Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выкладчыкаў звальняюць, студэнтаў адлічваюць. Што адбываецца ў БДУіР падчас страйку


Дэкан факультэта кампутарных сыстэм і сетак БДУІР Марына Лукашэвіч падала заяву аб звальненьні на ўласнае жаданьне.

«Я напісала заяву, гэта маё рашэньне, прынятае мной асабіста», — сказала яна. Камэнтаваць сытуацыю Марына Лукашэвіч адмовілася.

Паводле інфармацыі ў сацсетках, яна адмовілася падпісаць загад на адлічэньне студэнтаў свайго факультэту.

Марына Лукашэвіч — кандыдат тэхнічных навук, скончыла БДУІР па спэцыяльнасьці «Вылічальныя машыны, комплексы, сыстэмы і сеткі», вучылася ў магістратуры і асьпірантуры ВНУ.

ФКСіС — галоўная кузьня праграмістаў у Беларусі.

45 выкладчыкаў страйкуюць, 30 студэнтаў адлічваюць

26 кастрычніка 37 выкладчыкаў БДУІР падтрымалі страйк з патрабаваньнямі сыходу Аляксандра Лукашэнкі і новых прэзыдэнцкіх выбараў, спыненьня гвалту і вызваленьня палітвязьняў. Цяпер колькасьць выкладчыкаў-страйкоўцаў вырасла да 45.

Студэнты і выкладчыкі ўнівэрсытэту масава выйшлі на акцыі салідарнасьці. За ўдзел у іх, паводле неафіцыйнай інфармацыі, рыхтуецца адлічэньне каля 30 студэнтаў унівэрсытэту. Менавіта столькі затрымалі 26 кастрычніка на мірным маршы супраць гвалту, сярод іх багата першакурсьнікаў. Студэнты працягвалі страйк у холе карпусоў унівэрсытэту.

Працягваюцца звальненьні выкладчыкаў БДУІР

29 кастрычніка не працягнулі кантракт з выкладчыцай катэдры гуманітарных дысцыплін Маяй Гаўручынкавай, якая выказала сваю пазыцыю пра сытуацыю ў краіне ў агульным відэазвароце выкладчыкаў БДУІР.

Кантракт сканчаецца 31 кастрычніка. Выкладчыца раней падрыхтавала дакумэнты на новы кантракт, іх падпісала загадчыца катэдры. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, кантракт не працягнуў дэкан. Атрымаць афіцыйны камэнтар не ўдалося.

Васіль Перавошчыкаў, якія разам з 47 выкладчыкамі заявіў пра далучэньне да страйку і таксама ўзяў удзел у відэазвароце, паведаміў Свабодзе, што яго адхілілі ад заняткаў.

«Мяне папярэдзілі пра тое, што за кожны пропуск будзе абвешчана вымова, і як толькі іх набярэцца дзьве, мяне звольняць».

Пра сваё звальненьне з БДУІР таксама паведаміў кандыдат тэхнічных навук, дацэнт катэдры ЭВМ Валеры Прыткоў. «Я звольніўся. Астатняе без камэнтароў», — сказаў ён Свабодзе.

Супраць двух студэнтаў распачалі крымінальныя справы

На затрыманага студэнта 3-га курсу БДУІРу Арцёма Вінакурава, які паспрачаўся з выкладчыкам, заведзена крымінальная справа. Яго падазраюць у зьнявазе выкладчыка і закліках да страйку.

У панядзелак Арцём Вінакураў разам зь іншымі студэнтамі зайшоў у аўдыторыю, дзе праводзіў заняткі дэкан факультэту, і пачаў заклікаць да страйку. Студэнты паспрачаліся з выкладчыкам. На апублікаваным відэа не чуваць абразаў і пагрозаў, але прэс-служба МУС сьцьвярджае, што яны былі.

Паводле Генпракуратуры, на студэнта завялі справу за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Паводле тэлеграм-каналу «Мірны БДУІР», на студэнта Ўладзіслава Леановіча завялі крымінальную справу, ён зьехаў зь Беларусі. Ён быў падазраваным у справе аб масавых беспарадках. 10 кастрычніка да яго прыйшлі супрацоўнікі ДФР, канфіскавалі тэхніку і павезьлі на допыт. Ён быў адміністратарам чатаў у камандзе Nexta.

ІТ-кампаніі заявілі аб падтрымцы выкладчыкаў, якія падпадуць пад рэпрэсіі адміністрацыі ВНУ.

Раней Аляксандар Лукашэнка даручыў адлічаць студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у страйках.

«Хто выйшаў у парушэньне закону на несанкцыянаваную акцыю, ён пазбаўляецца права быць студэнтам. Адпраўце іх, як я і казаў, каго ў войска, а каго на вуліцу — хай ходзяць па вуліцах. Але яны павінны быць адлічаныя з ВНУ», — сказаў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG