Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Было страшна, калі на мяне накіравалі стрэльбу». Што кажуць удзельнікі пратэстаў у Менску


Раніцай Свабода пагутарыла зь некалькімі ўдзельнікамі пратэстаў у Менску ў ноч на 12 жніўня.

Гэтай ноччу было жудасна

Ян, фэльчар зь Менску, 28 гадоў, тры ночы ўдзельнічае ў пратэстах:

«Мінулай ноччу я зноў быў ля гандлёвага цэнтру „Рыга“, тут зноў сабраліся людзі, было каля 500 чалавек, зноў быў жорсткі разгон, але я не пацярпеў. Яны цяпер яшчэ больш жорстка „працуюць“, зьбіваюць, блякуюць і б’юць машыны, выхопліваюць кіроўцаў, калі хтосьці павольна едзе і сыгналіць, матацыклістаў, страляюць халастымі чэргамі з аўтаматаў.

Гэтай ноччу было жудасна, гэта сваволя поўная, як у Расеі ў 1990-х, яны не разумеюць, што робяць. Усё гэта накіравана, каб запалохаць людзей, прымусіць іх сядзець ціха. Мне асабіста таксама было страшна, папраўдзе. Не скажу, што я не баюся. Думаю, што калі я застануся адзін, то, напэўна, ня выйду сёньня. Але калі знойдуцца іншыя ахвотныя пайсьці са мной, то буду выходзіць, хоць гэта страшна. Я яшчэ буду думаць».

«Яны хочуць пасеяць страх»

Аляксандар, 35 гадоў, індывідуальны прадпрымальнік зь Менску, мінулай ноччу быў ля мэтро «Каменная Горка» і ў Серабранцы, дзе былі сутычкі і разгон; не пацярпеў, хоць амапавец страляў у яго гумовымі кулямі.

«Арыштаваных на Каменнай Горцы было шмат, мне ўдалося ўцячы. У Серабранцы, дзе я жыву, таксама былі сутычкі пратэстоўцаў з АМАПам. Яны кідаліся нават на аўтамабілі і даставалі людзей, пасажыраў і кіроўцаў, цягнулі ў аўтазакі, я бачыў тры такія выпадкі. Амапавец страляў без разбору гумовымі кулямі ў людзей за 25 мэтраў; калі я зрабіў яму заўвагу, што ж ты робіш, ён стрэліў і ў мяне. Не пацэліў. Ім не было пагрозы, ніхто на іх не нападаў, яны проста стралялі гумовымі кулямі.

Яны хочуць пасеяць страх, прымусіць людзей сядзець па хатах.

Мне было сапраўды страшна, калі на мяне накіравалі рулю і я не разумеў, ці пацэліць мне ў галаву гэтая гумовая куля.

Мы крычалі АМАПу, што мы народ і мы мірныя, але яны ня слухалі, ужывалі сілу, і ўсё.

Будзе меней і меней людзей выходзіць, думаю. Гэтых у чорнай уніформе рэальна шмат па ўсім горадзе, пратэстоўцаў усё меней, тысячы ўжо затрымалі; адпаведна, вырастае рызыка трапіць пад арышт. Ня хочацца, каб забралі на вуліцы ні за што.

Будуць усе баяцца. Паглядзяць інтэрнэт, зоймуцца сваімі справамі, пратэст сьціхне. Хоць зьяўляюцца і радыкальныя маладыя людзі, а асноўная маса нічога не рабіла, стаяла пляскала ў ладкі. Думаю, усё пойдзе ўніз, сьцішыцца».

Няма арганізатараў

Якаў, 51 год, інжынэр зь Менску, трэцюю ноч удзельнічаў у пратэстах, спаў па тры гадзіны ў суткі, зноў пачаў курыць:

«Я трапіў пад разгон мінулай ноччу каля „Рыгі“, нас там было, можа, тысяча чалавек, нас разагналі, мне ўдалося ўцячы. Хоць гэта нельга назваць разгонам: мы нічога не рабілі, проста зьбіраліся, хадзілі. Фактычна гэта запалохваньне людзей, гэта акцыі застрашваньня, беспрэцэдэнтныя ў Эўропе і ў сьвеце. Хапалі таксама кіроўцаў, матацыклістаў. Ці запалохала гэта мяне? Не. Мінулай ноччу я быў бяз жонкі і адчуваў сябе нашмат вальней. Я далей буду выходзіць, але няма арганізатараў, каардынатараў нашай дзейнасьці. Цяпер зьявіўся інтэрнэт, то, можа, мы здолеем скаардынавацца».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG