Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прарэктарка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адмовілася адлічваць студэнтаў


Прарэктарка ў навучальнай працы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Алена Бохан не падпісала загад аб адлічэньні трох студэнтаў. Пра гэта яна паведаміла «Медиазоне».

«Я супраць такіх адлічэньняў. Адлічэньняў за тое, што студэнты выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю. Сьвядома не паставіла подпіс», — сказала Бохан. Яна мяркуе, што, хутчэй за ўсё, студэнтаў усё роўна адлічаць.

Фота загаду аб адлічэньні студэнтаў апублікаваў TUT.by, у ім значацца Серафім Ганічаў, Аляксандар Данілкін і Карына Чакур. Падставай для такога рашэньня сталі тлумачальная запіска самога студэнта або дакладная запіска загадчыка катэдры жывапісу Ўладзімера Масьленікава, а таксама пратакол пасяджэньня савету прафіляктыкі і прадухіленьня правапарушэньняў і п’янства ад 26 кастрычніка.

Паводле аднаго з адлічаных студэнтаў, падчас размовы першая прарэктарка ВНУ Сьвятлана Вінакурава казала, што «палітыка за межамі мастацтва». «І, маўляў, калі хочаце, хадзіце ў палітычную ВНУ. Пасьля гэтага яна сказала, што ў мяне вымова, і гэта ўжо другая вымова, — расказаў ён. — Увогуле, хвілін 30 таму я даведаўся пра сваё адлічэньне».

«Наша ніва» зазначае, што пад загадам таксама няма подпісаў начальніка навучальна-мэтадычнага аддзелу Ірыны Савасьцінкевіч і дэкана мастацкага факультэту Ганны Конанавай. Паводле зьвестак выданьня, яны хварэюць.

У найбліжэйшы час з акадэміі, як паведамляе «Наша ніва», будуць адлічаныя і студэнты іншых факультэтаў. Бохан сказала «Медиазоне», што існуе некалькі такіх загадаў, адзін зь якіх яна таксама адмовілася падпісаць.

Навучэнцы менскіх ВНУ выходзяць на маршы ў падтрымку сумленных выбараў і супраць паліцэйскага самавольства. Самым маштабным стала шэсьце 1 верасьня, у ім узялі ўдзел тысячы людзей. Сілавікі адказалі жорсткімі затрыманьнямі. З 26 кастрычніка студэнты ўдзельнічаюць у акцыі на знак салідарнасьці з агульнанацыянальнай забастоўкай, якую абвясьціла экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская.

Аляксандар Лукашэнка 27 кастрычніка заклікаў бацькоў студэнтаў і школьнікаў «прыбраць» дзяцей з вуліцы, «каб потым не было балюча», таму што «з астатнімі будуць разьбірацца па ўсёй строгасьці закону». Ён заявіў, што студэнты, якія бяруць удзел у акцыях, пазбавяцца права быць студэнтамі. «Калі ласка, адпраўце іх, як я казаў, каго ў войска, а каго на вуліцу. Няхай ходзяць па вуліцы. Але яны павінны быць адлічаныя з ВНУ, — сказаў ён. — Тое самае выкладчыкі, іх таксама адзінкі, якія брыдка сябе паводзяць у ВНУ».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG