Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Былі крыкі ў экстазе». (Не)прыдуманае інтэрвію з прэм’ерам БНР Луцкевічам пра 25 сакавіка 1918 году


Антон Луцкевіч
Антон Луцкевіч

Радыё Свабода працягвае цыкль гутарак са славутымі людзьмі, якіх даўно няма ў жывых. Праз такую незвычайную форму мы хочам нагадаць пра думкі і меркаваньні гэтых людзей у сёньняшнім кантэксьце.

У гэтых інтэрвію прыдуманыя толькі пытаньні, але кожнае зь іх максымальна дапасаванае да тэматыкі адказу, каб ня ўвесьці чытача ў зман. Кожны адказ — гэта завершаная думка, без маніпуляцый. Гэта поўныя цытаты, якія можна зь лёгкасьцю адшукаць у публіцыстычных творах герояў інтэрвію.

Другая гутарка — зь беларускім палітычным дзеячом Антонам Луцкевічам (1884–1942). Ягоныя выказваньні ўзятыя з публіцыстычных твораў, апублікаваных у зборніках «Барацьба за вызваленьне» (2009) і «Да гісторыі беларускага руху» (2015).

Хто такі Антон Луцкевіч

  • Адзін з творцаў і галоўных удзельнікаў беларускага руху XX стагодзьдзя
  • Адзін з заснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады, рэдактар «Нашай Нівы»
  • Ініцыятар абвяшчэньня і аўтар праекту Трэцяй Устаўной граматы, якая абвясьціла БНР незалежнай дзяржавай, прэм’ер-міністар БНР
  • У міжваенны пэрыяд жыў у Вільні. У 1941 годзе рашэньнем Асобай нарады пры НКВД СССР высланы ў Варкуту.
  • Афіцыйна лічыцца, што памёр ад зьнясіленьня ў 1941 годзе, не даехаўшы да лягера. Пахаваны на камунальных могілках гораду Атакарску Саратаўскай вобласьці Расеі.
«Верхняя палата» «Нашай нівы»: Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Аляксандар Уласаў
«Верхняя палата» «Нашай нівы»: Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Аляксандар Уласаў

«Дэбаты працягваліся ажно 12 гадзін»

— Антон Іванавіч, на паседжаньне Рады БНР у Менску, у сакавіку 1918 году, вы з братам Іванам прыехалі зь Вільні, якая знаходзілася за лініяй фронту. Давайце вернемся ў той час. Як усё гэта было?

— Калі ў лютым 1918 году нямецкія войскі занялі Менск, віленскія беларусы незвычайна ажывіліся: гэта ж у працягу трох гадоў мы былі зусім адрэзаны фронтам ад нашых усходніх братоў, гэта ж ніводная вестка аб іх і іхнай працы не далятала да нас празь лінію акопаў, — і вось адкрываецца магчымасьць зьвязацца зь Менскам!..

Цэлы месяц прайшоў, пакуль дэлегацыя атрымала гэтак жаданае пазваленьне (ехаць у Менск. — РС). Мы ўраз жа і выехалі, нягледзячы на тое, што ў люты мароз трэба было правясьці ў нятопленых вагонах 24 гадзіны, што Іван ужо тады быў цяжка хворы на грудзі і харкаў крывёй...

Прыехаўшы ў Менск, дэлегацыя наша прыбыла першым чынам да Народнага Сакратарыяту Беларусі — першага беларускага ўраду, каторы пасьвяціў спэцыяльнае засяданьне для нарады з намі. На гэтым засяданьні першы раз была ясна і выразна пастаўлена справа незалежнасьці Беларусі.

— Што ў той час, дарэчы, не было такім відавочным, бо частка беларускіх дзеячоў ужо тады чапляліся за так званы саюз з Расеяй.

— Справа гэта ўжо даўно «вісела ў паветры». Але ніхто ня мог адважыцца разьбіць старую фэдэралістычную традыцыю і пытаньне аб адносінах да Расеі абаперці не на гэнай традыцыі, а на волі насяленьня Беларусі, выяўленай на Ўстаноўчым Сойме Беларусі. Абмен думкамі зь віленскімі дзеячамі, якія ўжо самым ходам выпадкаў былі прымушаны стануць на незалежніцкае становішча, паслужыў і для менчукоў імпульсам да перагляду іх палітычнага становішча.

— У Радзе БНР былі розныя фракцыі з рознымі поглядамі на будучыню Беларусі. Чыя сіла пераважыла?

— Дзякуючы лічэбнай перавазе сяброў Беларускае Сацыялістычнае Грамады разьвязка пастаўленага пытаньня залежала ад таго, якое становішча займець гэта партыя. 23 марца адбыўся пленарны сход членаў Грамады і зь незвычайнай аднадушнасьцю пастанавіў: усе галасы свае ў Радзе падаць за незалежнасьць.

І вось Народны Сакратарыят пастанаўляе: на 24 марца склікаць пленарнае засяданьне Рады Рэспублікі, паставіўшы на павестку дня [пытаньне] аб праўна-дзяржаўным палажэньні Беларускае Народнае Рэспублікі.

— Нас чытаюць маладыя людзі, якія, магчыма, ведаюць ня ўсе дэталі. Хто ўваходзіў у Раду БНР і ад каго гэтыя людзі мелі паўнамоцтвы, каб гаварыць ад імя беларусаў?

— Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, выбраная Ўсебеларускім зьездам 30 сьнежня 1917 году (1872 дэлегаты. — РС), разагнаным бальшавікамі і дапоўненая членамі Беларускай Вайсковай Рады, земстваў, гарадоў і нацыянальных меншасьцей, — гэта першае паўнамоцнае краёвае прадстаўніцтва Беларусі, гэта — «прадпарлямэнт» яе, ядыная ўстанова, якая можа прамаўляць ад імя ўсяго краю Беларускага. І на яе долю выпала ўчыніць акт, каторы адзначывае новую эру ў нашым жыцьці.

Вечарам 24 марца сабралася Рада Рэспублікі. І запраўды, было штось сільнага, штось магутнага ў гэтым першым беларускім народным Парляманце!.. Шэрыя сьвіткі, шэрыя салдацкія шынэлі, якія яшчэ мала хто пасьпеў скінуць з плеч, надавалі агульны тон сабраньню. Але сьветлыя, рахманыя вочы, энэргічныя твары іх валадароў гаварылі ясна, што то ня простыя сярмягі зышліся, а цьвет беларускае народнае інтэлігенцыі!

Пасьля гарачае сустрэчы дэлегатаў старшыня Рады Рэспублікі абвесьціў цэнтральны пункт павесткі: пытаньне аб незалежнасьці. І вось пачалася запраўдная баталія.

Дом Маліна на Серпухаўскай вуліцы ў Менску. Тут была абвешчаная незалежнасьць Беларусі
Дом Маліна на Серпухаўскай вуліцы ў Менску. Тут была абвешчаная незалежнасьць Беларусі

— Вядома, што дэбаты працягваліся ажно 12 гадзін. Як і дзе яны адбываліся?

— На пленарным засяданьні Рады, адкрытым старшынёй Янкам Серадой а 5 гадзіне, фракцыя Беларускай Сацыялістычнай Грамады прадлажыла прыступіць да разгляду праекту незалежнасьці БНР. Хаця проці гэтага прадлажэньня была часьць радных, лічыўшых яго несваячасным, аднак пры галасаваньні за неадкладны разгляд прадлажэньня высказалася пераважная большасьць членаў Рады. Тады прыступілі да нарады аб справе незалежнасьці, трываўшай да 5 гадзіны раніцы 25 марца.

Каля шостае гадзіны раніцы старшыня ставіць на галасаваньне формулу: «Рада Рэспублікі абвяшчае Беларусь незалежнай і сувэрэннай дзяржавай і выдае аб гэтым устаўную грамату». Хоць ясна для ўсіх, што пабеда забясьпечана, усё ж глыбокая ціша пануе ў салі, пакуль лічаць галасы. Кожын чуе, што вось-вось зараз нешта мае зрабіцца — нешта важнае, выключнае, такое, што двойчы не паўтараецца. Кожын разумее, што кліч, каторы зара прыме ці адкіне Рада, — гэта кліч да новага, вольнага жыцьця, гэта запаведзь яснае долі для ўсяго многапакутнага беларускага народу... І яно сталася: новая ідэя нарадзілася. Вялізарнай перавагай галасоў формула прынята! Радаснымі клікамі нарушаецца ціша. Пачынаюцца гарачыя авацыі. «Новае сьвятло нарадзілася на Беларусі!» — кліча нехта ў экстазе.

І пры першых праменьнях усхадзіўшага сонца — гэтага вечнага сімвала жыцьця і свабоды — раздаўся моцны дружны кліч: «Няхай жыве незалежная вольная Беларусь!».

Народны Сакратарыят БНР, 1918 год
Народны Сакратарыят БНР, 1918 год

«Ворагі незалежнасьці стараюцца хоць кантрабандай правясьці сувязь з Расеяй»

— А хто галасаваў супраць або ўстрымаўся?

— Мястовая група, зложаная з прадстаўнікоў небеларускай нацыянальнасьці, падала голас проці пастановы, але асталася ў Радзе. Земцы ў чысьле 9 асоб заявілі аб сваім выхадзе. Ад падачы голасу ўстрымаліся прадстаўнікі злучанай габрэйскай сацыялістычнай групы і «Паалей-Цыён».

На гэтым быў зроблен перарыў да 12 гадзіны ў дзень 25 марца. Пасьля адкрыцьця далейшай нарады быў прынят тэкст устаўнай граматы.

— Тут варта нагадаць, што яе ініцыятарам былі менавіта вы. Пайшло як па масьле?

— Ворагі незалежнасьці яшчэ раз прабуюць адрабіць зробленае: яны вядуць спорку аб кожнае слова і стараюцца хоць кантрабандай правясьці сувязь з Расеяй. Але ўсё дарэмна. Акт аб незалежнасьці прыняты. Тут жа яго тлумачаць на чужаземныя мовы, і на ўвесь сьвет ідзе вестка, што нарадзілася ў гэту ноч Незалежная Беларусь... А з наступленьнем новае ночы мы ізноў у сьцюдзёных, нятопленых, намерзшых «цяплушках». Мароз ажно трашчыць, на ўсей дарозе ад Менску да Вільні нельга дастаць ані кроплі вады, ані чым сагрэцца. Але нам гэта — нічога! Бо цёпла і радасна на душы, бо мы, старыя дзеячы, першыя сяўцы беларускае ідэі, неўспадзеўкі ўбачылі, які багаты плён дала наша сяўба, пераросшы самыя сьмелыя нашы спадзяваньні!.. І якой дзіўнай радасьцю, якой глыбокай верай і пераконаньнем веець ад слоў брата Івана: «Ну, цяпер дык нам і паміраць ужо можна!».

— Але ўсё ж цяпер мы ведаем, што бальшавікі не далі тады БНР стаць на ногі, беларускім дэмакратам не ўдалося цалкам рэалізаваць ідэю 25 сакавіка.

— Затое яна глыбока пранікла ў душы нашага народу, дайшла да самае глыбіні народных масаў і павяла гэтыя масы на аружную барацьбу за БНР (Слуцкі збройны чын. — РС). І хоць выступленьні беларускіх паўстанцаў, ні маючы ніскуль ніякае дапамогі, кожын раз тушыліся цэлымі патокамі крыві народнай, — усё ж змаганьне за дэмакратычную Беларусь ня скончана: яно ідзе і будзе ісьці датуль, пакуль рука чужынцаў не перастане пасягаць на нашу волю і незалежнасьць. Яно будзе сьведчыць, якія глыбокія карані пусьціла ў беларускім народзе незалежніцкая ідэя.

Дом Луцкевічаў у Менску. Яніна Каханоўская і Эмілія Луцкевіч-Шабуня
Дом Луцкевічаў у Менску. Яніна Каханоўская і Эмілія Луцкевіч-Шабуня

«Ідэя нелаежнае Беларусі рэалізуецца пад відам БССР»

— Больш за тое, вы пісалі калісьці, што яна рэалізуецца нават у Савецкай Беларусі, «хоць няпоўна, аднабока і ў другім відзе». Ці не было гэта перабольшваньне, ці, можа, камплімэнт авансам?

— Ведама, тое, як яна рэалізуецца, ня можа задаволіць беларускай незалежніцкай дэмакратыі: Савецкая Беларусь — гэта няшчырая ўступка маскоўскага цэнтралізму магутнаму дамаганьню волі і незалежнасьці з боку народных масаў Беларусі. Маскоўскі цэнтральны ўрад стараецца гэную «незалежную рэспубліку» так зьвязаць і тэрытарыяльна абкусаць, каб яна ня мела ніякае сілы, каб заўсёды пакорна спаўняла ўсе загады з Масквы. Затое з праўнага боку беларуская дзяржаўная ідэя здабыла вельмі многа.

— З таго боку яны ня ставіліся да вас з такой павагай. Адзін зь лідэраў Савецкай Беларусі Цішка Гартны яшчэ ў 1923 годзе пісаў, што «незалежнікі былі прытуленыя акупантамі», маючы на ўвазе вас і БНР. Сёньня тое самае паўтарае дзяржаўная прапаганда.

— Вось тут ён робіць дужа сур’ёзную абмылку, якая адбіваецца і на ўсім яго далейшым разважаньні. Самы ж акт абвешчаньня БНР быў найбольш яркім пратэстам перш за ўсё проці падзелу Беларусі ўмовай у Бярэсьці. Выходзячы з гэтага падзелу, «незалежнікі», якія на Ўсебеларускім зьезьдзе адважаліся гаварыць толькі аб фэдэрацыі з Расеяй, паднялі незалежніцкі штандар, бо бароцца проці падзелу Беларусь магла толькі ад свайго імя, як самастойнае старонкі, але ніколі не як частка Расейскага гаспадарства, што дало немцам сваю згоду на падзел. Немцы гэта зразумелі дужа добра, і акупацыйная ўлада ня толькі не «туліла» да сябе незалежнікаў, а вустамі начальніка Х арміі Фалькенгайна пагражала дэлегатам Рады Рэспублікі выставіць проці беларусаў кулямёты пры першай спробе іх арганізаваць сваю аружную сілу...

— «Существование Белорусской Рады заставило выдвинуть Белорусскую [Советскую] Республику». Так пра дзейнасьць БНР і яе вынікі казаў 22 студзеня на паседжаньні Цэнтральнага Бюро КП(б)Б чалец кампартыі Ісак Рэйнгольд. А як вы ацэньваеце вынік працы Рады БНР?

— Акт 25 марца 1918 году — гэта найбольш яркае і поўнае выяўленьне беларускае палітычнае мысьлі, якая за пятнаццаць гадоў перажыла ўсе этапы разьвіцьця. Гэта — апошняе слова беларускае ідэалёгіі, штандар, пад якім ідзе беларускі народ да заваяваньня сабе праўдзівай волі. Далейшая палітычная работа беларусаў — гэта ўжо работа над рэалізацыяй незалежніцкага ідэалу. Ці гэты ідэал зрэалізуецца і ў якой меры, ці Беларусь будзе станавіць зусім незалежную дзяржаўную адзінку, ці зьвяжацца фэдэрацыйным саюзам з сваімі суседзямі і з каторымі, ці ў сваей палітычнай арыентацыі пойдзе на Ўсход ці на Захад, на Балтыцкае ці Чорнае мора, — гэта пытаньні, якія разьвязаць можа толькі само жыцьцё залежна ад унутранай сілы беларускага народу і агульнае палітычнае кан’юнктуры на Ўсходзе Эўропы.

«Мала выразаць кусок зямлі, на якой жывуць беларусы, на якой пануе беларуская мова, і аб’явіць яе незалежнай дзяржавай»

— Сёньня, калі ў беларусаў ужо 30 год ёсьць свая дзяржава, няхай не дэмакратычная, але свая, тыя падзеі выглядаюць як фантастыка. Ня маючы вялікіх сродкаў, арміі і, здавалася б, з пасіўным народам, вы заклалі падмуркі дзяржавы. І ўсё гэта менш як за 15 год. Як гэта, на вашу думку, стала магчымым?

— Першае храналягічна палітычнае выступленьне беларускіх адраджэнцаў становіць палітычная праграма Беларускае Рэвалюцыйнае Грамады 1903 году, — першае партыі, якая паставіла сваей мэтай барацьбу за волю Бацькаўшчыны. Пад той час беларускі нацыянальны рух толькі-толькі пачаў будзіцца. Актыўных сіл было мала. Толькі лічаныя адзінкі спаміж беларускае інтэлігенцыі адгукнуліся на прызывы першых сяўцоў беларускае ідэі. Народ у Беларусі, як і па ўсей тагачаснай Расейскай дзяржаве, спаў яшчэ цяжкім сном, і толькі ад часу да часу даляталі да нас водгукі мужыцкіх бунтаў і аграрных разрухаў з Маскоўшчыны, якія станавілі запаведзь магутнага выбуху гневу народнага.

Усе (народы Расеі. — РС) пачувалі патрэбу ісьці разам. А вера ў магутнасьць расейскага дзяржаўнага арганізму была гэткая моцная, што ніхто й ня думаў, каб рэвалюцыя магла бы таго волата разваліць: жаданую волю ўсе народы, а ў тым ліку і беларусы, бачылі ў забесьпячэньні законамі Расеі іх нацыянальных правоў, ды толькі найбольш радыкальныя групы выступалі з дамаганьнямі аўтаноміі — зь мясцовымі сэймамі дзеля ўладжаваньня культурных і эканамічных спраў краю. Такое становішча займала і Беларуская Рэвалюцыйная Грамада ў першым пачатку свайго існаваньня.

Бачачы, што маскоўцы і на аўтаномію скоса паглядаюць, народы Расеі пачалі прыходзіць да пераконаньня, што невясёлая доля іх жджэ, калі аб іх будзе пастанаўляць агульнарасейскі парлямэнт, калі ён будзе вызначаць межы іх самаўпраўленьня. А разам з тым, як чэзла вера ў справядлівасьць маскоўскага народу, паднявольныя «інародцы» пачалі аглядацца адзін на аднаго і падумваць аб тым: ці не ўдалося бы ім сваімі сіламі ўзяць сабе такую волю, якую самі хочуць?

Вільня. Помнік Івану і Антону Луцкевічам
Вільня. Помнік Івану і Антону Луцкевічам

— Вы кажаце цяпер пра эліту. Але гэтую ідэю яшчэ трэба было неяк данесьці да народу, прышчапіць яму разуменьне патрэбнасьці ўласнай дзяржавы.

— Калі беларускі нацыянальны рух толькі пачынаўся, гэта быў рух чыста сялянскі: васьмімільённая мужыцкая грамада першы раз падала свой голас, пачала сама гаварыць аб сабе і аб сваіх справах, выказываючы свае думкі так, як было найлягчэй — у роднай беларускай мове. За беларусаў лішне ўжо доўга гаварылі другія: або зусім чужыя людзі, або тыя сыны беларускай вёскі, каторыя «выйшлі ў людзі» і на сваіх сярмяжных братоў глядзелі зьверху.

Ведама, ні адны, ні другія не маглі пераказаць таго, што думае і чаго хоча народ: яны або ніколі ня зналі беларускага сялянства як ніжэйшага, «простага» стану, або так ад яго далёка адышліся, што перасталі разумець людзей, між каторымі ўзрасталі змалку. Затое ўсе шчырыя дэмакраты горача віталі прабуджэньне вёскі і сталі працаваць над тым, каб ёй лягчэй было выказываць усё, што праз доўгія гады было зачынена ў галавах сялянства цемнатой і бяспраўным палажэньнем. Пачалася работа над разьвіцьцём «простай» мовы, каб беларус мог гаварыць аб усім па-беларуску: гэта — найлепшы спосаб выказываць свае думкі.

— Беларусы мелі ў той час ня толькі праблемы са сьвядомасьцю, была і абсалютная неабароненасьць ад царскай улады. Гэта тое, што сёньня называюць правамі чалавека.

— Нацыянальнай сьвядомасьці нельга аддзяліць ад сьвядомасьці грамадзянскай і агульналюдзкой: яны зьвязаны між сабой неразрыўна, і, губляючы адну, чалавек губляе і другую. Гэта дужа ясна выявілася ў беларусаў.

Нацыянальная беларуская работа да 1904 году пачыналася і канчалася тым, што народу тлумачылі цэннасьць і значэньне яго «простай» мовы і таго культурнага багацьця, якое народ сам прыдбаў сабе сталецьцямі, — вучылі шанаваць усё роднае, сваё, чым беларусы адзначываліся паміж іншых нацый.

Варункі, пры якіх беларусы нацыянальна прабудзіліся, назначылі наперад дарогу, па каторай павінна было пайсьці далейшае нацыянальнае адраджэньне беларускага народу. Дарога гэта — спакойная творчая праца над стварэньнем сваей нацыянальнай культуры на чыста дэмакратычным фундамэнце, — значыць, без найменшых знакаў нацыянальнага шавінізму і нянавісьці да чужых нацый. З гэтай дарогі да сягоньняшняга дня беларускі нацыянальны рух не зышоў ні на адзін крок.

— Беларускі народ ёсьць, існуе беларуская дзяржава, якую ўжо ніхто ня ставіць пад сумнеў. Гэта неверагодны вынік працы вашай і вашых паплечнікаў. Але мы ўсё яшчэ бачым мноства праблемаў гэтай дзяржавы, яе неэфэктыўнасьць шмат у якіх галінах. Чым можна гэта зьмяніць?

— Толькі высокая культура, толькі эканамічная моц даюць кожнаму народу тую сілу, што можа тварыць новае жыцьцё. Кожын народ, каторы хоча жыць, хоча сам — сваімі рукамі і павэдлуг сваей думкі — будаваць сваю будучыну, павінен ісьці да сваей мэты дзьвюма дарогамі: адна — гэта пашырэньне прасьветы, разьвіцьце грамадзянскай і нацыянальнай сьвядомасьці народу; другая — разьвіцьце яго эканамічнай сілы, стварэньне цьвёрдага эканамічнага фундамэнту.

Мала выразаць кусок зямлі, на якой жывуць беларусы, на якой пануе беларуская мова, і аб’явіць яе незалежнай дзяржавай: трэба, каб дзяржава гэтая мела забясьпечаны асновы эканамічнага разьвіцьця, эканамічнай незалежнасьці. Хай гарачыя галовы думаюць, што адно гутаркай у роднай мове, адно верай у нацыянальны ідэал яны збудуюць будучае шчасьце свайго народа. Але палітыкі — цьвярозыя палітыкі з халодным разважлівым розумам — павінны пад будучую нацыянальную будоўлю падвясьці крэпкія фундамэнты: забесьпячэньне эканамічнага расьцьвету. На гэтым грунце і стаіць беларуская дэмакратыя, якая гаворыць аб будове новай дзяржавы ў межах колішняга ВКЛ.

Бліц

— Калі не Расея, то хто? Як вы гэта бачылі 100 год таму?

— На першым месцы тут стаяла Літва, з каторай Беларусь некалі станавіла адну дзяржаву і з каторай да апошніх дзён становіць адзін суцэльны гаспадарскі арганізм, ахрышчаны царскім урадам імем «Северо-Западный Край». Далей — Украіна, беларуская граніца з каторай становіць траціну ўсіх этнаграфічна-дзяржаўных меж Беларусі. Урэшце — Латвія, порты каторае Лібава і Рыга здавён-даўна абслужывалі і абслужываюць Беларусь, злучаную зь імі сыстэмай чыгунак. Менш мела Беларусь супольных інтарэсаў з Польшчай, дый ад збліжэньня зь ёю беларусы бачылі для сябе такую ж небясьпеку, як і ад Маскоўшчыны: небясьпеку дэнацыяналізацыі.

— Хто першая беларуская фэміністка?

— Можна сьмела сказаць, што зь імем Цёткі зьвязаны наагул зачаткі беларускага жаноцкага руху. Хаця ў 1905 годзе ёсьць ужо цэлы рад «грамадзянак» як на вёсках, так і ў кіраўнічых партыйных арганізацыях (прыкладам, у Менску Казімера Яноўская і др.), аднак толькі Цётка распачынае працу спэцыяльна сярод жаноцкае моладзі. Першы жаноцкі гурток у Вільні — гэта яе работа (1905—[190]6 гг.). Але мо яшчэ больш, чым асабістай агітацыяй і жывым словам, Цётка будзіла беларускую жанчыну сваімі паэтыцкімі творамі, якія сваей шчырасьцяй і глыбінёй пачуцьця хапаюць проста за сэрца.

— Ваш палітычны дэвіз?

— «Жыві сам і дай жыць другім» — гэтай думкай павінны кіравацца мы, беларусы, дабіваючыся правоў для сябе. Воля, роўнасьць і брацтва — вось той пуцяводны аганёк, каторы завядзе наш народ і ўвесь край да лепшай, ясьнейшай будучыны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG