Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыйшлі 2 сястры Грузьдзевы, прагаласавала 1. Хто яшчэ прыйшоў і што не сышлося на датэрміновым галасаваньні ў Ржаўцы


У менскім мікрараёне Ржавец на ўчастку № 2 ў 32-й сярэдняй школе 7 жніўня прагаласаваў кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергеенка. «Вельмі хваліў, як у нас усё арганізавана», — расказаў сябра ўчастковай камісіі.

Прагаласаваць датэрмінова вырашылі і сёстры Грузьдзевы. Сьпявачкі праславіліся ў гэтую выбарчую кампанію актыўнай падтрымкай існай улады. На ўчастку яны з кімсьці спрачаліся, перамаўляліся і не сьпяшаліся галасаваць. «Ну, вось мы такія, эмацыйныя, а выбары — гэта ж сьвята».

У выніку прагаласавала толькі адна зь сясьцёр, бо аказалася, што другая жыве на іншым участку.

«А прагаласавала за стабільнасьць, дабрабыт, чыстае паветра, чыстую ваду», — пералічыла старэйшая з Грузьдзевых. У нядзелю ў іх канцэрт.

Участак № 2
Участак № 2

Іншыя выбарнікі таксама галасавалі датэрмінова, бо ў нядзелю працуюць або зьяжджаюць зь Менску.

  • Выбарніца Марына «галасавала за стабільнасьць».
  • Мужчына за 30 гадоў галасаваў за дзейную ўладу, бо яна не перашкаджае навучаць дзяцей дома. Вывучаючы партрэты кандыдатаў, ён зьвярнуўся да аднаго зь іх: «Як там, верым, можам ...з намі божа! Аляксандар Рыгоравіч, трымайся!»
  • Сямейная пара галасавала за свабоду слова і перамены.
  • 18-гадовая дзяўчына «галасавала за свабоду». Яе маці прызналася: «Я за Ціханоўскую. Ну зрабіце гэтак, каб выбары былі сумленныя!»
  • «За свабоду» галасаваў і мужчына сярэдніх гадоў.
  • Маладая жанчына аддала голас «За незалежную і квітнеючую Беларусь».
  • Наступнага мужчыну «збольшага ўсё задавальняе».
  • Маладая жанчына галасавала «за дзейнага прэзыдэнта».
  • Жанчына ў веку каля 30 «галасавала за будучыню і за добрае жыцьцё».
  • Маладзейшая выбарніца аддала голас «за свабодную Беларусь, за павагу да любой улады», а яе маці — «за незалежную Беларусь».

За гадзіну, пакуль карэспандэнт быў на ўчастку, прагаласавалі 18 чалавек.

Участак № 3
Участак № 3

«Лічбы разыходзяцца амаль удвая»

Назіральнікі ініцыятывы «Сумленныя выбары» Максім і Паліна налічылі амаль удвая менш выбарнікаў, якія прагаласавалі датэрмінова, чым камісіі. Назіраць на ўчасткі іх не пускаюць.

«Рубеж назіраньня ўвесь час адціскаецца. Пачыналі з калідора, потым нас выціснулі ў фае, цяпер мы на вуліцы», — расказала Паліна.

Назіральніку ад «Честных людей» Максіму дазволілі сфатаграфаваць скрыню пасьля апячатваньня
Назіральніку ад «Честных людей» Максіму дазволілі сфатаграфаваць скрыню пасьля апячатваньня

Максім апавёў, што 4 жніўня на ўчастку № 3 яны налічылі 76 выбарцаў, камісія — 139.

5 жніўня назіральнікі маглі бачыць толькі ўваход і таму лічылі людзей на двух участках разам. У іх атрымалася 175 выбарцаў, а ў камісіях — 333.

6 жніўня назіральнікі налічылі 159 выбарнікаў, а камісіі 297.

7 жніўня — 192 (назіральнікі) і 397 (камісіі).

Вера, адна з 12 незалежных назіральнікаў, што дзяжураць каля 32-й школы, расказала, што некаторыя сябры камісій у прыватных размовах прызнаюцца, што парушаюць закон, але лічаць, што «так трэба».

32-я сярэдняя школа
32-я сярэдняя школа

Спробы паразмаўляць з назіральнікамі на ўчастках, аказаліся марнымі. На 2-м участку «дазволеная» назіральніца толькі пасьпела сказаць, што лічыць выбарцаў, як размову абарвала старшыня камісіі Зінаіда Міхайлава: «Не перашкаджайце!»

9 жніўня ў школе чакаюць з канцэртам сьпевака Аляксандра Саладуху.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG