Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дома ў затрыманага  за разгалошваньне дыягназу Бандарэнкі лекара прайшоў ператрус. Ён у СІЗА КДБ


Пахаваньне Рамана Бандарэнкі, Менск, 20 лістапада.

Затрыманы лекар менскага шпіталя хуткай дапамогі, якога Генэральная пракуратура падазрае ў разгалошваньні мэдычнай таямніцы, як мяркуецца, знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Пра гэта Tut.by паведаміла ягоная жонка Натальля.

«Сёньня раніцай я пайшла туды наўздагад — і ў мяне прынялі перадачу. Там жа сустрэла мужчыну, які ўчора прысутнічаў у нас дома падчас ператрусу».

Муж Натальлі С. працуе анэстэзіёлягам-рэаніматолягам у бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі ў Менску. Ён лекар вышэйшай катэгорыі, у сьнежні яму споўніцца 37 гадоў.

Натальля таксама лекар. З мужам яны гадуюць траіх дзяцей: старэйшыя ходзяць у школу, малодшы — у дзіцячы сад. Сям'я жыве ў Пухавіцкім раёне.

«Учора пасьля працы мы не сустрэліся, як звычайна, і я стала тэлефанаваць яму. Муж не адказваў, таму я адразу падумала, што нешта здарылася, хоць спадзявалася, можа, ён проста заснуў па дарозе і ня чуе званкоў. Даехала да Марʼінай Горкі — зноў тэлефанавала. Забрала дзяцей са школы і саду, заляцела дадому, спадзявалася, можа, ён там. Хоць унутры разумела, што нешта здарылася: мы шмат гадоў разам, раней такога ніколі не бывала».

Паводле Натальлі, як толькі разам зь дзецьмі яна зайшла ў дом, ёй патэлефанавалі. Суразмоўца прадставіўся супрацоўнікам Генэральнай пракуратуры і сказаў, што яе мужа затрымалі. Гэта было прыкладна ў 17.30.

«Пасьля гэтага слухаўку далі мужу. Літаральна ў гэты ж момант у дом пастукалі. Дзіця пабегла адчыняць, я яму стала казаць: «Пачакай мяне». Змагла толькі спытаць у мужа, ці ўсё зь ім добра. Ён адказаў, што так. Яшчэ пасьпеў неяк падбадзёрыць: «Не хвалюйся, можа, сёньня адпусьцяць».

Ператрус у доме лекараў доўжыўся каля дзьвюх гадзін. Забралі тэхніку, у тым ліку мабільны тэлефон Натальлі.

Увесь вечар і ноч з 19-га на 20-га лістапада Натальля ня ведала, дзе яе муж. Раніцай знайшла яго ў СІЗА КДБ.

Каб даведацца хоць нешта, яна наўздагад пайшла зь перадачай у СІЗА КДБ. Падумала: калі возьмуць, значыць, ён там. Перадачу прынялі.

На гэты момант у СІЗА КДБ таксама знаходзіцца журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч, якая рыхтавала матэрыялы пра памерлага жыхара «плошчы Пераменаў» Рамана Бандарэнку.

19 лістапада Генэральная пракуратура паведаміла аб завядзеньні крымінальнай справы аб «выдаваньні лячэбнай тайны» і «прадстаўленьні недакладнай інфармацыі» па факце гібелі Рамана Бандарэнкі. Гаворка, верагодна, пра вынік аналізу крыві на этанол і наркатычныя рэчывы, у якім пазначана, што ніякіх рэчываў выяўлена не было. Хоць СК заяўляў, што пры шпіталізацыі ў Рамана Бандарэнкі была дыягнаставана «алькагольная інтаксыкацыя».

У пракуратуры лічаць, што дзеяньні названых асоб пацягнулі за сабой цяжкія наступствы, якія выявіліся ў павышэньні напружанасьці ў грамадзтве, стварэньні атмасфэры недаверу да кампэтэнтных дзяржаўных органаў, падахвочваньні грамадзян да агрэсіі і проціпраўных дзеяньняў.

Крымінальная справа па факце забойства Рамана Бандарэнкі не заведзеная.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральныміі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя зьявіліся на месцы ўжо пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня, расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую завяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.


Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG