Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэхія адмаўляе, што пастаўляла Беларусі сьвятлашумавыя гранаты


Пратэст у Менску ў ноч на 10 жніўня 2020

Сілавыя спэцпадразьдзяленьні Беларусі ўжылі падчас разгону дэманстрантаў сьвятлашумавыя гранаты. Сьведкі сфатаграфавалі гільзы, на якіх відаць год вырабу гранатаў і надпісы па-чэску. Мы зьвярнуліся па камэнтар да чэскага вытворцы.

«Ня ведаю, ці сапраўдныя гэтыя кадры, — напісаў у Твітэры міністар замежных справаў Чэхіі Томаш Пэтршычэк. — Чэская Рэспубліка выконвае эмбарга на пастаўкі такога матэрыялу ў Беларусь. Ужо 10 гадоў. Сваю ролю ў гэтым маглі адыграць альбо перакупнікі, альбо ідзецца пра матэрыялы з ранейшых часоў».

На фатаздымках, зробленых у Менску падчас разгону мірных маніфэстацыяў 9 жніўня, відаць год вырабу сьвятлашумавых гранатаў — 2012. Эмбарга на пастаўку зброі ў Беларусь Эўразьвяз увёў у 2011-м.

Пра тое, што 9 жніўня для разгону мірных дэманстрацыяў былі скарыстаныя выбуховыя прылады чэскай вытворчасьці, піша і брытанскае выданьне The Guardian.

Чэская кампанія Zeveta Ammunition, a. s., якая вырабляе сьвятлашумавыя гранаты, на запыт Радыё Свабода адказала, што ніколі не экспартавала ў Беларусь вайсковыя матэрыялы.

«Мы таксама адмаўляем, што на фота наша прадукцыя. На фота — відавочная чужая налепка на прадукцыі нявызначанага паходжаньня. Таму мы адкідаем дапушчэньні пра паходжаньне рэчы на гэтым фота і пра магчымую датычнасьць да распаўсюджваньня альбо стварэньня гібрыдных пагрозаў і дэзынфармацыі».

Адзін зь беларусаў Чэхіі паслаў у пракуратуру і ў міністэрства прамысловасьці Чэхіі заяву з патрабаваньнем правесьці праверку і ўзбудзіць крымінальную справу, калі будзе выяўлена парушэньне эўрапейскага эмбарга.

Чэская сьвятлашумавая граната P1 мае алюмінавы корпус з плястыкавай гільзай. Вытворца сьвятлашумавых гранатаў Zeveta Ammunition, a. s., так апісвае іх характарыстыкі: «Гэта мадэрнізаваная прадукцыя, якая ўжываецца для імгненнага выкарыстаньня пры апэратыўных дзеяньнях узброеных сілаў. Пасьля таго як рука здымаецца з запальнага прыстасаваньня, вызваляецца вагар, і зубчасты мэханізм прыводзіць у дзеяньне запал. Кнот запалу падпальваецца зь піратэхнічнай затрымкай, якая праз 2,5 сэкунды прыводзіць у дзеяньне выбуховае рэчыва. Яно раскідае мінівыбуховыя элемэнты з гучнасьцю 130–160 дэцыбэлаў». (ZEVETA Bojkovice a. s., 2008).

Яркі пошуг дае магній, а гучнасьць — аміячная салетра.

У 2016 годзе Эўразьвяз зьняў зь Беларусі амаль усе санкцыі, але захаваў эмбарга на пастаўкі зброі, а таксама пакінуў у сіле санкцыі супраць 4 чалавек. Гэтыя санкцыі ад 2004 году дзейнічалі супраць Уладзімера Навумава, Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова і Дзьмітрыя Паўлічэнкі, якіх у Эўропе падазраюць у датычнасьці да зьнікненьня былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, палітыка Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Дзьмітрыя Завадзкага ў 1999–2000 гадах.

Дакумэнт Эўразьвязу аб увядзеньні эмбарга забараняе «продаж, пастаўку, перадачу альбо экспарт у Беларусь зброі і зьвязаных зь ёй матэрыялаў усіх відаў, — уключаючы зброю і боепрыпасы, вайсковы транспарт і тэхніку, ваенізаваную тэхніку і запчасткі да вышэйзгаданага, а таксама абсталяваньне, якое можа выкарыстоўвацца для ўнутраных рэпрэсіяў, — дзяржавамі-чальцамі або з тэрыторыі дзяржаваў-чальцоў або пад сьцягамі гэтых дзяржаваў, незалежна ад таго, ці паходзіць гэтая прадукцыя зь іх тэрыторыі».

У 2017 годзе зь пераліку зброі, на якую распаўсюджваецца эмбарга, былі выключаныя біятлённыя стрэльбы.

Чэская некамэрцыйная праваабарончая арганізацыя NESEHNUTÍ некалькі гадоў таму ў сваёй справаздачы адзначала, што ў 2014 годзе пастаўкі зброі недэмакратычным і дыктатарскім рэжымам адыгралі значную ролю ў росьце чэскага экспарту зброі.

Арганізацыя спасылалася на зьвесткі чэскага статыстычнага ўпраўленьня, паводле якіх у той год у Беларусь было пастаўлена амаль 6,5 тон тавараў у катэгорыі «бомбы, гранаты, тарпэды, міны, ракеты і г.д. не для вайсковых мэтаў», пра што не пісала справаздача Міністэрства прамысловасьці і гандлю. Чэская НДА таксама ўзгадвала тады пра эмбарга і патрабавала адказу: якія менавіта вайсковыя тавары пастаўляе Чэхія ў Беларусь. Адказу ад міністэрства не было.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG