Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні затрымалі былую студэнтку. Яна выйшла з плякатам «У ГрДУ адлічваюць з-пад скальпэля»


Варвара Грынюк

Варвара Грынюк выйшла 29 кастрычніка з плякатам на прыступкі Горадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы «У ГрДУ адлічваюць з-пад скальпэля». Яе затрымалі. У верасьні дзяўчыну выключылі з навучальнай установы, калі яна легла ў шпіталь.

Адзіночны пікет Варвары Грынюк
Адзіночны пікет Варвары Грынюк

Затрымалі на маршы пратэсту

Варвара Грынюк вучылася на 3 курсе факультэту мастацтва і дызайну, на спэцыяльнасьці «Выяўленчае мастацтва і кампутарная графіка». Ёй 21 год.

З 1 верасьня яна далучылася да агульнанацыянальнага страйку.

«Бо я бачыла, што адбываецца на вуліцах, які гвалт. Гэта была мая прынцыповая пазыцыя. Народ мае канкрэтныя патрабаваньні. Я не магу проста так выйсьці на вучобу», — расказала Варвара.

6 верасьня на «Маршы адзінства» ў Горадні каля ўнівэрсаму «Брэст» два амапаўцы выцягнулі яе са счэпкі, затрымалі. На яе склалі пратакол паводле артыкула 23.34 КаАП (удзел у недазволеным мітынгу).

Выключылі, калі легла на апэрацыю

Варвара мае хранічныя фізычныя хваробы. Пасьля затрыманьня ейны стан пагоршыўся. Дзяўчына ня можа сказаць, ці зьвязана гэта наўпрост з затрыманьнем, але кажа, што моцны стрэс мог пагоршыць хваробу. Амаль штодня ў верасьні яна наведвала лекараў. Выявілася, што ёй патрэбная апэрацыя.

14 верасьня яна легла ў шпіталь. У гэты ж дзень яе выключылі з унівэрсытэту за пропуск заняткаў без уважлівых прычын. Ліст з такім паведамленьнем прыйшоў ёй на пошту. Ніхто з кіраўніцтва зь ёй перад гэтым не размаўляў. Дзяўчына была гатовая падаць ва ўнівэрсытэт патрэбныя мэдычныя даведкі.

Варвара паведамляла ў дэканат, што яна праходзіць лячэньне. Яе запэўнівалі, што праблем з адукацыяй празь ейнае лячэньне быць не павінна.

Спрабаваць вярнуцца на вучобу дзяўчына цяпер ня хоча. Кажа, што гэта можа адбыцца, толькі калі ўлада выканае патрабаваньні народу.

Варвару падтрымліваюць бацькі. Дома яна працягвае маляваць. Сваю сытуацыю дзяўчына перажывае стрымана.

«Калі ідзеш на нейкія захады, то трэба быць гатовым да наступстваў. Было б надта саманадзейна нечым займацца і баяцца наступстваў, а потым перажываць, што яны насталі. Гэта ўжо адбылося. Калі я буду сядзець і плакаць, гэта ня зьменіць сытуацыі», — кажа Варвара.

Мусіць выплаціць 16 тысяч рублёў

Раней у студэнткі не было праблемаў з адукацыяй. Цяпер ёй трэба вярнуць унівэрсытэту 16 тысяч 54 рублі за незавершаную адукацыю. Яна пакуль ня ведае, як гэта зрабіць — сума для дзяўчыны непад’ёмная.

Варвара думае, што ёсьць сувязь паміж тым, што яе затрымлівалі, і адлічэньнем.

«Я ніколі не баялася выказваць сваю думку ва ўнівэрсытэце. Студэнты — гэта маладое пакаленьне, на плечы якога потым ляжа ўся краіна. Я думаю, што яны маюць поўнае права выказваць сваё незадавальненьне. Тым больш што рэпрэсіі супраць студэнтаў толькі пагаршаюцца з кожным днём», — кажа яна.

«Зьбірайцеся, праз тры хвіліны тут будзе міліцыя»

Варвара ўдзельнічала ў студэнцкіх акцыях пасьля адлічэньня. З 26 кастрычніка некаторыя студэнты падтрымалі народны ўльтыматум, зьбіраліся перад уваходам у галоўны корпус вучэльні.

«Зьбірайцеся, праз тры хвіліны тут будзе міліцыя», — прыгадвае Варвара словы намесьніка рэктара па выхаваўчай працы ГрДУ Васіля Сянько да студэнтаў 26 кастрычніка.

Па ейных словах, унівэрсытэцкі ідэоляг сам выклікаў міліцыю, тая разагнала моладзь. Да таго ж Сянько здымаў на відэа навучэнцаў, якія зьбіраліся на акцыі ўнутры корпусу. Увогуле ў публічных акцыях удзельнічае няшмат студэнтаў, бо іх запужваюць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG