Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я адзіная, хто здольны давесьці дзейнага кіраўніка краіны ў другі тур». Канапацкая прагаласавала на выбарах


Ганна Канапацкая, архіўнае фота
Ганна Канапацкая, архіўнае фота

Кандыдатка ў прэзыдэнты Ганна Канапацкая 9 жніўня прыйшла на выбарчы ўчастак № 43 у менскай гімназіі № 36 галасаваць разам з сынам. У сьпісах убачыла сваю дачку, але яна ня мусіла ў іх быць, бо ў яе адмацаваньне — яна цяпер за мяжой.

Ганна Канапацкая назвала сябе адзіным апазыцыйным праэўрапейскім палітыкам у сёлетняй кампаніі і лічыць, што яна «адзіная, хто здольны давесьці дзейнага кіраўніка ўлады ў другі тур».

«Сёньня ўлада не баіцца вулічных пратэстаў, яна баіцца эканамічных рэформаў»

На думку кандыдаткі, сёньня ўлада не баіцца вулічных пратэстаў, яна да іх гатовая і ўвесь яе адміністрацыйны апарат настроены на тое, каб душыць пратэст.

«Самае галоўнае, чаго сёньня баіцца дзейная ўлада — гэта эканамічныя рэформы, бо якраз эканамічныя рэформы дазволяць узрасьціць сапраўдную грамадзянскую супольнасьць, самасьвядомасьць беларусаў, якім патрэбен будзе і незалежны суд, і свабода слова, прэсы і веравызнаньня.

Таму мая асноўная мэта — гэта эўрапейскі, дэмакратычны шлях разьвіцьця Беларусі. Для нас усіх адзінай каштоўнасьцю павінны быць незалежнасьць і сувэрэнітэт краіны», — сказала Канапацкая, адказваючы на пытаньні журналістаў.

Пра затрыманьні грамадзян падчас выбарчай кампаніі

Кандыдатка заявіла, што ўлада сваімі дзеяньнямі і затрыманьнямі мірных грамадзян на вуліцах паказвае, што няма роўных умоваў агітацыйнай і выбарчай кампаніі.

«Відаць, што ўлада настроена, каб увесь свой рэпрэсіўны, адміністрацыйны апарат накіраваць на задушэньне пратэстаў. Я сама супраць таго, каб рэвалюцыйна мянялася сытуацыя ў краіне. Я за мірны дэмакратычны эвалюцыйны шлях зьмены ўлады. Але гэта не азначае, што ва ўлады ёсьць права прымяняць сілу супраць мірных грамадзян», — сказала Канапацкая.

Яна сказала, што падчас перадвыбарнай кампаніі сябры яе каманды «адчулі ўвесь цяжар рэпрэсіўнага апарату ў беларускай дзяржаве».

«Вельмі моцна гуляе Расейская Фэдэрацыя»

Паводле Канапацкай, гэтая выбарчая кампанія дзіўная тым, што «вельмі моцна гуляе Расейская Фэдэрацыя, калякрамлёўскія алігархічныя структуры».

«Спачатку пачаў гэта „Газпром“, а цяпер я бачу, як пад узьдзеяньнем расейскіх цітушак адбываецца спроба зрынаньня дзяржаўнай улады і страты сувэрэнітэту Беларусьсю. Я вельмі спадзяюся і веру ў тое, што беларуская грамадзянская супольнасьць зможа гэтаму супрацьстаяць.

Ніхто ніколі ня бачыў, каб 4 з 5 кандыдатаў былі настолькі залежныя ад Расейскай Фэдэрацыі. Я і сёньня адзіны кандыдат, які ніяк сябе не запляміў адносінамі з Расеяй. Я, наадварот, выступаю за дэнансацыю саюзнай дамовы, за выхад Беларусі з АДКБ і за вывад расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG