Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Надышоў час пераменаў». Як галасавалі на ўчастку ў школе, дзе вучылася Вераніка Цапкала


Незалежныя назіральнікі падлічваюць яўку на ўчасткак у школе № 31 у Магілёве на вуліцы
Незалежныя назіральнікі падлічваюць яўку на ўчасткак у школе № 31 у Магілёве на вуліцы

Вераніка Цапкала, жонка былога прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Валера Цапкалы, пакінула Беларусь і прагаласавала на выбарчым участку ў Маскве. Свабода паглядзела, як галасавалі на ўчастку ў школе № 31 у Магілёве, дзе раней вучылася адна зь лідэрак аб’яднанага штабу Сьвятланы Ціханоўскай.

Вераніка Шасьцерыкова, вядомая як жонка экс-прэтэндэнта на прэзыдэнцтва Валера Цапкалы, вучылася ў 3-й магілёўскай школе. Туды ж хадзіла і яе сястра Натальля.

Незалежныя назіральнікі падліваюць яўку выбарнікаў на вуліцы
Незалежныя назіральнікі падліваюць яўку выбарнікаў на вуліцы

Папярэджаньне назіральніку, што ставіў «галачкі» на дварэ

Школа № 31, у якой вучыліся некалькі гадоў сёстры Шасьцерыковы, месьціцца ў магілёўскім мікрараёне Юбілейны. У ёй два ўчасткі для галасаваньня № 49 і № 50. На пляцоўцы перад навучальнай установай чацьвёра назіральнікаў, якіх не дапусьцілі выконваць абавязкі ў будынак школы.

Назіральнікі ля школы, у якой вучыліся Шасьцерыковы
Назіральнікі ля школы, у якой вучыліся Шасьцерыковы

«Там усе „свае“ назіральнікі. На адным участку яны з настаўнікаў, а на другім, дзе старшыня зь „Белтэлекаму“, таксама ўсё знаёмыя. Але яны там сядзяць ад званка да званка», — апавядае назіральнік ад Таварыства беларускай мовы Юры Разумнікаў.

Яму ўдалося папрацаваць на ўчастках у першы дзень датэрміновага галасаваньня. Паводле ягоных падлікаў, тады прыйшлі два дзясяткі чалавек. У пратаколах жа было пазначана па 50 чалавек на ўчастак. У другі дзень Юры налічыў, седзячы ўжо звонку, 125 чалавек, а ў пратаколах напісалі 217 і 209.

31-я магілёўская школа ў першыя гадзіны асноўнага дня галасаваньня
31-я магілёўская школа ў першыя гадзіны асноўнага дня галасаваньня

Суразмоўца кажа, што намесьніца старшыні 49-га ўчастку вынесла яму папярэджаньне за тое, што ён ставіў «галачкі» на дварэ.

«Усё спакойна, інцыдэнтаў не было»

У першыя гадзіны асноўнага дня выбараў ахвочых прагаласаваць было нямала. Да школы няспынна ішлі людзі. Ля кабінак часам выстройваліся чэргі. На ўчастках было дзевяць назіральнікаў.

На ўчастках для галасаваньня ў 31-й магілёўскай школе
На ўчастках для галасаваньня ў 31-й магілёўскай школе

Журналісту дазваляюць фатаграфаваць і пагаджаюцца адказаць на яго пытаньні пасьля таго, як перапішуць ягоныя пашпартныя зьвесткі.

«На датэрміновым галасаваньні шмат людзей прыходзілі і сёньня, бачыце, вялікая колькасьць людзей. Інцыдэнтаў не было. Усё ў нас спакойна», — нешматслоўна кажа пра галасаваньне Ўладзімер Ківа, якога прадстаўляюць як намесьніка старшыні ўчастковай камісіі № 50.

Думкі выбарнікаў: ад «у Лукашэнкі на радзіме прыгожа» да «ўсе стаміліся ад яго»

Пазыцыі выбарнікаў, зь якімі ўдалося пагутарыць ля школы, падзяліліся паводле ўзросту.

Першая суразмоўніца, пажылая жанчына, не хавае, што прагаласавала за дзейнага кіраўніка. Паводле кабеты, ён «нават у няпросты час арганізаваў лякарні, канцэрты, доступ да ўсяго, павагу да людзей».

На ўчастку для галасаваньня ў 31-й школе
На ўчастку для галасаваньня ў 31-й школе

«Усе кажуць, што толькі пэнсіянэры за яго галасуюць, а гэта няпраўда, — настойвае яна. — Куды б ён ні прыяжджаў, зьбіраецца дужа вялікая аўдыторыя. На радзіме ў яго прыгожа заўжды...»

Наступны суразмоўца кажа, што прагаласаваў не за «Аляксандра Рыгоравіча».

«Мы павінны рухацца наперад, досыць нам цяперашняй стабільнасьці, — лічыць мужчына. — Усе стаміліся ад яго. Зьменнасьць улады павінна быць. Чалавек можа шмат зрабіць для краіны, але не адзін ён. Беларусы працавітыя людзі, яны сваімі рукамі стварылі свой дабрабыт і заслугоўваюць большага».

Ля магілёўскай школы № 9
Ля магілёўскай школы № 9

Маладая пара прагаласавала «за альтэрнатыву», бо «дзейная ўлада свае магчымасьці за прамінулыя 26 гадоў вычарпала».

«Надышоў час пераменаў, новага курсу і далейшага разьвіцьця нашай дзяржавы», — падсумоўваюць маладыя людзі.

Розьніца ў падліках назіральнікаў і камісіі — 1349 чалавек

Непадалёк ад 31-й школы — 9-я. У жніўні 2019 году бацькі настаялі, каб у ёй набралі 10-ю клясу. Ля ўваходу ў навучальную ўстанову трое назіральнікаў, якім таксама не знайшлося месца на ўчастках.

Незалежныя назіральнікі ля 9-й школы. На пярэднім пляне Ўладзімер Прыбіткоўскі
Незалежныя назіральнікі ля 9-й школы. На пярэднім пляне Ўладзімер Прыбіткоўскі

Назіральнік ад кампаніі «Права выбару» Ўладзімер Прыбіткоўскі кажа, што, паводле іхных падлікаў, у школу галасаваць прыходзяць «прыкладна да 100 чалавек за гадзіну»

Ён адзначае, што пра такую ж актыўнасьць паведамлялі і ўчастковыя камісіі ў дні датэрміновага галасаваньня, але гэтыя лічбы завышаныя. Паводле падлікаў назіральнікаў, за ўвесь пэрыяд датэрміновага галасаваньня на ўчастку прыйшлі 417 чалавек. А камісіі ж паведамілі пра 1766.

«Назіральнікаў пусьцім на ўчасткі, калі вызваліцца месца»

У школе два ўчасткі — №№ 45 і 46. Людзей таксама багата, ля кабінак для галасаваньня чэргі. У журналіста доўга спраўджваюць дакумэнты і раяцца з кімсьці, ці пускаць яго на ўчастак. Урэшце дырэктар школы і старшыня 45-й участковай камісіі Аляксандар Сёмачкін дае дазвол журналісту фатаграфаваць, як галасуюць людзі, і пагаджаецца адказаць на пытаньні.

«Дужа актыўна галасуюць, — кажа ён. — На датэрміновым галасаваньні прагаласавалі 1013 чалавек, і сёньня чарга стаіць. Людзі дужа актыўныя...»

На ўчастку для галасаваньня ў 9-й магілёўскай школе
На ўчастку для галасаваньня ў 9-й магілёўскай школе

Што да назіральнікаў, якія на вуліцы, то старшыня камісіі тлумачыць: «Згодна з рэкамэндацыямі ў нас знаходзяцца 5 назіральнікаў. Больш мы ня маем права дапускаць, як зьявяцца месцы, мы іх запросім і яны зоймуць месцы выбылых». Назіральнікі на ўчастку не пагадзіліся, каб іх фатаграфавалі. Думкі выбарнікаў наконт зьмены прэзыдэнта падзяліліся аналягічна, як і ля 31-й школы. Пажылыя людзі за дзейнага кіраўніка дзяржавы, а тыя, каму да 55 гадоў, — выбіраюць альтэрнатыву.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG