Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэмія мастацтваў ужо адлічыла 3 студэнтаў на фоне пратэстаў


Карына Чакур
Карына Чакур

Адлічаныя два студэнты 5 курсу і адзін студэнт 3 курсу. Афіцыйная прычына — «неаднаразовыя парушэньні».

Карына Чакур вучылася на 5 курсе. Пра адлічэньне даведалася, калі ранкам ёй пазваніла сяброўка.

«Мне сказалі, што мяне выключаюць на падставе дакладной ад нашага загадчыка катэдры Масьленьнікава, які напісаў, што я прапусьціла адзін дзень 26 кастрычніка. Мне сказалі, што я ёсьць на відэазапісах, нібыта я пратэстую. Я папрасіла запісы паказаць, каб былі доказы, але мне адмовілі, — кажа Карына. — Прычын, канечне, шмат, бо мы і інсталяцыю рабілі — адну летам, другую ў верасьні. Інсталяцыя не меркавалася як пратэставая, але атрымалася, што ўсе яе так успрынялі. І другую інсталяцыю ўсе адразу заўважылі. Праз гэта мы апынуліся „ў першых шэрагах“ (на выключэньне. — РС).»

Карына кажа, што шмат выкладчыкаў Акадэміі іх падтрымлівае. У самім загадзе, які распаўсюджваецца ў сацсетках, няма подпісаў прарэктара па навучальнай працы Бохан і дэкана мастацкага факультэту. «Але, як мне сказалі юрысты, гэта ня мае значэньня, — кажа Карына. — Галоўнае, што рэктар падпісаў».

Сёньня Карына была ў Акадэміі, размаўляла з рэктарам Міхаілам Баразной. «Ён мне сказаў: «Вы можаце адсюль сыходзіць, вы больш не навучаецеся». Я спытала: «На якіх падставах». Адказ: «На юрыдычных». Я спытала: «На якіх юрыдычных?». Адказ: «Я з вамі больш не хачу размаўляць, вы больш не студэнтка».

Карына кажа, што меркавала, што такое можа здарыцца, але ўсё адно сёньня ўсхваляваная. Што будзе рабіць, пакуль ня ведае.

Яшчэ адзін адлічаны студэнт расказаў, што пра выключэньне даведаўся паўгадзіны таму. Але раней яго выклікалі на прафіляктычную размову зь першым прарэктарам Сьвятланай Вінакуравай.

Інсталяцыя Карыны Чакур
Інсталяцыя Карыны Чакур

«У яе кабінэце было 4 чалавекі — яна, юрыст акадэміі і нейкія незнаёмыя мужчына і жанчына, вядома, з адміністрацыі. Я напісаў тлумачальную. Ня ведаю, што там напісаць, і адказаў, як усё і было. Вінакурава пачала гаварыць, што палітыка па-за межамі мастацтва і калі хочаце, ідзіце ў палітычную ВНУ. Пасьля яна сказала, што ў мяне вымова. І гэта мая другая вымова. Дзьве вымовы — гэта адлічэньне. Але першая вымова ў мяне была летам 2019 году, і, па ідэі, яна ўжо павінна быць ануляваная. А за гэты навучальны год у мяне вымоваў няма, ці я чагосьці ня ведаю».

Студэнты БДАМ апошнія месяцы актыўна ўдзельнічаюць у студэнцкіх пратэстах.

Першая прарэктар БДАМ Сьвятлана Вінакурава выступала на праўладным жаночым форуме 18 верасьня. Яе выступ быў прысьвечаны абвінавачаньням у бок Сьвятланы Ціханоўскай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG