыны «мэталічнага сьмецьця ў зямлі».

У Курапатах не расстрэльвалі немцы, а таксама не расстрэльвалі палякаў зь «беларускага катынскага сьпісу»

Вадзім Кошман прыходзіць да высновы, што дадзеныя раскопак ня сьведчаць пра расстрэл у Курапатах падчас акупацыі ў 1941–1944 гадах савецкіх палонных ці дэпартаваных яўрэяў. Таксама няма зьвестак пра польскіх афіцэраў (так званы «беларускі катынскі сьпіс» з 3870 польскіх вайскоўцаў). На аб’екце ёсьць артэфакты, зьвязаныя з савецка-польскай вайной 1919–1920 гадоў, а таксама з функцыянаваньнем тут ціру пасьля Другой усясьветнай вайны.

Знойдзеныя артэфакты пацьвярджаюць, што ў Курапатах органы НКВД у 1937–1940 гадах расстрэльвалі людзей.

«Цікавасьць да Курапатаў і ахвяраў рэпрэсій расьце»

У сваім артыкуле гісторык адзначае, што «ў апошнія гады павялічылася цікавасьць грамадзтва да Курапатаў і ў цэлым да пэрыяду палітычных рэпрэсій у Беларусі». Але таксама піша, што «да цяперашняга часу захоўваецца канфлікт паміж дзяржаўным і грамадзкім падыходам да тэмы мэмарыялізацыі Курапатаў».

Паводле артыкула Вадзіма Кошмана «Ўрочышча Курапаты (Брод) у сьвятле археалягічных дасьледаваньняў».

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі

Асноўнае пра Курапаты

Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму

Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў

«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі

Картатэка Сталіна

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG