Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар энэргетыкі Літвы абвінаваціў Латвію ў куплі энэргіі з Астравецкай АЭС


Астравецкая АЭС

Літва падрыхтуе плян поўнай блякады электраэнэргіі зь Беларускай АЭС, заявіў міністар энэргетыкі краіны Дайнюс Крэйвіс. Ранейшыя дамоўленасьці краінаў Балтыі парушае Латвія, адзначыў чыноўнік.

Паводле слоў міністра, Латвія па-ранейшаму гандлюе беларускай электраэнэргіяй, якая паступае і ў Літву, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на BNS. Дайнюс Крэйвіс чакае, што плян будзе гатовы ў канцы студзеня — пачатку лютага. Ён мае прайсьці ўзгадненьні ў профільных ведамствах.

Паводле словаў міністра, прыняты ў Літве закон супраць электраэнэргіі з Астравецкай АЭС не рэалізуецца.

«Дзяржаўная служба рэгуляваньня энэргетыкі зусім ясна заявіла: электраэнэргія, якая сёньня паступае ў Літву, закупляецца ў Беларусі, а потым на Рыскай біржы. І парушае закон. [...] Факт застаецца фактам: латышы гандлююць беларускай электраэнэргіяй».

Ад 1 студзеня Літва старшынюе ў Балтыйскай радзе міністраў, таму Крэйвіс спадзяецца, што пытаньне байкоту БелАЭС будзе адным з цэнтральных на яе парадку дня.

Новы ўрад Літвы, які сфармавалі ў сьнежні 2020 году, жадае паскорыць рэалізацыю праекту сынхранізацыі энэргасетак зь сеткамі мацерыковай Эўропы і блякаваць пападаньне электраэнэргіі зь БелАЭС.

Урад сьцьвярджае, што БелАЭС не павінна дзейнічаць, бо яна небясьпечная, а Літва ня будзе купляць электраэнэргію ў Беларусі. Сярод мэтаў праграмы значацца «абсалютная блякада БелАЭС і дасягненьне яе ў маштабе Эўразьвязу».

Літва ў лістападзе адмовілася зацьвярджаць мэтодыку гандлю электраэнэргіяй краінаў Балтыі з трэцімі краінамі, якую мелі выкарыстоўваць пасьля запуску Беларускай АЭС. У Вільні ня бачаць, каб новая мэтодыка замінала гандлю беларускай энэргіяй, і такі гандаль па-ранейшаму можа праводзіцца з выкарыстаньнем энэргаінфраструктуры Літвы.

Літва 3 лістапада 2020 году, пасьля запуску БелАЭС, спыніла гандаль электраэнэргіяй зь Беларусьсю. Пры гэтым Латвія 5 лістапада пачала гандляваць электраэнэргіяй з Расеяй, што Вільня палічыла парушэньнем трохбаковага пагадненьня паміж краінамі Балтыі.

У рамках байкоту электраэнэргіі зь БелАЭС тры краіны Балтыі дамовіліся прыняць новую мэтодыку гандлю з трэцімі краінамі, згодна зь якой пастаўкі будуць рабіць празь перамычку мяжы Латвіі і Расеі, тады як да 3 лістапада яны ажыцьцяўляліся празь перамычку Беларусь-Літва. Пры гэтым літоўскі бок лічыць, што новая мэтодыка мае ўступіць у сілу пасьля зацьвярджэньня рэгулятарамі ўсіх трох краінаў, а да таго будзе актыўнай мэтодыка 2018 году, згодна зь якой краіны павінны спыніць гандаль электраэнэргіяй з Расеяй (за выключэньнем Калінінградзкай вобласьці) і Беларусьсю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG