Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быкаў цаніў у БНР надзею


Васіль Быкаў

Перада мной — фатаздымак Народнага сакратарыяту. Ён зьмешчаны, пэўна, ва ўсіх выданьнях пра Беларускую Народную Рэспубліку. Але менавіта гэты здымак незвычайны.

Народны Сакратарыят БНР, 1918
Народны Сакратарыят БНР, 1918

Яго дала мне Ірына Міхайлаўна Быкава. Выяву заснавальнікаў БНФ Быкаў выразаў з часопіса «Беларускія ведамасьці», які ў Варшаве выдаваў Зянон Пазьняк, і трымаў яе каля свайго пісьмовага стала.

У 90-я Васіль Уладзімеравіч, калі жыў у Менску, на Дзень Волі ўдзельнічаў у арганізаваных Народным Фронтам сьвяткаваньнях. У 1996-м ён узначаліў Аргкамітэт адзначэньнягадавіны незалежнасьці БНР і выступіў на мітынгу ля Опэрнага тэатру — той мітынг распачаў падзеі, якія ў гісторыю Беларусі ўвайшлі пад назовам «Вясна-96» і прадухілілі магчымы аншлюс Беларусі Расеяй. І ў Маскве, і ў іншых сталіцах убачылі, што народ беларускі ня згодны аддаць незалежнасьць.

А апошні ў сваім жыцьці Дзень Волі, у 2003 годзе, Васіль Быкаў сустракаў у Празе, куды некалькімі месяцаў раней пераехаў зь Нямеччыны. На Радзіме тэлевізійныя прапагандысты называлі яго «Иваном, не помнящим родства», часопіс «Нёман», які ўзначальвала прыхільніца беларуска-расейскай інтэграцыі, надрукаваў пасквіль пра Быкава, у якім зьдзекліва апісаў ягоную сьмерць (і гэта пры жыцьці!).

Не дадавала добрага настрою і здароўе: лекары выявілі ў Быкава анкалёгію. Мы, праскія беларусы, імкнуліся неяк адцягнуць Васіля Ўладзімеравіча ад сумных думак (пра гэта падрабязна — у эсэ Сяргея Абламейкі «Вясна з Быкавым», якое ўвайшло ў кнігу «Быкаў на Свабодзе»).

На канец сакавіка ў праскім шпіталі «Motol» была прызначана апэрацыя. А ў суботу 24 сакавіка беларусы сабраліся ў Люстраной залі Клімэнтынуму — комплексе будынкаў у старажытным цэнтры Прагі, на адным зь якіх вісіць прысьвечаная Скарыну мэмарыяльная шыльда. З Канады прыляцела старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

Васіль Быкаў і Івонка Сурвіла, сакавік 2003, Прага. Фота Сяргея Навумчыка
Васіль Быкаў і Івонка Сурвіла, сакавік 2003, Прага. Фота Сяргея Навумчыка

Быкаў адчуваў сябе ня лепшым чынам, але прыйшоў на сьвяткаваньне і сказаў прамову.

«Дарагія беларусы, шаноўныя нашы госьці! 85 гадоў таму ў слотны й шэры дзянёк на зачыне вясны беларусы зьдзейсьнілі цуд.

Не, яны не панішчылі ворагаў, ня вызвалілі краіны, не дамагліся свабоды, але яны запалілі кволую сьвечку надзеі. Пры яе сьціплым сьвятле яны, як маглі, і змагаліся з бальшавіцкай навалай, з фашыстоўскай акупацыяй, з роспаччу і паняверкай, што за стагодзьдзі ўкаранілася ў гаротным народзе.

Мы ўсьцешаныя, што гэтая сьвечачка гарыць і дасюль і, хоць яе зыркі агеньчык слаба сьвеціць, часам капціць і ня грэе, але ён дае спадзеў шмат якім пакаленьням беларусаў на сьвятло і цяпло, на свой дом і сваю сям’ю — тое, без чаго ў гэтым драпежным сьвеце нікому няма і ня будзе жыцьця.

Дый няхай яна гарыць, нашая кволая спадзяванка, якую мы песьцім і тулім, ашчаджаем і беражом, як найлепшыя зь беларусаў яе бераглі да нас з думкай: а раптам яна ўспыхне сонечным зьзяньнем, калі надарыцца спрыяльны для таго час.

Бо калі ня будзе таго, хай сабе слабога, агеньчыку, ня ўспыхне нічога. І для нас настане вечная ноч.

Але мы ня хочам вечнай ночы, мы — божае стварэньне, людзі, і мы маем права на боскую долю. Памажы нам, Госпад! Жыве Беларусь!»

Гэта была апошняя публічная прамова Васіля Быкава.

Для яго не былі істотнымі дыскусіі, у якой ступені былі сфармаваныя ці не сфармаваныя дзяржаўныя інстытуцыі БНР (спрэчкі такія любяць распачынаць праціўнікі беларушчыны).

Быкаў, якому зусім няшмат засталося прайсьці па дарозе зямнога жыцьця, бачыў галоўным — надзею.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG