Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улада загрузла ў хлусьні і фальшу». Чаму страйкуюць 37 выкладчыкаў БДУІР


Ілюстрацыйнае фота. Страйк студэнтаў БДУІР 25 верасьня
Ілюстрацыйнае фота. Страйк студэнтаў БДУІР 25 верасьня

Ужо 37 выкладчыкаў і супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі далучыліся да страйку.

26 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская заклікала да ўсеагульнага страйку з патрабаваньнем сыходу Аляксандра Лукашэнкі і новых прэзыдэнцкіх выбараў.

Свабода пагутарыла зь некаторымі выкладчыкамі БДУІР.

«Мы хочам, каб нас пачулі»

Старшы выкладчык катэдры праектаваньня інфармацыйна-кампутарных сыстэм Васіль Перавошчыкаў працуе ва ўнівэрсытэце з 2014 году (цяпер па сумяшчальніцтве). 26 кастрычніка разам зь іншымі калегамі ён паведаміў адміністрацыі, што сыходзіць на страйк.

Васіль Перавошчыкаў
Васіль Перавошчыкаў

«Мы хочам, каб нас пачулі і неяк адрэагавалі на сытуацыю ў краіне. Нашы патрабаваньні тыя ж, якія былі агучаныя ва ўльтыматуме: вызваленьне палітвязьняў, новыя, сумленныя выбары, адстаўка Лукашэнкі і спыненьне гвалту», — сказаў Васіль Перавошчыкаў.

Паводле Васіля Перавошчыкава, яшчэ ў жніўні, калі быў падпісаны калектыўны зварот студэнтаў і выпускнікоў БДУІР, было відавочна, што адміністрацыя ўнівэрсытэту ня чуе ні студэнтаў, ні выкладчыкаў. Гэта паказала і апошняя сустрэча рэктара са студэнтамі.

«Стала відавочна, што адміністрацыя ня чуе ці ня хоча чуць тыя запыты і спадзевы, якія ёсьць у студэнтаў і выкладчыкаў. Для мяне сталі непрымальнымі дзеяньні адміністрацыі: гэта і павальны кантроль прысутнасьці студэнтаў, і адсутнасьць выразнай пазыцыі па студэнтах і выкладчыках, якія былі арыштаваныя, гэта і ціск з боку адміністрацыі на калег, якія былі арыштаваныя. Гэта і адсутнасьць пазыцыі ўнівэрсытэту па сытуацыі, калі ў краіне становіцца нормай гвалт і беззаконьне, а яны робяць выгляд, што нічога не адбываецца».

Калі быў абвешчаны ўсеагульны страйк, шэраг выкладчыкаў палічылі, што далучэньне да яго «будзе найбольш эфэктыўным крокам».

«Адміністрацыя паведаміла мне, што яна прыняла інфармацыю, і прадставіла пералік дакумэнтацыі, дзе ўказана, што ёсьць абмежаваньні па праве на страйк у Працоўным кодэксе і што будуць спагнаньні пры адмове выйсьці на працу. Але я ўспрымаю гэта ня больш як пусты гук, бо згодна з Канстытуцыяй у нас не прадугледжана нейкае абмежаваньне права на страйк. Я і мае калегі дзейнічаем на падставе Канстытуцыі і міжнародных дамоўленасьцяў, і праўда на нашым баку».

Паводле Васіля Перавошчыкава, зь некаторымі ягонымі калегамі была размова адміністрацыі на паседжаньні катэдры, і на некаторых чыніўся ціск. Яму самому паведамілі, што знайшлі яму замену і ён можа не прыходзіць.

«Для адміністрацыі гэта ўпершыню, страйку раней не было ў сьценах унівэрсытэту. Таму я думаю, што сёньня яшчэ прымаюцца рашэньні, і, магчыма, да канца тыдня будзе нейкая рэакцыя зь яе боку».

Паводле Васіля Перавошчыкава, студэнты выказалі падтрымку выкладчыкам-страйкоўцам, і ад іх больш салідарнасьці, чым ад некаторых калегаў, якія альбо баяцца выказацца, альбо лічаць, што ў краіне ўсё нармальна. Сёньня павінен зьявіцца відэаролік выкладчыкаў БДУІР, якія падтрымалі страйк.

Васіль Перавошчыкаў кажа, што сям’я яго таксама падтрымала.

«Я даўно ўжо выказваў сумнеў, што ўнівэрсытэт — гэта прэстыжнае месца для працы. Падзеі апошніх месяцаў паказалі, што я аказаўся ня так далёка ад праўды».

«Сумленьне ня дасьць захаваць нэўтралітэт»

Дацэнт БДУІР 43-гадовы Алег Роліч назваў свой удзел у страйку «актам салідарнасьці з актыўнымі і прагрэсіўнымі студэнтамі і пратэстам супраць дзеяньня цяперашняй улады, якая прызнана нелегітымнай абсалютнай большасьцю разьвітых краін».

Алег Роліч
Алег Роліч

«Мая пазыцыя такая ж. Асабліва ў апошнія паўгода стала найбольш відавочным, што ўлада загрузла ў хлусьні і фальшу. Яна, па вялікім рахунку, узурпаваная. Перадвыбарчая кампанія, дый самі выбары гэта пацьвердзілі. Як аказалася, такой пазыцыі трымаюся ня толькі я, але і велізарная частка насельніцтва Беларусі, і ня проста насельніцтва, а больш за тое, народу».

Паводле Алега Роліча, улада, якая выстаўляе супраць народу штыкі і не жадае ісьці на кампраміс, а за ёй і адміністрацыя многіх ВНУ, сярод якіх БДУІР, спрабуе супакоіць, заблякаваць, а часам і здушыць студэнцкі рух.

«Але падобныя дзеяньні адміністрацыі не вырашаюць прававую праблему ў Беларусі. Яны толькі спрабуюць студэнтаў супакоіць і прымусіць прыняць цяперашнюю прававую сытуацыю ў краіне „як ёсьць“. Нягледзячы на тое, што, паводле пазыцыі адміністрацыі ВНУ, адукацыя павінна быць па-за палітыкай, прыйшоў час (а ён ужо некалькі месяцаў таму як прыйшоў) не захоўваць нэўтралітэт. Сумленьне яго проста не дасьць захаваць».

Паводле Алега Роліча, беззаконьне і гвалт на вуліцах гарадоў Беларусі над мірнымі грамадзянамі немагчыма ўспрымаць спакойна і абыякава.

«Сярод ахвяр гвалту аказаліся і нашы студэнты, талковыя студэнты, прагрэсіўныя і патрыятычныя, таленавітая моладзь, можна сказаць, будучыня Беларусі. Ведаючы іх асабіста, я не магу заставацца ўбаку, я зь імі салідарны! Мае патрабаваньні, як і патрабаваньні народу, нязьменныя: спыніць хлусьню і злоўжываньне ўладай, спыніць гвалт і правесьці новыя сумленныя выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».

Першы дзень страйку прайшоў на маршы

У першы дзень страйку 26 кастрычніка Алег Роліч узяў удзел у аб’яднаным маршы студэнтаў і выкладчыкаў БДУІР. Ён кажа, што яго адкрытую пазыцыю студэнты «масава падтрымалі».

«Дзеяньні з боку адміністрацыі пакуль „у рэжыме чаканьня“. Канкрэтных захадаў, у прыватнасьці „рэпрэсіўных“, яшчэ не было».

Алег Роліч кажа, што яго сям’я пакуль ня ведае, што ён далучыўся да страйку.

«У маіх родных і блізкіх пазыцыя, як і ў вялізнага, але ўсё яшчэ пасіўнага пласта насельніцтва, — ціха і спакойна ўспрымаць бягучае становішча».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG