Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мэдыцыну давялі да такога стану, што ўжо канец». Лекар з 16-гадовым стажам расказвае, чаму вырашыў звольніцца


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

16 лістапада каля 5 тысяч беларускіх мэдыкаў падпісаліся пад зваротам да ўладаў. У выпадку невыкананьня патрабаваньняў яны пагражаюць звольніцца. Адзін з падпісантаў ліста расказаў Свабодзе, чаму гэта зрабіў.

Суразмоўца, які папрасіў пра ананімнасьць, мае больш за 16 гадоў стажу. 12 гадоў адпрацаваў лекарам хуткай дапамогі ў Менску, затым быў намесьнікам галоўнага ўрача ў раённай бальніцы. У сувязі са жнівеньскімі падзеямі звольніўся. Цяпер зноў працуе лекарам на «хуткай», але ўжо напісаў новую заяву на звальненьне.

«Не хацеў спрыяць хлусьні адміністрацыі»

«Я пачаў гаварыць праўду і выконваць сваю працу, так, як гэта неабходна рабіць, — расказвае лекар пра сваё жнівеньскае рашэньне аб звальненьні з кіраўнічай пасады. — Гэта тычылася і статыстыкі па сьмяротнасьці, і іншых рэчаў. Адміністрацыю гэта не задаволіла, нашыя інтарэсы пайшлі ўразрэз. Але можна сказаць, што ўсё гэта пачалося яшчэ раней, зь вясны. Калі афіцыйная статыстыка па каранавірусе пачала, скажам так, не адпавядаць рэчаіснасьці».

Лекар кажа, што яшчэ ў красавіку сьмерці ад каранавірусу арганізавана сьпісваліся на спадарожную захворваньню паталёгію. Ён кажа, што гэта ўжо адпрацаваная ў Беларусі схема. Тое самае, напрыклад, тычыцца і сьмерцяў ад анкалёгіі. Яны часта сьпісваюцца на захворваньні сардэчна-сасудзістай сыстэмы ды іншыя.

«Мне гэта было непрыемна, — кажа лекар. — Я як намесьнік галоўнага ўрача нёс за гэта адказнасьць. А летам усё пачало нарастаць. Я для сябе вырашыў, што больш ня буду гэтага рабіць. Што не хачу спрыяць хлусьні з боку адміністрацыі. Расказаў пра гэта сваім супрацоўнікам, яны мяне падтрымалі. Кантракт у мяне быў да канца году, мы дамовіліся разарваць яго па згодзе бакоў».

«Па дакумэнты для пацьвярджэньня дыплёмаў прыходзяць 5–6 чалавек штодня»

Па словах суразмоўцы, у бліжэйшыя два месяцы ён павінен вырашыць, ці заставацца ўвогуле жыць у Беларусі. Працаваць у сфэры мэдыцыны тут, калі ў краіне не адбудуцца важныя зьмены, яму будзе складана.

«Я пастаянна размаўляю з калегамі з майго патоку па ўнівэрсытэце, — кажа лекар. — Шмат хто зь іх ня мае намеру заставацца тут. У Беларусі цяпер няма ўмоваў для таго, каб працаваць. Шмат хто з мэдыкаў таксама непакоіцца пра сваю бясьпеку і пра бясьпеку сваёй сям’і. Бо калі выкрадаюць урача проста з працоўнага месца, гэта як разумець? І я не перабольшваю, гэта гісторыя доктаркі зь менскага абласнога шпіталя, якая пайшла на прыём да пацыенткі і не вярнулася дадому. Альбо калі побач са шпіталямі затрымліваюць лекараў? Пра якую бясьпеку можна гаварыць?».

Урач кажа, што лекары ня бачаць у Беларусі будучыні ні для сябе, ні для сваіх сем’яў. Прычым гэта ўжо ня толькі размовы, але і канкрэтныя дзеяньні.

«Нядаўна я быў ва ўнівэрсытэце, мне ў вучэбным аддзеле сказалі, што 5–6 чалавек у дзень прыходзяць па дакумэнты, неабходныя для пацьвярджэньня дыплёмаў за мяжой, — расказвае суразмоўца. — Гэтыя дакумэнты патрэбныя для эміграцыі. Выпіска з адзнакамі, пляны вучобы і інтэрнатуры. Гэта ўсё разглядаецца ў эўрапейскіх краінах. Недастаткова проста пацьвердзіць дыплём, неабходна яшчэ пацьвердзіць гадзіны вывучэньня пэўных дысцыплін. Калі іх не хапае, то прызначаецца дадатковае навучаньне. І вось шмат хто цяпер акурат гэтым усім займаецца».

Па словах лекара, у прыярытэце сярод ягоных калегаў цяпер Польшча, бо гэтая краіна спрасьціла працэдуру пераезду для лекараў з краін, якія не ўваходзяць у ЭЗ. Гэтаму спрыяе і падабенства моваў. Ня кожны наважыцца ў сталым веку пераяжджаць у нямецка- альбо франкамоўную краіну, дзе ведаць дзяржаўную мову на высокім узроўні — абавязковая ўмова, каб працаваць па прафэсіі.

Лекар кажа, што гульні са статыстыкай у беларускай мэдыцыне пачаліся не з каранавірусу. Па словах суразмоўцы, гэта звычайная справа.

«Прыклады простыя, — кажа ён. — Чалавек хварэе на анкалягічнае захворваньне. 3–4 стадыя, за 70 гадоў. Яго кладуць у стацыянар. Там чалавек памірае. Прычына сьмерці — сардэчна-сасудзістая. Зразумела, што памёр ён ад анкалёгіі. А галоўны ўрач кажа, што не, што прычына сьмерці — сэрца, хаваць яго трэба з адпаведнай пазнакай. Калі ўпісаць анкалёгію, гэта будзе нэгатыўна адбівацца на галоўным урачу. Гэта ўсё адбываецца ў любым стацыянары краіны, усе пра гэта ведаюць. Тое самае тычыцца і сьмяротнасьці ад інфарктаў. Усё хаваецца, каб сьмяротнасьць ад інфарктаў не перавышала пэўных значэньняў».

«Прыйшоў міліцыянт у бальніцу і патрабаваў прыняць яго без чаргі»

Па словах суразмоўцы, асаблівая сытуацыя склалася з каранавірусам. Пасьля веснавой хвалі ў мэдыкаў былі надзеі, што ўлады адумаюцца і падыдуць да праблемы больш сур’ёзна. Але гэтага не адбылося.

«Мінздароўя працягвае нахабна хлусіць, — кажа лекар. — Можна параўнаць статыстыку сьмяротнасьці за суткі, вясной і цяпер. У эўрапейскіх краінах за суткі памірае 600–700 чалавек. А ў нас 5–6. Апошнім часам пачалі 7 пісаць. У адной ЦРБ па Менску за суткі назьбіраецца больш за 40 чалавек, якія памерлі ад каранавірусу. У Менску 5–6 такіх шпіталяў. Статыстыка па ўсёй краіне заніжаная ў дзясяткі разоў».

Па словах суразмоўцы, такая хлусьня прывяла да таго, што цяпер у Беларусі значна большая захворвальнасьць на COVID-19, чым магла б быць. Людзі проста не адчувалі небясьпекі і паводзілі сябе неадпаведна, не трымаліся рэжыму.

«Мэдыкаў абураюць таксама паводзіны супрацоўнікаў сілавых структураў, — дадае ён. — Нядаўна ў Берасьці прыйшоў міліцыянт у бальніцу і патрабаваў прыняць яго без чаргі. Зь якой нагоды? Людзі ўсе роўныя. Ты прыйшоў у паліклініку, ты звычайны пацыент. Чакай. Ніякіх перавагаў у яго няма, ніводзін сілавік у паліклініцы іх ня мае. А яны ўжо гэтым нават абураюцца. Лекары таксама баяцца такой рэакцыі. Баяцца, што гэта можа адбіцца на іх працы».

«Нам ужо няма чаго губляць»

Па словах лекара, да таго, што мэдыкі сёньня сталі фактычна асобнай шматлікай групай пратэстоўцаў, прывёў шэраг прычын.

«Усё наклалася, пачынаючы з каранавіруснай інфэкцыі, — кажа суразмоўца. — З хлусьні пра яе. Калі б Мінздароўя паказала праўдзівую статыстыку, то людзі б больш сур’ёзна паставіліся да гэтага. Заняткі ў школах можна было б адмяніць. Мы бачым, што з пачаткам навучальнага году ўсплёск чарговы.

Неапраўдана высокі ўзровень гвалту з боку праваахоўнікаў моцна паўплываў. І ў дачыненьні да простых мірных грамадзян, і ў дачыненьні да мэдыкаў таксама. Я зараз насамрэч проста баюся ісьці па вуліцы, мае родныя таксама. Гэта ўжо канец, мы ня можам больш маўчаць.

Вось апошні выпадак, калі затрымалі нашага калегу са шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі. За тое, што ён проста апублікаваў праўду (гаворка пра лекара, які расказаў пра нулявы ўзровень алькаголю ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі. — РС). А кіраўніцтва краіны працягвае хлусіць. Лекар мае права прадстаўляць інфармацыю аб стане пацыента альбо зь яго згоды, альбо са згоды родных. Маці Рамана сама перадала журналістам усе даведкі аб аналізах. Каб усе зразумелі, хто хлусіць».

Лекар перакананы, што дзеяньні мэдыкаў і надалей будуць салідарнымі. Яны зьбіраюцца заступацца за кожнага затрыманага калегу.

«Нам ужо няма чаго губляць, — кажа лекар. — Мэдыцыну давялі да такога стану, што ўжо ўсё, канец. Лекарам надакучыла быць рабамі. Любы зараз можа прыйсьці, паскардзіцца на ўрача, і ўрач будзе вінаваты. Адміністрацыя ў большасьці выпадкаў займае пазыцыю „пацыент заўсёды мае рацыю“. Але гэта не заўсёды так. Мы за шчырасьць выступаем, і мы салідарныя з народам цяпер. У маім калектыве вельмі шмат хто настроены нэгатыўна ў дачыненьні да ўлады. Але звольніцца або адкрыта пратэставаць усе ня могуць. У кагосьці жыльлё, у некага крэдыты. Звольніцца, калі ты жывеш у малым горадзе, лекару складана. Дзе ён яшчэ знойдзе там працу? Зьехаць таксама далёка ня кожны можа. Гэта дадатковыя выдаткі. Шмат хто за родных сваіх баіцца. Але настроі ва ўсіх ужо крытычныя. Звальненьні — гэта наш апошні крок. Апошні спосаб зьвярнуць увагу на нашыя праблемы».

«Страшна ўявіць, што можа адбыцца з мэдыцынай»

Па словах суразмоўцы, нікуды не падзеліся і праблемы з даплатамі за працу з каранавіруснымі хворымі. Ён кажа, што ўзьнікаюць складанасьці з тым, каб якасна даказаць гэта. Аналізы не заўсёды робяцца на неабходным узроўні. У выніку аплата ідзе, але далёка ня ўсім мэдыкам, якія насамрэч працавалі з выпадкамі COVID-19. Асобна можна ўздымаць пытаньне ўрачоў-інтэрнаў, якіх змушаюць працаваць у каранавірусных зонах. Ім дадаткова ўвогуле ня плацяць, бо яны не ўрачы, а ў адпаведным указе гаворка толькі пра даплаты для ўрачоў. У выніку інтэрны могуць атрымліваць дадатковыя аплаты толькі тады, калі адміністрацыя лякарняў знаходзіць спосаб неяк іх узнагародзіць. Гэта здараецца не заўсёды.

«Што павінна адбыцца, каб я ня звольніўся? Гвалт трэба спыніць, — кажа лекар. — Павінна зьмяніцца сыстэма ўлады. Усё тое, пра што мы пісалі ў сваім лісьце, які падпісалі 5 тысяч мэдыкаў. Гэта адстаўка Лукашэнкі, прыцягненьне ўсіх вінаватых да адказнасьці. Каб людзі маглі нармальна хадзіць на працу, нармальна спаць. Каб не баяліся за сваіх дзяцей. Аплату працы лекараў неабходна зрабіць дастатковай. У суседніх краінах яна ў разы большая. А ў нас на сустрэчы зь лекарамі Дзьмітрый Піневіч (выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя. — РС) прызнае гэта, але як можна падвысіць заробкі, ня кажа. Іх увогуле мала хвалюе ад’езд лекараў зь Беларусі».

Па словах суразмоўцы, нават тыя мэдыкі, якія падпісалі зварот, у асноўнай масе не хацелі б звальняцца. Але могуць быць вымушаныя гэта зрабіць.

«Гэта будзе катастрофа, — разважае пра наступствы магчымага звальненьня тысяч мэдыкаў суразмоўца. — Большасьць лекараў і так працуе на 1,5–2 стаўкі. Спэцыялістаў не хапае. Да таго ж шмат хто з урачоў зараз — пэнсіянэры. Калі яны сыдуць, а яны паступова сыходзяць, іх ня будзе кім замяніць. Маладымі не атрымаецца, бо калі малады ўрач прыходзіць, ён яшчэ не спэцыяліст, спэцыялістамі становяцца гадамі. Доктар, які толькі пасьля ўнівэрсытэту, шмат памыляецца. Ён павінен вучыцца ў дасьведчаных лекараў. Калі будуць зьяжджаць граматныя лекары, а зьяжджаюць, як правіла, такія, то мне нават страшна ўявіць, што можа адбыцца з мэдыцынай».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG