Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія: у ЭЗ не вядзецца гандаль беларускай электраэнэргіяй


Беларуская АЭС
Беларуская АЭС

У Эўрапейскім зьвязе не вядзецца гандаль беларускай электраэнэргіяй, заявіў намесьнік дырэктара дэпартамэнту энэргетыкі Эўракамісіі. У той жа час міністар энэргетыкі Літвы заяўляў, што ў Латвіі спажываюць гэтую электраэнэргію і гандлююць ёй.

Пра гэта паведаміла літоўскае агенцтва Delfi са спасылкай на інфармагенцтва BNS.

«З пачатку лістапада любы камэрцыйны абмен электраэнэргіяй (зь Беларусьсю. — BNS) спынены ў адпаведнасьці з агульным пагадненьнем краінаў – сяброў ЭЗ. У цяперашні час не вядзецца ніякага камэрцыйнага гандлю электраэнэргіяй з энэргасыстэмы Беларусі з ЭЗ», — заявіў намесьнік дырэктара дэпартамэнту энэргетыкі Эўракамісіі Масіма Гарыба.

Ён сказаў, што, хаця Латвія і працягвае гандляваць электраэнэргіяй з Расеяй, гандаль беларускай электрычнасьцю не вядзецца. «Экспарт электрычнасьці зь Беларусі спынены з 3 лістапада. Што ня спынена, дык гэта плынь электраэнэргіі з Расеі праз Латвію, і яна працягвае ісьці — латвійскі рэгулятар прымяняе сыстэму сэртыфікатаў паходжаньня да электраэнэргіі, якая перасякае мяжу, каб гарантаваць (што не вядзецца гандаль беларускім электрычнасьцю. — BNS)», — сказаў Гарыба.

Ён таксама нагадаў, што Эўракамісія актыўна ўдзельнічае ў дыскусіях аб трохбаковых дзеяньнях пры гандлі электраэнэргіяй з трэцімі краінамі, гэта значыць з Расеяй. Паводле яго, Камісія прыкладае ўсе намаганьні, каб БелАЭС адпавядала стандартам бясьпекі.

«Мы робім усё, што ў нашых сілах, для забесьпячэньня адпаведнасьці Беларусі і БелАЭС самым высокім міжнародным стандартам бясьпекі. Аднак я хачу падкрэсьліць, што ў канчатковым выніку адказнасьць кладзецца на апэратара (Беларусь. — BNS) і на нацыянальнага апэратара, які ажыцьцяўляе нагляд», — сказаў Гарыба.

Паводле яго, Эўрапейская група рэгулятараў у галіне ядзернай бясьпекі (ENSREG) павінна ў найбліжэйшы час даць ацэнку стрэс-тэстаў і сытуацыі зь бясьпекай — гэта маюць зрабіць да камэрцыйнага запуску БелАЭС, які можа адбыцца ў сакавіку. У лютым місія для ацэнкі стрэс-тэстаў мае намер наведаць станцыю.

«У цэлым працэс перагляду вельмі прасунуўся, і мы спадзяёмся, што ў наступныя месяцы ENSREG завершыць і апублікуе высновы экспэртаў, уключна з высокапрыярытэтнымі пытаньнямі бясьпекі», — заявіў Гарыба.

На гэтым тыдні міністар энэргетыкі Літвы Дайнюс Крэйвіс заявіў, што Латвія па-ранейшаму гандлюе беларускай электраэнэргіяй, якая паступае і ў Літву. Ён дадаў, што Літва падрыхтуе плян поўнай блякады электраэнэргіі зь Беларускай АЭС і што ён запросіць свайго латвійскага калегу працягнуць перамовы аб трохбаковай мэтодыцы гандлю.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG