Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У лякарні прасіла абязбольвальныя». Алена Анісім пра свой досьвед каранавірусу


Алена Анісім.
Алена Анісім.

У Беларусі на 20 лістапада зарэгістравана 120 тыс. 847 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Прырост за суткі склаў 1457 новых выпадкаў, на 75 больш, чым учора.

Свабода пагутарыла з Аленай Анісім і праграмістам Антонам Марчанкам, у якіх аналіз на ковід быў станоўчы.

«У мяне быў пэрыяд, калі я суткі не магла, як кажуць, знайсьці месца»

Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня ТБМ Алена Анісім 4 дні правяла ў менскай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі, а цяпер далечваецца дома.

У мінулыя выходныя спадарыня Алена была ў вёсцы і ў нядзелю адчула сябе блага, а раніцай у кватэры страціла прытомнасьць. Дзеці выклікалі хуткую.

«Лекары памералі кісларод, ён быў нізкаваты — 92, тэмпэратура 37,7, і яны адразу сказалі зьбірацца ў лякарню».

Алену Анісім паклалі ў лякарню хуткай мэдычнай дапамогі. Там адразу забралі на КТ, правяралі галаву — бо пацыентка ўпала, калі траціла прытомнасьць, — і лёгкія. Узялі экспрэс-тэст і мазок. КТ дало вынік, што лёгкія чыстыя, а экспрэс-тэст паказаў наяўнасьць антыцелаў. Алену Анісім паклалі ў палату, дзе ўжо было чацьвёра хворых.

«Лекар быў малады, але зацікаўлены і прыязны, усе лекары былі добразычлівыя. Штодня правяралі тэмпэратуру, яна нармалізавалася. Толькі адзін раз мне далі кісларод, бо ён быў паніжаны, — кажа Алена Анісім. — Доктар патлумачыў, што схема такая: калі пнэўманія, то лекуецеся 10 дзён тут, а потым яшчэ на 10 дзён едзеце далечвацца ці ў 11-ю, ці ў шпіталь вэтэранаў у Бараўлянах. Паколькі пнэўманіі не было, то трэба было 7 дзён чакаць вынікаў мазка».

У сераду паступіў вынік аналізу на каранавірус, ён быў станоўчы. Паколькі ўзровень кіслароду і тэмпэратура нармалізавалася, то Алена Анісім папрасілася, каб яе адпусьцілі далечвацца дахаты.

«Адна жанчына з палаты паехала на далечваньне, адной таксама дазволілі ехаць дадому, а яшчэ адну перавялі ў рэанімацыю, бо яна некалькі сутак была на кіслародзе і кісларод у яе практычна не падымаўся».

Спадарыня Алена сказала, што антыбіётыкаў ёй не выпісвалі, але давалі таблеткі (іх трэба піць 45 дзён) і ўколы для разрэджваньня крыві. Абавязкова піць цёплае, на яе 75 кіляграмаў — 1,5 літра.

«У мяне быў пэрыяд, калі я суткі не магла, як кажуць, знайсьці месца, былі цягліцавыя болі ў сьпіне. Я папрасіла ў лякарні, каб на адну ноч мне далі абязбольвальныя, баліць сьпіна і цяпер».

Алену Анісім выпісалі, цяпер яна далечваецца дома. Сёньня памералі кісларод, ён быў высокі — 99. Рэжым самаізаляцыі завяршаецца 29 лістапада. Муж і два дарослыя сыны на самаізаляцыі да 25 лістапада, але могуць выходзіць на вуліцу.

«На працы людзі захварэлі, яны зьвярталіся ў паліклінікі, ім прызначаюць антыбіётыкі, мазкоў не бяруць. Калі людзі недзе платна ўмудраюцца зрабіць аналіз на ковід і ён станоўчы, то ў паліклініках разгараецца страшны скандал, — кажа Алена Анісім. — Тое, што людзей не накіроўваюць на мазок і КТ — гэта няправільна. Бо калі адразу не правяраць на інфэкцыю, то ідзе пагалоўнае заражэньне людзей. Бо невядома, дзе яе можна падхапіць, хаця перасьцерагаесься і маскі носіш».

«Чэрпаю інфармацыю з інтэрнэту і ў знаёмых»

Зрабіць аналіз на антыцелы можна ў мэдычнай лябараторыі Synevо, каштуе ён 31,36 р. Раней тут рабілі таксама мазкі ПЦР на COVID-19, але ад 16 лістапада спынілі «з тэхнічных прычын».

На нарадзе 5 лістапада Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў некаторых лябараторыях кошт дасьледаваньняў на COVID-19 даходзіць «да 300 рублёў за адзін тэст», а людзі бягуць у гэтыя лябараторыі і «псыхоз ствараюць у грамадзтве». Ён даручыў з гэтым разабрацца. Па ягоных словах, тэставаньне на каранавірус павінна праходзіць у тых лябараторыях, які вызначыць Міністэрства аховы здароўя. Калі прыватныя лябараторыі захочуць «дапамагчы дзяржаве, то на дзяржаўных умовах».

Праграміст Антон Марчанка сказаў Свабодзе, што здаў тэст у Synevо, і ў аўторак увечары ён быў станоўчы. На раніцу 14 лістапада на вуліцы Касманаўтаў чарга была 35 чалавек. Аднак з паліклінікі, куды перадаюць вынікі тэстаў, яму яшчэ не патэлефанавалі.

«Чэрпаю інфармацыю з інтэрнэту і ў знаёмых. З паліклінікі па месцы пражываньня не тэлефанавалі, хаця, здаецца, мусілі. П’ю вітаміны, адчуваньне нармальнае. Думаю, у мяне ўжо дзясяты дзень і пачынаюць выпрацоўвацца антыцелы», — сказаў Антон.

Цяпер сытуацыя з каранавірусам у Беларусі больш сурʼёзная, чым пры першай хвалі, заявіў у інтэрвію БТ галоўны санітарны ўрач Аляксандар Тарасенка.

«Спадзяёмся, у цэлым па рэспубліцы ў сьнежні або нават студзені выйдзем на плято», — сказаў ён.

Паводле Тарасенкі, сытуацыя сурʼёзная, але кантраляваная.

Па ўсёй Беларусі ўведзены масачны рэжым. Зрэшты, адказнасьць за яго парушэньне не прадугледжаная.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG