Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З цэнтру Менску забіраюць пракатныя ровары. На плошчы Незалежнасьці 9 жніўня «магчымы разьліў фэкалій»


На плошчы Незалежнасьці, архіўнае фота

У цэнтры Менску з 8 па 10 жніўня ня будуць працаваць сэрвісы шэрынгу самакатаў і ровараў. Гэтую інфармацыю Tut.by пацьвердзілі прадстаўнікі «Колобайк» і «Элевэн».

«Могуць быць перабоі з сувязьзю, а значыць, мы ня можам гарантаваць, што паездкі будуць якаснымі і бясьпечнымі», — сказалі ў кампаніі «Элевен».

Іхныя самакаты ня будуць працаваць у межах «другога кола» Менску і ў некаторых пунктах накшталт тэрыторый ля «Чыжоўка-Арэны». Калі карыстальнік самаката будзе выяжджаць за межы дазволенай зоны, паездка аўтаматычна спыніцца. У кампаніі плянавалі сабраць самакаты ў цэнтры гораду ў ноч на 8 жніўня.

Дырэктар «Колобайк» Вадзім Осіпчык расказаў, што з 8-га па 10-га жніўня сэрвіс будзе працаваць абмежавана ці ня будзе працаваць наогул. Аб падрабязнасьцях карыстальнікаў мабільнай праграмы праінфармуюць.

Карыстальнікі жоўтых пракатных ровараў ужо ўчора заўважылі праблемы: сэрвіс быў недасяжны ўвечары 7 жніўня, нягледзячы на тое, што самі ровары былі на месцы. Осіпчык патлумачыў гэтую сытуацыю тэхнічнымі праблемамі і паабяцаў , што кампанія зьбярэ ровары ў цэнтры гораду вечарам 7 жніўня.

Гандлёвы цэнтар «Сталіца», які знаходзіцца проста пад плошчай Незалежнасьці, у дзень выбараў будзе працаваць няпоўны дзень.

Аб адмысловым графіку працы 9 жніўня папярэджвае Галоўнае ўпраўленьне спажывецкага рынку Менгарвыканкаму. У дзень выбараў гандлёвы цэнтар «Сталіца» будзе зачынены з 17.00 да 22.00.

Гэта зьвязана «з засьмечваньнем напорнай каналізацыі блёка №3 гандлёвага цэнтру „Сталіца“ і неабходнасьцю выкананьня падрыхтоўчых і рамонтных работ для яе рэстаўрацыі».

Падчас работаў «магчымы разьліў фэкалій і прысутнасьць непрыемнага паху».

«Усё так, сёньня разаслалі лісты, што будуць камунальныя работы праводзіць 9 жніўня, працуем да пяці», — пацьвердзілі Tut.by арандатары ў гандлёвым цэнтры.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG