Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начныя фаервэркі і вывешваньне сьцягоў: 10 адметнасьцяў сёлетняга Дня Волі


У адным з двароў Менску 25 сакавіка 2021
У адным з двароў Менску 25 сакавіка 2021

25 сакавіка ў Беларусі сьвяткуюць Дзень Волі — 103 гадавіну падпісаньня Трэцяй Устаўной граматы, якая абвяшчала незалежнасьць БНР. Гэтым разам сьвята мае шмат асаблівасьцяў. Сабралі асноўныя ў адным матэрыяле.

Фаервэркі напярэдадні

Ужо 24 сакавіка ў розных раёнах Менску людзі запускалі фаервэркі роўна ў 23:34 (такі нумар мае артыкул Адміністрацыйнага кодэксу, па якім судзілі за пратэсты каля 30 тысяч беларусаў).

Масавае вывешваньне сьцягоў

Ужо раніцай 25 сакавіка ў розных раёнах Менску ды іншых гарадах людзі вывесілі бел-чырвона-белыя сьцягі. Напрыклад, у Наваполацку вывешаны сьцяг заняў шэсьць паверхаў у дзевяціпавярховіку.

Сьцягі зьявіліся ў цэнтры Гомля і Горадні, у менскіх раёнах Лошыца і Хацежына, у іншых месцах.

Татальная забарона на сьвяткаваньне

Ані ў Менску, ані ў іншых гарадах улады сёлета не дазволілі праводзіць Дзень Волі ані ў якім фармаце: усе заяўкі ўлады адхілілі. У Менску міліцыя адмовілася заключаць дамову з арганізатарамі «праз каранавірус».

У цэнтры Менску 25 сакавіка
У цэнтры Менску 25 сакавіка

Раней Дзень Волі дазвалялі правесьці каля Тэатру опэры і балету (2018 год), у Кіеўскім сквэры (2019 год). Шмат гадоў традыцыйнае шэсьце на Дзень Волі праходзіла ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор, такі маршрут улады дазвалялі.

Апошні раз татальная забарона на сьвяткаваньне ад уладаў была ў 2017 годзе, тады акцыю ў Менску жорстка разагналі. Таксама Дзень Волі не далі правесьці ў 2011 годзе, пасьля пагрому апазыцыі і арыштаў у выніку прэзыдэнцкіх выбараў у 2010-м.

Масавыя затрыманьні напярэдадні

Напярэдадні Дня Волі і ў сам дзень ператрусы і затрыманьні прайшлі адразу больш як у дзесяці гарадах. Непасрэдна ў Дзень Волі яны працягнуліся: затрымлівалі актывістаў і тых, каго ўжо затрымлівалі на пратэстах раней.

У Магілёве, напрыклад, затрымалі праваабаронцу Аляксандра Харматава, у Віцебску — Барыса Хамайду, у Салігорску — Паўла Батуева. Сьпіс затрыманых у Менску:

  • Вольга Белазорчык, Ільля Белазорчык. Правялі ператрус.
  • Аляксандра Гузоўская — студэнтка БДУ, удзельніца пратэстаў леташняй восені.
  • Лізавета Македон. Правялі ператрус. Паводле папярэдняй інфармацыі, прычына затрыманьня — падзеі жніўня 2020 году.
  • Дзяніс Урбановіч — лідэр «Маладога фронту». Яго павезьлі ў Жодзіна, паведаміла «Вясна».
  • Аляксей Уткін. Правялі ператрус, забралі ноўтбук і тэлефон. Падазраецца ва ўдзеле ў падзеях 14 ліпеня — артыкулы 293 і 342 Крымінальнага кодэксу. 14 ліпеня прайшлі пратэсты супраць нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы.
  • Лізавета Хамчаноўская. Правялі ператрус. Крымінальная справа за беспарадкі.
  • У Горадні затрымалі журналіста Анджэя Пачобута, яго падазраюць у распальваньні варажнечы.

Ілжэпратэстоўцы

Ад самага ранку мінакі паведамляюць, што па Менску гуляюць нібыта пратэстоўцы, яны апранутыя ў нацыянальныя колеры, расклейваюць налепкі з заклікамі, але пры гэтым сварацца на іншых людзей і паводзяць сябе неадэкватна.

Дэцэнтралізаваныя гуляньні

Напярэдадні Дня Волі лідэр НАУ Павал Латушка заклікаў людзей «проста гуляць па вуліцы», «не фармаваць калёны», «не выходзіць на праезную частку».

Студэнтам пары пераносяць на дыстанцыйныя заняткі

Як мінімум на двух факультэтах двух розных ВНУ ў Менску пары студэнтам перанесьлі на «ўдалёнку» (дыстанцыйныя заняткі) пасьля 14:00. Гэта закранула студэнтаў біяфака БДУ і студэнтаў факультэту кампутэрных сыстэм і сетак БДУІР.

Машыны з калючым дротам

25 сакавіка на ўезьдзе ў Менск заўважылі машыны сілавікоў з калючым дротам. Такія выкарыстоўвалі падчас пратэстаў улетку і ўвосень мінулага году, каб ачапляць адміністрацыйныя будынкі. Раней на Дзень Волі такую тэхніку не выкарыстоўвалі.

Міжнародная падтрымка

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа запрасіў Сьвятлану Ціханоўскую на ўрачысты прыём з нагоды Дня Волі. Падчас сустрэчы ён павіншаваў беларусаў і пажадаў ім перамогі.

З Днём Волі беларусаў сёлета павіншавала амбасада ЗША, а Літва, Латвія і Эстонія пашырылі санкцыйны сьпіс сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях і якім забаронены ўезд у гэтыя краіны. Раней на гэтае сьвята такой міжнароднай падтрымкі не было.

Рух бязь лідэраў

Ранейшыя Дні Волі ў Беларусі заўжды некім арганізоўваліся: калі ўлады дазвалялі — гэта былі апазыцыйныя актывісты ці прадстаўнікі культурніцкага асяродзьдзя, як у 2018 годзе (тады арганізацыю канцэрту ўзялі на сябе Павал Белавус, Эдуард Пальчыс і Антон Матолька).

Сёлета ж Дзень Волі ня мае ніякіх арганізатараў: салюты, вывешваньне сымболікі — усё гэта людзі робяць з уласнай ініцыятывы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG