Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адлічылі найлепшых». Каго пазбавілася адміністрацыя мэдычнага ўнівэрсытэту


Са сталічнага мэдунівэрсытэту выключылі 22 студэнты. Стараста патоку пэдыятрычнага факультэта БДМУ ня можа стрымаць сьлёз: «Адлічылі самых лепшых — двух старастаў груп, якія ня толькі добра вучацца, але і працуюць у дзіцячых шпіталях». Свабода пагаварыла з адлічанымі студэнтамі-мэдыкамі.

Пакуль не апублікаваны і не аддадзены ў рукі студэнтаў ніводзін загад, таму аспрэчваць выключэньне амаль немагчыма. Нядаўна прызначаны рэктар сталічнага мэдунівэрсытэту Сяргей Рубніковіч параіў нязгодным студэнтам, якія прысутнічалі на занятках 26 кастрычніка (і гэта пацьвердзілі выкладчыкі), але былі выключаныя, зьвяртацца да яго пісьмова.

Выключылі старасту 4 курсу, які працуе мэдбратам у рэанімацыі

«Але што канкрэтна аспрэчваць?» — задае пытаньне маці адлічанага студэнта 4-га курса пэдыятрычнага факультэту.

Жанчына ўздыхае: «Ведаем жа, у якой краіне жывём».

Маці цяпер ужо былога студэнта прызнаецца, што сама таксама пацярпела: аштрафавалі і яе, і таварыства ўласьнікаў жылога комплексу за бел-чырвона-белыя сьцягі. Тым ня менш просіць не здымаць ні яе, ні сына, не называць прозьвішча. Сынам маці ганарыцца.

«Мне крыху няёмка хваліць свайго сына. Але сын паступіў на бюджэт у адзін з самых прэстыжных ВНУ, дзе шалёны конкурс. Прычым без усялякіх рэпэтытараў. Ён жа не „раздалбай!“ Вучыцца добра, па начах працуе ў дзіцячай рэанімацыі», — кажа маці адлічанага студэнта.

Сам адлічаны студэнт 4 курсу пэдыятрычнага факультэту на пытаньне, ці было ягонай марай стаць лекарам, адказвае, што марай не было, а было менавіта мэтай.

«Так, зь дзяцінства паставіў за мэту стаць лекарам, выбіраў прафэсіяю асэнсавана. З 9-й клясы мэтанакіравана займаўся. Гэта мэта, а ня мара. Пайшоў на пэдыятрычны і ні разу не пашкадаваў», — прызнаецца адлічаны студэнт.

Плякат з акцыі салідарнасьці з студэнтамі БДМУ
Плякат з акцыі салідарнасьці з студэнтамі БДМУ

Хлопец працуе «мэдсястрой» у адным з РНПЦ. На жартаўлівую заўвагу, што, мабыць, «мэдбратам», запярэчыў, што ў кантракце прапісана, што менавіта «мэдсястрой».

«Як сумяшчаю? Цяжка. Бывае, што і пары прапускаю праз працу, але неяк дамаўляемся з выкладчыкамі».

Фармальна звольнілі студэнта 4 курсу нават не за адсутнасьць на занятках 26 кастрычніка, не за несанкцыянаваную акцыю, а за парушэньне статуту.

«Я ўвесь на нэрвах быў, не памятаю дакладна, што ў загадзе напісана, казалі, што за парушэньне статуту. Але ведаю, што раней кожнае адлічэньне студэнтаў было вельмі складаным працэсам, слухалі, разглядалі. А тут „паставілі на паток“», — кажа адлічаны студэнт.

Хлопца вельмі хвалюе, што ён можа страціць працу ў дзіцячым шпіталі, бо ў выпускнікоў мэдкаледжу падставай працаваць зьяўляецца дыплём, а ў студэнтаў — даведка, што яны вучацца ва ўнівэрсытэце.

На пытаньне, якія ў адлічанага студэнта пляны, адказвае, што ёсьць яшчэ спадзеў на аднаўленьне ў БДМУ. Калі не — вучоба за мяжой. У першую чаргу будзе разглядаць Польшчу.

Стараста патоку 4 курсу пэдыятрычнага факультэту, якая таксама не пажадала назваць сябе, сьлёз не хавае: выключылі двух найлепшых студэнтаў, старастаў груп, якія працуюць — адзін у рэанімацыі РНПЦ дзіцячай хірургіі, другі — у дзіцячым інфэкцыйным шпіталі.

За няпоўныя 2 месяцы вучобы першакурсьніца атрымала 3 спагнаньні за актыўную пазыцыю

Марыя Алешка
Марыя Алешка

Марыю Алешку адлічылі з 1 курсу лячэбнага факультэту. Вучылася таксама на бюджэце. Прычым вызначылася з выбарам прафэсіі не адразу — раздумвала два гады пасьля заканчэньня гімназіі № 18. Але да гэтага Маша 8 гадоў вучылася ў гімназіі пры Акадэміі музыкі. Калі канчаткова вызначылася, за паўгода давялося ўспомніць усю школьную праграму. Паступіла на бюджэт з 371 балам.

Дзяўчына ня ўтойвае, што сьвядома вырашыла далучыцца да страйку і ўльтыматуму, абвешчанаму Сьвятланай Ціханоўскай 26 кастрычніка.

«Я папярэдзіла, што мяне ня будзе на занятках 26-га, таму што я падтрымліваю страйк. Мы лічым: тое, што адбываецца ў краіне, тычыцца кожнага. Мы заходзілі ў аўдыторыі, прасілі прабачэньня ў выкладчыкаў, што перарываем лекцыю, і заклікалі студэнтаў далучыцца і страйкаваць разам з нам. Студэнты далучаліся, з адной лекцыі сышло 80% — ніколі ў БДМУ такога не было», — расказвае Марыя.

Плякат з акцыі салідарнасьці з студэнтамі і лекарамі каля БДМУ
Плякат з акцыі салідарнасьці з студэнтамі і лекарамі каля БДМУ

Яна ня ўтойвае, што фармальна мела тры спагнаньні. Першай была заўвага за непавагу да рэктарату, калі Марыю затрымалі і адны суткі яна знаходзілася на Акрэсьціна.

«Я пярэчыла, таму што заўсёды ветліва размаўляю, да таго ж суду яшчэ не было. Але я цьвёрда адказала, што пазыцыю не зьмяню.

У судзе дзяўчыне прызначылі штраф, а ня суткі. Падала скаргу, перагляду справы яшчэ не было.

"Потым была акцыя, студэнтаў затрымалі з выдуманай прычыны. Мы сядзелі на лесьвіцы, заўсёды пакідаючы праход, Нас выклікалі ў рэктарат, і мне і яшчэ пару чалавекам далі вымову „за непаважлівае стаўленьне і загрувашчваньне лесьвічных пралётаў“».

З загадам Марыю азнаёмілі 28 кастрычніка. Выканаўца абавязкаў дэкана выклікаў, азнаёміў з загадам: аказалася, ёй ўляпілі трэцяе спагнаньне -- вымову за срыў вучэбнага працэсу і выключылі.

Бацькі ведаюць пра выключэньне дачкі, цалкам яе падтрымліваюць. Непакояцца.

«Яны моцныя, яны мацнейшыя за мяне. А я ўсё адно мару стаць доктарам і стану ім абавязкова. Нават калі давядзецца паехаць у іншую краіну», — перакананая Маша.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG